Выратавальнік з Астраўца Яўген Пярэська захапляецца фотаздымкай

14:00 / 02.12.2021
1392
Ураджэнца Карэлічаў, а зараз астраўчаніна Яўгена Пярэську завочна ведаюць многія жыхары нашага раёна – па цудоў­ных, атмасферных здымках і відэа, якія з’яўляюцца ў «Інстаграм» і «ВКантакце», у тым ліку і ў суполцы «Астравецкай праўды». 

Мы вырашылі пазнаёміцца з аўтарам папулярных пастоў асабіста.

1623686346934.jpg

Выратавальнік – гэта лёс

Яўген працуе камандзірам аддзялення ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці на БелАЭС – перавёўся ў Астравецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях з Карэліцкага ў 2018 годзе. А служыць у МНС з 2013-га. 

Пра тое, што прафесія вырата­вальніка стане яго лёсам, Яўген не думаў – наадварот, як мог, працівіўся гэтаму. Трапіўшы ў школе ў клас МНС, час які хлопец успамінае з захапленнем – турзлёты і спаборніцтвы на вобласці і ў рэспубліцы, прызавыя месцы і перамогі, – ён усімі намаганнямі паварочваў у іншы бок.
y_fa4f783718-01.jpg– Думаў, што не прайду ў профільную вну, бо па натуры я больш гуманітарый,  а там патрэбна ведаць матэматыку і фізіку, – успамінае малады чалавек. – Таму пасля 9 класа паспрабаваў паступіць на настаўніка фізічнай культуры ў Нясвіж. Не атрымалася, вярнуўся ў клас МНС. Праз год усё роўна забраў дакументы і паехаў у Баранавічы вучыцца на электрыка-электраманцёра.

Скончыўшы ліцэй з залатым медалём, хлопец паспрабаваў паступіць на настаўніка гісторыі. Але праходзіў толькі на платнае аддзяленне. Такі варыянт быў не для яго: у сям’і, дзе гадаваліся яшчэ 2 хлопчыкі, не было лішніх грошай.  Пайшоў у армію.

Пасля службы Яўген вярнуўся ў Карэлічы з мэтай, што паедзе скараць сталіцу, – толькі вось сябра з арміі дачакаецца, каб разам было зручней у вялікім горадзе. Не дачакаўся: усё ж пайшоў у МНС, куды яго яшчэ са школы агітаваў работнік Карэліцкага РАНС і добры знаё­мы бацькоў Андрэй Карповіч.

Калі ў Астраўцы пачалі павялічваць штат выратавальнікаў, Яўгену таксама прапанавалі пераехаць у перспектыўны горад. Ён адмаўляўся.  Пра пераезд задумаўся, калі на Астравеччыну перавялі Андрэя Карповіча і Віталя Рыбака, які на той час у Карэлічах быў начальнікам РАНС. Не апошнюю ролю ў канчатковым рашэнні адыграў той факт, што на новым месцы работнікам давалі кватэру, – у мужчыны ўжо былі жонка і сын, з якімі на радзіме яны жылі ў інтэрнаце.

А вышэйшую адукацыю Пярэська ўсё ж атрымаў: сёлета ён завочна скончыў Уні­версітэт грамадзянскай абароны МНС.

Творчасць – для душы

«Бачу свет – дзялюся з вамі» – на­пісана на старонцы Яўгена ў «Інстаграм». 

Асаблівы, мастацкі погляд маладога чалавека на дробязі і на свет у цэлым ловіцца ў тым, як і пра што ён гаворыць. Напрыклад, Астравеччыну, з якой крыху пазнаёміўся ў арміі, калі салдатам са Смаргоні ездзіў на заставу «Лоша», Яўген называе беларускай Швейцарыяй.

– Прыгожы раён! Мне падабаюцца ўз­вышшы, якіх няма на Карэліччыне, свое­асаблівая прырода, азёры – Сара­чанскія і Блакітныя. Пакуль не ўсюды пабываў, але ўсё наперадзе, – адзначае новы астраўчанін.

Не дзіва, што з такой рысай заўважаць прыгожае ў звычайным, хлопец захапіўся фатаграфіяй. Тым больш што мастацкія здольнасці ў яго былі з дзяцінства: ён нядрэнна маляваў танкі, самалёты, трактары, абразы. Калі ж у яго руках з’явіўся тэлефон з камерай, фотазахапленне перамагло. 
Захад і ўзыход сонца, ранішні туман, начная навальніца, снег у святле ліхтара, гарадскія і вясковыя вуліцы, краявіды, аб’екты культурнай, гістарычнай і духоў­най спадчыны, сустрэча праўнука з прабабуляй, наваколле з вышыні – гэта і не толькі можна ўбачыць на работах Яўгена. 

Ён не шукае спецыяльнага ракурсу, а проста здымае імгненне, якое закранула душу. Галоўнае – убачыць момант, у чым, па словах аўтара, яму дапамагае інтуіцыя. А яшчэ важна не столькі натх­ненне, колькі жаданне займацца той справай, якая табе падабаецца.

– Працую з мабільным тэлефонам з дадаткам «Google Камера». Крыху апрацоўваю здымкі ў фоташопе – толькі для таго, каб акцэнтаваць увагу на якім-небудзь аб’екце, напрыклад, на хмары ці на сонцы, – расказвае Яўген. – Нядаўна ў мяне з’явіліся квадракоптар і камера go-pro – спачатку ўтойваў іх пакупку ад жонкі з сынам, але яны ўжо звыкліся з маім хобі. Відэа зацікавіўся ў арміі: у вольны час глядзеў у ютубе сюжэты пра экстрэмальныя віды спорту, якія здымалі з дапамогай камеры go-pro. Цяпер за навінкамі экшн-камер таксама сачу ў інтэрнеце. Але фотаздымка мне падабаецца больш.
Часцей за ўсё за цікавым кадрам малады чалавек выпраўляецца спантанна, але бывае, што час і месца для свайго «палявання» плануе загадзя.

– А іншы раз прачнуся: сонейка ўзы­хо­дзіць, туман ёсць – пайду, думаю. Адзін раз жывём – трэба лавіць імгненне, ад якога атрымліваеш асалоду, – адзначае мужчына. – Да слова, з апошняга мяне вельмі ўразіла наведванне Градаўшчызны. Так супала, што апынуўся там на каталіцкае свята Усе святыя. Атмасферны драўляны касцёл, шмат людзей, якія прыехалі на могілкі, сонечны дзень. Не толькі адкрыў для сябе гэтую вёску, але і яшчэ больш зразумеў, як добра, калі чалавек памятае родзічаў, зберагае традыцыі. 

Яўген здымае тое, што побач, да чаго можна дайсці пешшу, даехаць на веласіпедзе ці машыне, не губляючы шмат часу. 

– Хацеў бы папрацаваць з камерай у гарах, на горным возеры. Неяк быў ва Украіне, у Карпатах, – горы ўразілі мяне, – расказвае малады чалавек. – Калі ж гаварыць пра гарады, то кожны з іх цікавы. Ёсць жаданне «палётаць» на квадракоптары ў Мінску – праўда, там гэта не ўсюды можна рабіць. Звышмара – гэта, напэўна, Нью-Йорк з яго высокімі будынкамі. 

1624992227190.jpg

Іншыя захапленні

Але не толькі фота і відэа займаецца Яўген Пярэська. Яго інтарэсы, можна лічыць, не маюць межаў.  

– Зараз чытаю «Каласы пад сярпом тваім». Аднойчы сустрэў у нейкім ін­тэрв’ю фразу, што гэтую кнігу павінен пра­чытаць кожны сапраўдны беларус, – і я з гэтым цалкам згодзен. Увогуле люблю бе­ларускую літаратуру, бо гэта роднае. Канешне, чытаю і па-руску: фантастыку, псіхалогію. Таксама цікаўлюся гісторыяй, асабліва Беларусі, геаграфіяй, – расказвае малады чалавек. – Частку свайго жыцця прысвячаю спорту. Па-першае, быць у добрым фізічным стане патрабуе служба ў МНС, па-другое, мне гэта падабаецца. Бег, гіра, заняткі на турніках, веласпорт – толькі без фанатызму. 

Публікуючы свае фотаздымкі ў «Інстаграм», Яўген Пярэська не ставіць мэту сабраць як мага больш падпісчыкаў. Ён рады, калі людзям падабаецца яго творчасць і яны пішуць падзякі, але гатовы прыняць і крытыку – усё гэта матывуе працаваць і паляпшаць свой узровень. 

Ён не марыць пра ўдзел у міжнародных конкурсах, бо лічыць гэта фантазіяй. Гаворыць, што любы прафесійны фатограф знойдзе ў яго работах шмат недахопаў. 

Ён прынцыпова не хоча здымаць мерапрыемствы, хаця аднойчы не змог адмовіць сябру, які папрасіў пабыць фатографам на вяселлі. І тым больш не хоча зарабляць на сваёй творчасці, таму што фота для яго – проста захапленне.
– Хачу, каб людзі пагля­дзелі на свет маімі вачыма. А я бачу неверагодна прыгожы свет. Мяне натхняюць наша краіна з яе гісторыяй, аўтэнтычнасцю, культурай.
1624992227192.jpg
1624992227214.jpg
1624992227220.jpg
1625428441386.jpg
1628003699574.jpg
1632385749716.jpg
DJI_0354.JPG
1619064406875.jpg
1619543303989.jpg
1623600747365.jpg
1628529986807 (1).jpg

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Светлана Фёдорова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений