Як прышчэпка зберагла мяне ад інфекцыі

12:00 / 06.10.2021
Калі ў мяне і былі нейкія сумненні ў неабходнасці вакцынацыі супраць «ковіду», то дачка зняла іх простым і лагічным пытаннем:

– А чаго ты баішся пасля таго, што ўжо перанесла?

…Баялася я аднаго: паўтарэння таго, што адбылося ў снежні мінулага года, калі месяц ляжала ў шпіталі, больш як тыдзень – у рэанімацыі і кожную ноч развітвалася з жыццём. А затым яшчэ 2 месяцы па кроку, па дзясятку метраў вярталася да жыцця, зноў вучылася дыхаць, хадзіць, займацца простымі будзённымі справамі. Паўтарэння таго свайго стану і лютаму ворагу не пажадаю! 

І таму ў маі пайшла прышчапляцца. Вакцынацыю перанесла без аніякай «пабочкі». Як у Высоцкага: укалоўся – і забыўся…

А нядаўна надарылася неспадзяваная і нежаданая магчымасць праверыць эфектыўнасць вакцыны. У госці прыехала сястра – і праз 3 дні захварэла. Надзеі на тое, што гэта звычайная прастуда, спальвала высокая тэмпература, якая нічым не збівалася, і моцны кашаль. Тэст пацвердзіў каронавірус. (Для разумення: сястра толькі збіралася зрабіць пры­шчэпку – пасля таго, як вернецца ад мяне). Праз 5 дзён пасля з’яўлення першых прыкмет хваробы – увесь гэты час мы, жывучы ў адной кватэры, вядома ж, цесна кантактавалі – сястру шпіталізавалі ў інфекцыйнае аддзяленне бальніцы. Я засталася на самаізаляцыі як кантакт. 

Фейк: «Все вакцины против COVID-19 одинаковы по составу» - StopFake!

Калі б не мноства важнай і тэрміновай работы – працаваць жа можна і за хатнім камп’ютарам – тыдзень «хатняга арышту» можна было б успрыняць як дадатковы адпачынак. Хоць вірусы ў кватэры, думаю, ляталі чародамі, да мяне яны не прыставалі. Ці, ва ўсякім выпадку, не прыжыліся ў маім арганізме.

Такім чынам я асабістым прыкладам пацвердзіла, што прышчэпка, ды яшчэ пасля перанесенага захворвання, дае стойкі імунітэт ад каронавіруснай інфекцыі COVID-19.

Нікога не прымушаю, не агітую, не пераконваю: «кожны выбірае па сабе…» 

Але тым, хто адмаўляецца ад прышчэпкі, хачу задаць тое ж пытанне, што мне некалі дачка: чаго вы баіцеся?

«З дапамогай прышчэпкі нас усіх чыпіруюць» – гуляе ў інтэрнэце такая страшылка, і да мяне яна перыядычна завітвае, дзякуючы «клапатлівым» «фрэндам». Але калі чыпіруюць УСІХ, то узнікае пытанне – ХТО гэта робіць? І галоўнае – ДЛЯ ЧАГО? Аматарам тэорыі сусветнага загавару і розных сярэднявечных забабонаў можна параіць спаліць свае пашпарты, калі там ёсць 3 шасцёркі, не стрыгчы валасы і пазногці, каб не пазбавіцца сілы, ды пашукаць іншыя «лекі» ў чарнакніжнікаў.

«Вакцына новая, не вывучаная як след, не хачу рызыкаваць» – другі папулярны аргумент. Затое хвароба ўжо вывучана досыць добра! Пра яе наступствы могуць расказаць тысячы перахварэлых. А колькі, на жаль, ужо нічога нікому не змогуць расказаць… Нават дзіўна, што людзі панічна баяцца прышчэпкі, якую пераважная большасць пераносіць без усялякіх наступстваў, – і не баяцца хваробы, якая, нават калі праходзіць у адносна лёгкай форме, як правіла, доўга адгукаецца рознымі пабочнымі ўскладненнямі.

«Бацькі маіх знаёмых зрабілі прышчэпку – і ўсё роўна захварэлі». Дык ніхто і не гаварыў, што вакцынаваныя ні ў якім разе не захварэюць. Але ж ёсць розніца ў тым, як хварэць! І як потым жыць пасля перанесенага захворвання.…

«Я разлічваю на свой імунітэт, бо вяду здаровы лад жыцця». Як кажуць, дай Бог, бо гарантаваць, што гэтая зараза абыдзе вас бокам, сапраўды можа толькі Усявышні. Ну і не варта забывацца старую добрую прыказку: беражонага і Бог беражэ.

…Ужо амаль 2 гады мы плывём у адной лодцы з «ковідам», падпарадкоўваючы хвалям распаўсюджвання каронавіруса свае планы, жаданні, ды што там – усё жыццё. І, падобна, нам з гэтай «каронай» насіцца доўга – магчыма, як і з грыпам, заўсёды. І тым ці іншым шляхам трэба выпрацоўваць калектыўны імунітэт, які складаецца з індывідуальных імунітэтаў кожнага з нас. 

Як гэта зрабіць, з дапамогай прышчэпкі ці хваробы, – кожны вырашае сам. Вядома, кожны мае права ставіць якія заўгодна эксперыменты са сваім арганізмам. Але не думаю, каб нехта захацеў паўтарыць мой снежаньскі – не раю. Лепш – нядаўні.

 Будзьце здаровыя!

Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета