В районной организации "Белая Русь" сменился лидер

15:48 / 25.05.2012
6990

Напрыканцы тыдня ў Астраўцы прайшла ІІ справаздачна-выбарная канферэнцыя Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Сёння ў раёне створана 40 пярвічных арганізацый, у якія ўваходзіць 585 чалавек. Удзел у справаздачнай канферэнцыі прынялі 46 дэлегатаў з гэтых арганізацый.


Пачалася канферэнцыя са справаздачы старшыні Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” В.І. Дземеш.


За пяць з паловай гадоў члены “Белай Русі” актыўна ўдзельнічалі ў чатырох выбарчых кампаніях. Многія ўваходзілі ў склад выбарчых камісій, узначальвалі іх, былі наглядальнікамі, даверанымі асобамі кандыдатаў у дэпутаты, уваходзілі ў склад ініцыятыўных груп, выбіраліся дэпутатамі раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў.


Раённая арганізацыя стала  актыўным удзельнікам інфармацыйна-адукацыйных, патрыятычных, прапагандысцкіх, культурна-забаўляльных мерапрыемстываў, дабрачынных акцый, аказвала неабходную  падтрымку пярвічным арганізацыям.


На працягу пяці гадоў “Белая Русь” з’яўляецца  актыўным удзельнікам дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” – арганізоўвае салодкія сталы для дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай, віншуе хворых  дзетак, якія падчас святаў знаходзяцца  на лячэнні ў раённай бальніцы.


Аказвае дапамогу раённая арганізацыя адораным школьнікам – штогод за кошт арганізацыі для іх набываліся пуцёўкі ў спецыяльныя навуковыя летнікі. Пуцёўкі за кошт гэтай грамадскай арганізацыі таксама набываліся для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.


Апошнія гады “Белая Русь” актыўна падтрымлівае развіццё інтэлектуальнага руху ў раёне – яна пастаянны спонсар правядзення турніру і раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях.


Святкаванне дзяржаўных святаў Дня Незалежнасці, Дня Перамогі,  Дня Маці і іншых не абыходзіцца без удзелу ў іх старшыні і членаў раённай арганізацыі “Белая Русь”.


Раённая арганізацыя стала адной з заснавальнікаў розных мерапрыемстваў патрыятычнай, адукацыйнай, культурнай накіраванасці – гэта канферэнцыя “Крок у навуку” на базе гімназіі №1, раённыя конкурсы “Галасы гісторыі”, “Міс восень”, “Дзве зоркі”, “Адна зямля”, акцыі “Мы за Беларусь”, “Падары кнігу бібліятэцы”, выстава да 65-годдзя мастака С. Казлоўскага, удзел у выданні кнігі твораў Казіміра Сваяка.


Віншаванне хлебаробаў, пасадка лесу, удзел у рэспубліканскіх суботніках, добраўпарадкаванне  помнікаў воінскіх пахаванняў, арганізацыя экскурсіі для актыву грамадскіх арганізацый раёна і моладзі ў Інфармацыйны цэнтр Ленінградскай АЭС у Санкт-Пецярбург – усё гэта добрыя справы “Белай Русі”.


“Белая Русь” існуе за кошт узносаў яе членаў, якія ідуць на добрыя справы.  На правядзенне акцый і мерапрыемстваў за справаздачны перыяд зрасходавана больш васьмідзесяці мільёнаў рублёў, больш за 36 мільёнаў пералічана ў абласную і рэспубліканскую структуры.


Валянціна Іванаўна Дземеш таксама пералічыла задачы, якія стаяць перад арганізацыяй: умацаванне радоў і пашырэнне сеткі пярвічных арганізацый, удасканаленне ўнутрыарганізацыйнай работы, праяўленне ініцыятывы ў рашэнні сацыяльназначымых праектаў і праграм, удзел у выбарчай кампаніі 2012 года і іншыя.


А.А. Мароз, старшыня кантрольна-рэвізійнай камісіі, начальнік інспекцыі па падатках і зборах, расказаў пра фінансава-гаспадарчую дзейнасць раённай арганізацыі.


Ацэнку работы пярвічных арганізацый і савета раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” далі намеснік старшыні пярвічнай арганізацыі аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, старшыні пярвічных арганізацыі СВК “Варняны” Ю.А. Адула, ВУ “Астравецрайгаз” А.М. Замара, рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” Н.А. Рыбік.


Граматамі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”  былі ўзнагароджаны пярвічныя арганізацыі аддзела адукацыі, СВК “Варняны”, ВУ “Астравецрайгаз”. Усе пярвічныя арганізацыі, члены кантрольна-рэвізійнай камісіі, члены савета раённай арганізацыі атрымалі памятныя падарункі.


Напрыканцы канферэнцыі  былі праведзены выбары новага савета раённай арганізацыі, членаў кантрольна-рэвізійнай камісіі, дэлегатаў на абласную справаздачна-выбарную  канферэнцыю.


Ацэнку работы раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” даў намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла. Ён яшчэ раз нагадаў, што нававыбранаму савету трэба працаваць над павелічэннем колькасці пярвічных арганізацый і іх членаў, і пажадаў плённай працы.


Пасля канферэнцыі прайшло арганізацыйнае пасяджэнне новага складу савета раённай арганізацыі,  падчас якога былі выбраны старшыня раённай арганізацыі, прэзідыум, намеснік старшыні і сакратар.


Новым старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” абрана дырэктар Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Н.У. Сянюць, яе намеснікам стаў намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі, сакратаром – сацыяльны педагог цэнтра творчасці дзяцей і моладзі С.К. Куцько. У склад прэзідыума раённай арганізацыі ўвайшлі Н.У. Сянюць, А.У. Янчэўскі, У.С. Ластоўскі, В.І. Дземеш, С.К. Куцько, М.Н. Ігнатовіч, Н.А. Рыбік, у  кантрольна-рэвізійную камісію – А.Г. Пілецкая, А.В. Зорка і С.С. Ластоўская.


Засталося толькі пажадаць новаму старшыні і савету раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” плёну і паспяховай работы.



Алена ЯРАШЭВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений