Спасение утопающих - работа островецких спасателей

15:55 / 05.06.2012
1
У Таварыства выратавання на вадзе вельмі багатая гісторыя – сёлета яно адзначае сваё 140-годдзе. Узнікла гэтая грамадская арганізацыя ў 1872 годзе і першапачаткова насіла назву “Таварыства падавання дапамогі пры караблекрушэннях”, але ўжо ў 1880 годзе было перайменавана ў ТВВАД.

У абласное аддзяленне ТВВАД аб’ядналіся 19 раённых арганізацый – 53371 чалавек.

Астравецкая раённая арганізацыя складаецца з 52 пярвічных арганізацый і 12-ці калектыўных членаў ТВВАД. Самымі актыўнымі з’яўляюцца ўсе навучальныя ўстановы раёна, а таксама Астравецкі лясгас, прадпрыемства меліярацыйных сетак, ДРБУ-159, СВК “Варняны”, “Гудагай”, “Міхалішкі”, МПМК-158 і інш. Усе яны аказваюць таварыству практычную дапамогу і ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах па ахове жыцця на вадзе, якія рэгулярна праводзяцца ў раёне.

Асноўная задача ТВВАД – выратаванне людзей, якія трапляюць у небяспечную сітуацыю на вадзе. Самае важнае значэнне надаецца тут і прафілактыцы ўзнікнення падобных сітуацый. Тамара Міхайлаўна Рынкевіч, старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе, і яе памочнікі выступаюць з тлумачальнымі лекцыямі ў школах і на прадпрыемствах, дэманструюць спецыяльныя відэаролікі аб правілах паводзін на вадзе, знаёмяць з азамі аказання першай даўрачэбнай дапамогі пацярпеўшым, развешваюць плакаты і размяшчаюць аншлагі.

Асабліва актывізавалася работа таварыства, калі ў 2003 годзе на базе Янаўскага вадасховішча была створана міжраённая выратавальная станцыя, якую сёння ўзначальвае Сяргей Віктаравіч Невяроўскі.

КРУГОМ – ВАДА


На вадзе пануюць матарысты, а пад вадой – вадалазы. Эліта водных выратавальнікаў, вядома, вадалазы. Ужо хоць бы таму, што да кандыдата ў падводнікі асаблівыя патрабаванні – як да фізічнага, так і да маральна- псіхалагічнага здароўя. Таму што спецыфіка работы патрабуе загартаванай нервовай сістэмы.







–Паслугі вадалаза часцей за ўсё патрабуюцца, так бы мовіць, постфактум – калі няшчасце ўжо здарылася, – расказвае Іван Іванавіч Равака, які на Астравецкай выратавальнай станцыі працуе з 2004 года. – Мы займаемся пошукамі цела тапельца. А гэта, трэба сказаць, няпростая справа, таму што бачнасць у нашых вадаёмах заканчваецца на глыбіні каля чатырох метраў. Раней празрыстай вадой адрознівалася возера Ёдзі, цяпер намаганнямі дачнікаў і адпачываючых значна памутнела і яно. Так што вадалазу даводзіцца працаваць навобмацак.

“Навобмацак”, як аказалася, зусім не метафара – вадалаз сапраўды вымушаны мацаць кожны цёмны прадмет, на які натыкаецца ў вадзе.


–Часцей за ўсё трапляюцца бервяно або рэшткі старой лодкі, – працягвае Іван Іванавіч. – Часам пошукі расцягваюцца на некалькі дзён. Асабліва, калі выпадак здарыўся на такой складанай рацэ, як Вілія. Ва ўмовах дрэннай бачнасці вадалазу цяжка арыентавацца пад вадой – ён можа збіцца са шляху, хадзіць па кругу, таму накірунак руху падводніка задаецца з берага. Гэта робіцца з дапамогай фала – спецыяльнага троса, адзін канец якога прымацоўваецца  да скафандра вадалаза, а другі трымае часцей за ўсё матарыст станцыі. І знаходзіць цела не той, хто непасрэдна працуе пад вадой, а той, хто дапамагае  вадалазу з берага.


На рахунку Івана Іванавіча – 600 гадзін падводнага часу і шэсць сумных знаходак.


Выратавальнікам даводзіцца працаваць на вадаёмах не толькі Астравеччыны – на рэчках і азёрах Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў таксама, таму што станцыя абслугоўвае тры раёны.


–На азёрах працаваць прасцей, – лічыць Іван Равака. – Таму што водная прастора там абмежавана. А вось на рэках… Моцнае цячэнне Віліі хутка адносіць тапельца ад месца здарэння на многія кіламетры. Гэтая рэчка наогул непрадказальная – яна можа намываць глыбокія ямы амаль ля самаго берага. Чалавеку дастаткова аступіцца, каб праваліцца ў такую яміну з галавой, а далей спрацоўвае перапалох – чалавек губляецца ў нестандартнай сітуацыі і траціць сілы на панічнае цялёпканне на адным месцы. У Віліі, як і ў іншых рэках з хуткім цячэннем, я б параіў  купацца толькі ўмелым плыўцам, і то без празмернай рызыкі.


Хаця статыстыка сумных здарэнняў на вадаёмах паказвае, што асноўнай прычынай гібелі людзей з’яўляецца зусім іншая вадкасць, імя якой – “зладзейка з наклейкай”. П’янаму, як вядома, мора – па калена, а возера і наогул – лужына. Пад уздзеяннем прынятых “градусаў” людзі пачынаюць высвятляць, хто з іх лепшы плывец або нырэц – а заканчваюцца падобныя спаборніцтвы нярэдка трагедыяй.


–Прычым часцей за ўсё кампанія, разам з якой да трагічнага выпадку чалавек весяліўся, нават не можа паказаць месца яго гібелі, – сумна  канстатуе Іван Іванавіч. – Ад такіх сведкаў, як правіла, больш марокі, чым дапамогі.


Канешне, выратавальнікі не сядзяць, склаўшы рукі, у чаканні, калі іх паклічуць на пошукі тапельца. Прапаганда правіл паводзін на вадзе – таксама іх работа. Летам, калі берагі Янаўскага вадасховішча спакушаюць блізкасцю прахалоды, сюды сцякаюцца сотні адпачываючых. На жаль, многія з іх прыносяць з сабой моцныя напіткі. Такія кампаніі выратавальнікі трымаюць “на воку”. Часам падыходзяць да іх, каб правесці прафілактычную размову. Адны прыслухоўваюцца да парадаў, другія наадварот: кідаюцца ў браваду. Быў выпадак, калі аднаго і таго ж п’янага чалавека на працягу трох гадзін выратавальнікі выцягвалі з вады восем разоў запар: кульне пару чарак – і ў вадаём. Маўляў, куды вы дзенецеся – выратуеце.







Спецыяльна для ўтаймавання падобных аматараў купання ў “падагрэтым” стане ў летні перыяд на Янаўскім вадасховішчы дзяжурыць нарад міліцыі – выгляд міліцэйскай формы на многіх з іх аказвае працверажаючае ўздзеянне.

Работнікі станцыі не толькі ратуюць тонучых і папярэджваюць няшчасныя выпадкі, але яшчэ і дапамагаюць цікава адпачыць – кожны жадаючы можа ўзяць у выратавальнікаў напракат катамаран. Ёсць у хлопцаў два катэры і лодка, але гэта службовы транспарт, які, каб своечасова паспець да месца здарэння, заўсёды павінен быць у поўнай баявой гатоўнасці – нярэдка адлік чалавечага жыцця ідзе на секунды. І якое гэта шчасце – выратаваць, падарыць жыццё таму, хто ўжо паспеў развітацца з белым светам.


Што ні кажыце, а выратавальнікі – людзі асаблівай пароды. Аскетычныя звонку, сентыментальныя – у душы...


“ТО БЕРАГ ЛЕВЫ ТРЭБА ІМ, ТО БЕРАГ ПРАВЫ…”


Матарыст – ад слова “матор”. Гэта значыць, што чалавек, які працуе матарыстам, адказвае за ўсю наяўную на станцыі тэхніку.







–Асноўны абавязак матарыста, – гаворыць Славамір Пятровіч Якштовіч, – даставіць вадалаза да месца здарэння. Але не транспарціроўкай адзінай… Мы таксама займаемся выратаваннем людзей, якія патрапілі ў праблемную сітуацыю. Мне, да прыкладу, давялося выратаваць чалавека, што праваліўся пад лёд.

Сітуацыя была з нестандартных: пасхальныя святы, вясна, тонкі лёд.


–Недзе каля 12-ці гадзін пачуліся крыкі аб дапамозе, – расказвае выратавальнік. – Я кінуўся да месца здарэння. Аказалася, на беразе кампанія “адзначала” свята. Пасля моцнага “ўлівання” было вырашана праверыць трываласць лёду. Хлопцаў не спыніла ні наступіўшая цемра, ні паласа вады, якая аддзяляла лёд ад берага. Спачатку пайшоў адзін і праваліўся. Другі кінуўся яго ратаваць – выцягнуў, а сам трапіў у ледзяную палонку. У нас ёсць спецыяльны трос з паплаўком, так званы “канец Аляксандрава”, які мы кідаем тым, хто праваліўся пад лёд. Я кінуў гора-герою трос і сам папоўз па лёдзе да яго. Удалося выратаваць. Падзяка? Пасля таго, як першы страх прайшоў, нядаўні тапелец буркнуў: “Ваша работа… Абавязаны…” Сэнс і сапраўды не ў падзяцы – галоўнае, што чалавек застаўся ў жывых. Хаця…


У свой час Славамір Пятровіч закончыў школу прапаршчыкаў, працаваў начальнікам паста пажарнай службы МУС у Страчы. А калі ў 2007 годзе па сямейных абставінах ён вымушаны быў перабрацца ў Астравец, уладкаваўся на выратавальную станцыю матарыстам.


–І нібы трапіў у дружную сям’ю, – прызнаецца матарыст. – На станцыі пануе нават не дысцыпліна – хутчэй гэта разуменне сітуацыі. Кожны з нас ведае свае абавязкі і прафесійна выконвае іх. Круглы год мы нясём вахту – па дзве гадзіны кожны. Назіраем за вадасховішчам, за тым, як паводзяць сябе людзі. І дастаткова прагучаць трывожнаму сігналу, як літаральна за секунды выратавальная каманда выходзіць на адкрытую ваду. Трэніроўкі? Канешне. А яшчэ – асаблівае стаўленне да сваіх абавязкаў. Таму што ў справе выратавання жыцця людзей не бывае дробязей.


“НА НЯДЗЕЛЬКУ, ДА ДРУГОГА Я ПАЕДУ НА ЯНОВА…”


На Янаўскім вадасховішчы круглы год людна – рыбакі атакуюць яго глыбіні і з берагоў, і з лодак. Але асабліва звонкімі ад галасоў соцень адпачываючых становяцца воды Лошы ў спякотнае надвор’е. Цікава, што маляўнічыя мясціны Янаўскага аблюбавалі не толькі астраўчане – жыхары Ашмяншчыны і Смаргоншчыны ў апошнія гады сталі пастаяннымі наведвальнікамі нашых пляжаў. “Такой прыгажосці, а галоўнае – такога парадку і чысціні на нашых вадаёмах няма”, – гавораць яны.







Да прыёму адпачываючых выратавальнікі пачынаюць рыхтавацца загадзя: рамантуюць і афарбоўваюць катамараны, прыбіраюць тэрыторыю, развешваюць тэматычныя плакаты, выстаўляюць папераджальныя буйкі, “адбіваюць” дзіцячую купальню...

1 мая – традыцыйны дзень прыёмкі падрыхтаванасці зоны адпачынку. Для  абследавання зробленага і выстаўлення адзнакі выратавальнікам прыязджае спецыяльная камісія з абласнога ТВВАДа. Сёлета, як і ва ўсе папярэднія гады, нашы хлопцы за падрыхтоўку атрымалі “пяцёрку”.


Давайце ж падтрымаем парадак, які навялі выратавальнікі і работнікі камунгаса на берагах Янаўскага вадасховішча. Няхай кожны з нас зробіць тое, што ад яго залежыць: аўтапарк наладзіць рэгулярныя рэйсы па дастаўцы людзей з Астраўца і назад; гандаль раскіне каля пляжаў свае латкі з марожаным і напоямі. А мы, тыя ад каго непасрэдна залежыць чысціня і парадак, будзем выкідваць смецце толькі ў спецыяльна для гэтага прызначаныя кантэйнеры. Перастанем ламаць лаўкі, кабінкі, сталы. Адмовімся ад ужывання спіртнога ля вады. І наогул не будзем выпрабоўваць на ўдачлівасць свой лёс – няхай лепш нашы выратавальнікі стамляюцца ад незапатрабаванасці. А мы навучымся адпачываць весела і бяспечна!



Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.