На 5 пытанняў аб галоўным адказалі работнікі сельскай гаспадаркі

10:00 / 19.11.2021
Невыпадкова Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада. З палёў прыбраны вырашчаны клапатлівым рукамі хлебаробаў ураджай і засыпана ў засекі збожжа, а жывёла нагуляла за лета тлушчык і заняла сваё месца ў стойлах – а сам працаўнік можа прыпыніцца і азірнуцца, каб ацаніць зробленае за год і зрабіць задзел на наступны. 

На 5 пытанняў аб галоўным адказваюць работнікі аграпрамысловага комплексу Астравецкага раёна:

1. Кім марылі быць у дзяцінстве і кім сталі?
2. Калі перайначыць вядомае выслоўе «восень – работ восем», атрымліваецца «зіма – работы няма». Наколькі ваша прафесійная дзейнасць залежыць ад сезона?
3. Прыгадайце незвычайны, цікавы, запа­мі­нальны выпадак.
4. Уявіце, што вам у рукі трапіла лямпа з чароўным джынам. Якое жаданне вы папрасілі б яго выканаць?
5. Што робіць вас шчаслівым? І што пажадаеце для шчасця работнікам ферм і палёў?

Уладзімір Грэгуш, аграном раслінаводчага ўчастка №2 КСУП «Гервяты»:

1. Родам я з Магілёўшчыны, са Шклоўскага раё­на. У старэйшых класах летам мы з сябрамі пад­­пра­цоўвалі памочнікамі камбайнераў. Да тэх­нікі мя­не цягнула з дзяцінства. Пасля заканчэння 10 класаў Вялі­ка­лазіцкай сярэдняй школы крыху па­пра­ца­ваў трактарыстам у мясцовым кал­гасе «Шлях ка­мунізму» і пайшоў у армію. Дэма­білі­заваўся ў 1973 годзе і паступіў у Гро­дзенскі сельскагаспа­дар­чы інстытут. Бацькі былі паляводамі і параілі вывучыцца на агранома. Я быў старастам групы і стыпендыятам нашага мясцовага калгаса. Пасля вучобы вяр­нуўся ў родную гаспадарку – але аграном там быў. Мяне перанакіравалі ў іншы калгас Шклоўшчыны. У 1986 годзе здарылася Чарнобыльская аварыя – на той час у мяне ўжо была сям’я. З жонкай вырашылі пераязджаць на яе радзіму – у Мастоўскі раён. Так сталася, што выпадковая сустрэча з аднакурснікам, які працаваў на Астравеччыне, прадвызначыла наш лёс. Пачынаў працаваць аграномам у Кямелішках. Пазней першы сакратар райкама партыі Іван Юльянавіч Кардаш прапанаваў перайсці ў калгас імя Калініна ў Дайлідках. Мяняліся старшыні, рэарганізоўваліся і аб’ядноўваліся гаспадаркі – а я і па сённяшні дзень працую. 

2. Цяпер працаваць у сельскай гаспадарцы значна цікавей і прасцей, чым некалькі дзесяцігоддзяў назад. Адзін энерганасычаны пасяў­ны агрэгат дасць фору некалькім невялікім сеялкам! Цяпер уся тэхніка камп’ютарызаваная, гэта не раней, што працавалі на трактарах СЗУ-3,6 з сеялачкай…

Нездарма ж продкі казалі, што восенню – работ восем. Гэта і ўборка, і ворыва, і сяўба азімых… Зімой наша работа ў асноўным сканцэнтравана на патрэбах малочна-таварнага комплексу, з большага вывозім арганіку. Таксама на гэты перыяд прыпадае пік адпачынкаў у трактарыстаў. Раней цягам усёй зімы ачышчалі і рыхтавалі насенны матэрыял, а цяпер магутнасці спецыяльных насенняводчых ліній хапае, каб з восені прагнаць і засыпаць у засекі насенне. Цяпер, напрыклад, мой клопат на нашым участку – а гэта каля трох тысяч сельскагаспадарчых угоддзяў – рэалізацыя цукровых буракоў. Часта даводзіцца бываць на станцыі Гудагай і кантраляваць пагрузку і адпраўку салодкіх клубняў.

6.jpg

3. За гады работы здаралася шмат розных выпадкаў – вясёлых і не вельмі. Але гэта ўжо гісторыя. Самым знакавым у сваёй працоўнай дзейнасці лічу той факт, што шмат гадоў назад на Шклоўшчыне да­­водзілася сутыкацца з нашым Прэзідэнтам: і я, і Аляк­сандр Рыгоравіч у той час былі сакратарамі парт­арганізацый розных гаспадарак і сустракаліся на сель­скагаспадарчых нарадах і семінарах. 

4. У гэты няпросты час папрасіў бы толькі здароўя – сабе, родным і знаёмым. Цяпер самае галоўнае – берагчы адзін аднаго. 

5. Радуе, што я, хоць і на пенсіі, маю магчымасць яшчэ папрацаваць. Прыходзіла шмат маладых спе­цыялістаў, даводзілася ўсё паказваць, расказваць – за гады працы зямлю ведаю як свае пяць пальцаў. А па-сапраўднаму шчаслівым мяне робяць мае родныя: жонка Вольга, дачушкі, унучкі… Віншую з прафесійным святам ветэранаў сельскагаспадарчай галіны і ўсе калектывы КСУПаў. Працуйце ад душы – і за старанні атрымлівайце годную зарплату. Па вялікім рахунку, сельская гаспадарка – наша карміцелька, аснова асноў.

Вольга Валэйка, аператар машыннага даення КСУП «Міхалішкі»:

1. Нарадзілася я ў Мілайшунах, пазней пераехалі ў Міхалішкі. У дзяцінстве марыла стаць медыкам па прыкладзе бацькавага стрыечнага брата Альберта Часнойця, які на той час быў галоўным урачом упраўлення аховы здароўя Гродзеншчыны. Гэтая прафесія мне падавалася высакароднай: дапамагаць людзям, ратаваць іх – адначасова і адказна, і цікава. Але пасля школы я не паступіла ў медыцынскі. Таты рана не стала, мама нас чацвярых гадавала, лічы, адна. Яна была загадчыцай фермы ў Турлах, пасля школы я пайшла працаваць туды даяркай. Праз год паступіла на прадаўца ў адзін са сталічных тэхнікумаў. Каля пяці гадоў адпрацавала па спецыяльнасці ў Міхалішкаўскім раённа-гандлёвым прадпрыемст­ве. Паклікалі на ферму – зарплаты ў калгасе тады былі значна большымі, чым у гандлі. У снежні будзе 20 гадоў, як працую даяркай на малочна-таварнай ферме «Міхалішкі». 

2. У адрозненне ад раслінаводства, дзе зіма больш-менш спакойная пара, у жывёлагадоўлі цягам года працуем аднолькава. Жывёла ўвесь час есці хоча, і даіць карову, калі яна не ў запуску, трэба некалькі разоў на дзень. Цяпер у маёй групе каля пяцідзесяці галоў. Прыемна, што ў раёне пра нас не забываюць: некалькі гадоў запар маю работу Падзякай і падарункамі адзначаў прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна.

1.jpg

3. Праца на ферме хоць і руцінная, але цікавая. Аднойчы прымала ацёл у каровы: нарадзілася цялятка, я адлучылася, прыходжу праз некалькі хвілін – ізноў ножкі бачныя. Яшчэ адно здаровенькае малое з’явілася, хоць рагуля на двойню не выглядала.

4. Папрасіла б толькі здароўя для блізкіх, а асабліва для дачушкі. Цешыць, што маю дзіцячую мару яна ажыццявіла – вучыцца на 1 курсе ў Сло­німскім медыцынскім каледжы.

5. (Задумваецца.) Галоўнае, каб быў мір і згода і ў нашай краіне і ва ўсім свеце. Душа баліць за нас усіх, калі па тэлевізары гляджу навіны. Людзі развучыліся гаварыць і чуць адзін аднаго. Усім працаўнікам сельскай гаспадаркі жадаю здароўя, дабрабыту, узаемаразумення і цярпення.

Вадзім Герасімовіч, загадчык Міхалішкаўскай участковай ветэрынарнай лячэбніцы:

1. Я нарадзіўся і гадаваўся ў Трокеніках. Пасля 9 класа паўстаў выбар кім быць. Мама раіла ісці ў ветэрынарыю, бацька – у лясную гаспадарку. Я паступіў у Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж на ветэрынарнае аддзяленне. Размеркавалі на Астравеччыну ў СВК «Варняны», працаваў па спецыяльнасці на ферме ў Трокеніках, пазней у Карвэлях, затым у Беразоўцы на малочна-таварным комплексе. Давялося пабыць і галоўным ветэрынарным урачом гаспадаркі. Атрыманы ў варнянскім калгасе вопыт лічу неацэнным. Пасля звальнення знаходзіўся на раздарожжы: хацелася самаўдасканальвацца і прафесійна расці, тым больш што мне па душы была артапедыя. Была магчымасць уладкавацца ў расійскую фірму, якая спецыялізуецца на вытворчасці мармуровай ялавічыны, але вырашыў застацца на радзіме, працаваў у сталічнай прыватнай клініцы – пазней даведаўся, што яна адна з самых лепшых у Беларусі. Узровень яе аснашчэння спецыяльным абсталяваннем уражвае: камп’ютарны тамограф, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, рэнтген і іншае. Спецыялісты ветклінікі выконвалі аперацыі на сэрцы, спіннамазгавым канале, галаўным мозгу і шмат іншых. Да гэтага я працаваў з сельскагаспадарчымі жывёламі – а тут выпала цудоўная магчымасць спазнаць нюансы лячэння хатніх гадаванцаў. У кожнага з ветфельчараў быў свой настаўнік, якога мы называлі сэнсэем, пад кіраўніцтвам якога асвойвалі вузкі накірунак ветэрынарнай галіны. Я абраў рэнтгеналогію з артапедыяй і неўралогіяй. Мы разбіралі эпілептычныя прыпадкі, розныя сударагі, анафілактычны шок у жывёл «плюс» прэпараты. Даводзілася рабіць і міелаграфію – метад дыагностыкі міжпазваночнай грыжы, калі трэба не пракалоць спінны мозг – гэта ювелірная работа…

Набраўшыся вопыту, вырашыў вярнуцца на Астравеччыну. Тым больш што астраўчанам, ведаў па расповедах знаёмых, даводзілася звяртацца за ветэрынарнай дапамогай у Смаргонь ці Маладзечна. Я лячу жывёл на малочна-таварных комплексах і фермах, а таксама прымаю людзей з хатнімі гадаванцамі ў Астравецкай райветстанцыі.

…З ветэрынарыяй сваё жыццё звязаў выпадкова, але не пашкадаваў – гэта справа майго жыцця, ад якой я атрымліваю вялікае задавальненне. Летась, дарэчы, атрымаў дыплом аб закан­чэнні Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. 

2. Работа ветэрынара ў сельскай гаспадарцы не залежыць ад сезону, у любым выпадку гэта замкнуты цыкл: цялятка нараджаецца, яго здароўе трэба суправаджаць на ўсіх этапах жыцця. Жывёлы, як і людзі, больш хварэюць вясной і  восенню. 

3.jpg

3. Незвычайныя выпадкі здараліся ў рабоце і з сельска­гаспадарчымі, і з хатнімі жывёламі. Калі я толькі пачынаў працаваць у КСУП «Варняны», давялося самастойна рабіць ампутацыю канечнасці нованароджанаму цяляці, інакш малое загінула б. Аперацыя прайшла паспяхова. У маёй практыцы быў выпадак, калі карова нарадзіла траіх цялят – і ўсе выжылі. Двойня лічыцца рэдкасцю, а тут ажно 3. Нават іх мянушкі да гэтага часу памятаю: Лёлік, Болік і Нолік. Даводзілася накладваць павязкі Роберта-Джонса – нешта накшталт мяккага гіпса, і рабіць шмат чаго іншага.

З практыкі ў сталічнай ветэрынарнай клініцы найбольш уразіла разнастайнасць жывёл: льву выдалялі міжхрыбетную грыжу, дэльфіну даставалі праглынуты мячык, кракадзілу лячылі міжпальцавы грыбок, які ўзнік з-за празмернай вільготнасці, кастрыравалі рысь… 

4. Я прывык разлічваць толькі на сябе. Напачатку сваёй прафесійнай дзейнасці хацеў машыну прэміум-класа. На той час жыў з бацькамі, кожную капейчыну адкладваў – і праз 2 гады ажыццявіў сваю мару. Вельмі хачу адкрыць уласную ветэрынарную клініку ў Астраўцы. Ну і, канешне, думаю, што рана ці позна ў мяне абавязкова будзе свая сям’я, пакуль жа ўвесь аддаюся рабоце.

5. Быў выпадак, калі прывезлі гадаванца, які праз раз дыхаў, з тэмпературай цела ніжэй за 32 градусы – з пункту гледжання сэнсу і логікі жывёліна нежыццяздольная. Атрымалася аднавіць тэмпературу, з дапамогай кропельніц павысіць ціск – і проста на вачах сабака ажыў. Калі ты паставіў дыягназ папярэдняя смерць, а жывёла хутка адрэагавала на тэрапію – гэта дарагога каштуе. 

Здараецца, што парог дома пераступаю пасля 10 ці 11 вечара  стомлены, галодны, але такі шчаслівы!

Для простага людскога шчасця ўсім працаўнікам сельскай гаспадаркі жадаю цярпення – гэта вельмі нялёгкая, штодзённая карпатлівая праца. Не заўсёды тое, што мы з вамі робім, атрымліваецца адразу. Але вынік абавязкова будзе. Здароўя, трываласці і разумення!

Ірына Юцкевіч, галоўны эканаміст КСУП «Гудагай»:

1. Я мясцовая. Бацькі працавалі на ферме ў Дравяніках: тата – на адкорме, мама даглядала цялятак. Я вырасла там: колькі сябе памятаю, прападала з бацькамі на ферме. Пасля заканчэння  Градаўшчызненскай васьмігодкі паступіла ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум – абы бліжэй дадому. Гэта быў 1982 год. Мы былі іншымі, чым сучасныя дзеці. Ды і куды далей ад вёскі і ад роднай хаты выязджалі? Добра, калі ў райцэнтр. У тэхнікуме вучылася старанна: атрымлівала ленінскую стыпендыю. Аддзяленне бухгалтарскага ўліку закончыла з чырвоным дыпломам. Пазней паступіла ў інстытут народнай гаспадаркі імя Кубыйшава, цяпер гэта Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Яго таксама закончыла паспяхова, мае дзеці напаўжартам пыталі ў мяне, няўжо ніводнай чацвёркі не было, толькі пяцёркі? (Усміхаецца.) Вышла замуж, вярнулася дахаты – хоць размеркавалі мяне ў Лідскі раён, там працавала да дэкрэтнага адпачынку. На Астравеччыне пачынала намеснікам галоўнага бухгалтара ў калгасе імя Мічурына. Перажыла ўсе рэарганізацыі гаспадарак, выхавала чатырох дзяцей і лічу сябе шчаслівай жанчынай. Самая малодшая дачушка ўзяла прыклад з мяне: спазнае бухгалтарскі ўлік у эканамічным універсітэце па спецыфіцы «аграпрамысловы комплекс». 

2. Зімой значна больш работы, чым летам. Па-першае, падводзім вынікі бягучага года і плануемся на будучы. Клопатаў хапае круглы год: на пачатак месяца павінна быць гатова форма 12 з асноўнымі паказчыкамі работы ў жывёлагадоўлі. Гэта ўжо закон, што ў першы дзень месяца  зай­маюся толькі справаздачамі, затым праверкі і аналіз па катэгорыях па зарплаце, падлік валоўкі… 

4.jpg

3. Чамусьці прыгадаўся адзін кур’ёзны выпадак. Гадоў 7 назад напярэдадні Дня работ­нікаў сельскай гаспадаркі і пера­пра­цоўчай прамысловасці ў Мін­сель­гасхарчы адбываўся святочны прыём шматдзетных маці, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе, – ад вобласці па дзве жанчыны. Усё, канешне, прайшло на самым вышэйшым узроўні – засталіся самыя прыемныя ўражанні і эмоцыі. Пазней у рэпартажы ў адным з друкаваных рэспубліканскіх выданняў адшукала і сябе, праўда, чамусьці журналіст дадаў мне яшчэ адно дзіця і напісаў, што я працую не ў «Гудагаі», а ў «Гервятах». (Усміхаецца.)

4. Я папрасіла б здароўя для сваіх дзетак. Усё астатняе – другаснае. Калі не ленавацца, то можна зарабіць, назбіраць і купіць. 

5. Як і любую жанчыну, шчас­лівай мяне робяць блізкія. Галоўнае, каб дзеці, сваякі і ўсе родныя людзі былі здаровымі і ў іх жыцці ўсё складвалася добра. Як спецыяліста КСУП «Гудагай» мяне радуе не кабінетная работа, а жывыя  стасункі з працаўнікамі комплексаў, ферм і палёў. Калі атрымліваецца іх выслухаць, нечым дапамагчы – на душы радасна, бо, па вялікім рахунку, на іх самаадданай працы ўсё трымаецца.  

Іван Бублевіч, трактарыст-машыніст КСУП «Варняны»:

1. Кім марыў быць у дзяцінстве, тым і стаў. Хлопцы майго ўзросту ўсе хацелі быць трактарыстамі.

Родам я з Рымдзюн, тата працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе – мы з братам былі першымі памочнікамі. У вольны ад вучобы час прападаў з бацькам у полі. Бывала, прысядзе ён перакурыць, а я заворваю поле – і такая радасць на душы, што сам на трактары еду, не перадаць! Адвучыўся на шафёра ў Ашмянскім тэхнікуме, забралі ў армію – служыў у паветраных войсках у Германіі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дадому – прапанавалі новенькі трактар. Ну як не возьмеш! З таго часу з сельскагаспадарчай тэхнікай і не расстаюся.

2. Сапраўды, з вясны да восені ў сельскай гаспадарцы работ восем, а то і больш. Зіма – час, калі механізатары ідуць у адпачынак, а наша работа «завострана» пад патрэбы малочна-таварных комплексаў і ферм – у асноўным вывозім на палі арганіку. Няма тых работ у гаспадарцы, на якіх не быў бы заняты. Вясной уносіў мінеральныя ўгнаенні, летам касіў, а потым убіраў збожжа, восенню араў. Але па душы мне, як і кожнаму механізатару, жніво. Тады, прызнацца, увесь свет перастае існаваць: хочацца малаціць і малаціць… Найбольш за ўсе гады за тысячу тон збожжа набіваў. Гэта, напэўна, як і спрадвечныя мужчынскія заняткі, – паляваннне і рыбалка… Але мы, трактарысты, не ведаем, што гэта такое – у сезон дома не спатыкаемся. Брат, дарэчы, таксама пэўны час працаваў у калгасе. 

2.jpg

3. Памятаю, калі толькі распачалася сітуацыя з афрыканскай чумой свіней, столькі дзікоў было ў полі – не расказаць! У той год я жаў кукурузу – на камбайне дамалочваў участак якраз каля лесу, не паспеў даехаць да канца, як цэлае сямейства дзікіх кабаноў кінулася ў розныя бакі. Здаралася, што і ласёў бачыў неймавернай прыгажосці – рогі на галаве, што дрэва! Пасігналіш, жывёліна гляне ў твой бок і кінецца ў бок лесу… А колькі лісаў і зайцоў траплялася – не пералічыць. 

4. Адхварэў на каронавірус дома, бяда мінавала. У наш час варта прасіць аб адным – здароўі. Рукі-ногі ёсць – на хлеб і да хлеба заробіш. 

5. Як і кожнага нармальнага чалавека, шчаслівым мяне робіць сям’я. Гэты год быў у нас багатым на добрыя падзеі: ажно дзве дачушкі – Лаўрыта і Віялета – замуж выйшлі.

Засталіся мы з жонкай Жанай і малодшанькай Эвелінай – яна вучыцца ў 8 класе Варнянскага НПК – утрох.

Сябрам, знаёмым і ўсім, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, жадаю здароўя і ладу ў сем’ях. Няхай усё збываецца!

Валянціна Казлоўская, жывёлавод малочна-таварнага комплексу «Падольцы» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»:

1. У гэтай хаце ў Палянах нарадзілася і жыву. Бацькі працавалі ў мясцовым саўгасе: мама свінаркай, тата на пілараме. Калі была малая, па тэлевізары паказвалі шмат рэпартажаў з заводаў. Я хацела быць ткачыхай – вельмі мяне ўразілі станкі і маштабы ткацкай вытворчасці. Пасля школы пабаялася кудысьці паступаць, паўгода вучылася ў Астраўцы на прадаўца і вярнулася назад. Як прыйшла ў саўгас, так і працую 25 гадоў – час праляцеў як адзін дзень. Утрох на комплексе даглядаем за ўсімі цялятамі – а гэта некалькі груп узростам ад 1,5 да 6 месяцаў. 

2. Што лета, што восень, што зіма – цяляткі ўвесь час есці хочуць. На комплекс дабіраюся пешшу, звычайна ў 7 раніцы мы ўжо на месцы. Адзін падчышчае клеткі, другі ідзе за мукой ці сенам. Фронт работ размяркоўваем разам. У абед заканчваем работу і ідзём дадому. Калі трэба перасцілаць клеткі – застаёмся. Вечарам ізноў даём цялятам кормасумесь з сена і сенажу, насыпаем муку, поім.

5.jpg

3. З гадоў 10 назад здарыўся выпадак, які, напэўна, буду помніць усё жыццё. Непадалёк ад фермы быў разбіты летні лагер, у якім утрымлі­валася каля пяцідзесяці галоў. Цяляты зламалі драўляную агароджу – і кінуліся хто куды. На вушах стаялі ўсе работнікі комплексу. Большасць бычкоў і цялушак адразу адшукалі, а некаторых толькі праз 3 дні вярнулі.

Дзякуй мясцовым жыхарам, што дапамаглі гэта зрабіць.

4. Для мяне ўжо нічога не трэба – гора спазнала: сына старэйшага пахавала. Хачу, каб у малодшага Дзяніса ўсё добра было. Ён вучыцца на лясным факультэце ў Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэце – сам паступіў. Хачу, каб адвучыўся, на работу добрую ўладкаваўся і сям’ёй абзавёўся…

5. Муж Зянон, дарэчы, таксама ў саўгасе працуе. Свінак, курэй трымаем, на сваіх нагах – і гэта добра. Паўтаруся, галоўнае, каб у сына жыццё склалася, а астатняе – другаснае. 

Усім сельскім працаўнікам пажадаю здароўя, хто 2 гады назад мог бы падумаць, што такая навала, як каронавірус, на нас нападзе і будзе касіць усіх без разбору: багатых і бедных, старых і маладых…

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: