Двойчы была замужам – і абодва разы шчасліва. А дажывае адна…
08:14 / 01.10.2021
У пояс пакланіцца…

– І ўсё ж адзін талент я развіла ў сабе, дзякуючы Валянціне Ільінічне: навучылася пісаць пер’ямі – плакатнымі і «рэдзіс»: афармляць плакаты, лозунгі да святаў, – усміхаецца Іаланта Францаўна. – Спачатку ў класе, а затым, калі стала працаваць у Спондаўскай бібліятэцы, гэтае ўменне вельмі спатрэбілася. І не толькі я захавала на ўсё жыццё ўдзячнасць Валянціне Ільінічне. Неяк Рэгіна Валуевіч, якая цяпер жыве ў Вільнюсе, сказала: «Хачу прыехаць у родныя мясціны, каб пакланіцца Валянціне Ільінічне ў пояс – за тую любоў, з якой яна адносілася да нас, вучняў…»
Іаланта Францаўна ўспамінае, што ў той час усе дзяўчынкі ў школе хацелі быць падобнымі на да класнага кіраўніка: быць такімі ж вытанчанымі, усмешліва-абаяльнымі, бязмежна таленавітымі…
І ніхто з вучняў не ведаў, колькі давялося перажыць іх прыгожай, вясёлай, разумнай настаўніцы…
Год нараджэння – 44-ты
Нарадзілася Валянціна Ільінічна Крэміс, у дзявоцтве – Багдановіч, падчас вайны, у 1944 годзе ў Латвіі. Яе бацькі, беларусы Антаніна і Ільяш, пазнаёміліся яшчэ да ліхалецця – паехалі на заробкі. А калі на свет з’явілася Валянціна, бацьку забралі на вайну.
Ім пашчасціла: ён вярнуўся жывым. І з маладой жонкай і дзіцем – дачушку крыху «памаладзілі», запісалі год нараджэння 1945-ы – вярнуўся на радзіму, у Жукойні Жалядскія – дома і сцены дапамагаюць. Напачатку, праўда, тыя сцены трэба было паставіць – не так і лёгка ў пасляваеннай нішчымніцы. Затым пачалася калектывізацыя, цяжкая праца «за палачкі»… А ў Багдановічаў нарадзілася яшчэ двое дзяцей. Не жылі – выжывалі.
А Валя хацела вучыцца! Закончыла Жукойнежалядскую сямігодку, пайшла ў сярэднюю школу ў другія Жукойні – Страчскія.
Пасля сярэдняй школы спрабавала паступіць у Віцебскі педагагічны інстытут. Не атрымалася…
Ізбачка
Дзесяць класаў у той час былі саліднай адукацыяй. Валю прызначылі загадчыкам хаты-чытальні ў Літвянах. Сёння б сказалі – бібліятэкарам, а тады – ізбачкай.
– Мост праз Вілію быў толькі ў Міхалішках. Я на ровары дабіралася да Быстрыцы, а адтуль на пароме праз раку – і да Літвян рукой падаць! Далёка? Затое ў дарозе прыродай можна любавацца, спеў птушак слухаць, абдумваць, што мы з ліцвянскай моладдзю «замуцім», – успамінае маладосць Валянціна Ільінічна.
Моладзі ў той час у Літвянах было шмат, і яна гарнулася да прыгожай і вясёлай ізбачкі: што б тая ні прыдумала, недахопу ў памочніках і ўдзельніках не было: ці спяваць, ці танцаваць, ці вершы чытаць, ці сцэнкі ставіць – усе наперабой хацелі паўдзельнічаць. Два разы на тыдзень у той жа хаце-чытальні ладзілі танцы. Кожную суботу ехалі з канцэртам у якую-небудзь з бліжэйшых вёсак.
Хутка Валянціне прапанавалі працаваць яшчэ і ў Літвянскай школе няштатным піянерважатым. Ну і што, што бясплатна? Затое цікава!
Вяртанне на кругі свае
– У школе, працуючы з дзецьмі, я зразумела, што хачу быць настаўніцай – і больш нікім! Нікому нічога не сказаўшы, паехала ў Полацк у педвучылішча. Паступіла! – гаворыць ветэран педагагічнай працы.
Вучылішча яна закончыла, па размеркаванні трапіла ў Астравецкі раён – і яе накіравалі ў родную Жукойнежалядскую школу. Выкладала ўсё, што прапанавалі: біялогію, нямецкую мову – дзе ж было прадметнікаў на ўсе школы набрацца?
Валянціна вырашыла зноў штурмаваць Віцебскі педагагічны інстытут, які некалі не прыняў вясковую дзяўчыну, – праўда, ужо завочнае аддзяленне і біялагічны факультэт. На гэты раз ён скарыўся яе настойлівасці.
Тут будзе школа-сад!
У 1971 годзе яна закончыла інстытут – і перайшла працаваць у толькі што пабудаваную Спондаўскую школу настаўнікам хіміі і біялогіі.
Будынак школы стаяў адзінокім гмахам на ўскрайку вёскі – ні кусціка, ні дрэўца навокал. З дырэктарам Верай Лявонцьеўнай Конан, іншымі настаўнікамі і вучнямі яны садзілі каля школы сад, разбівалі клумбы.
– Сталі зямлю капаць, а там цэгла пабітая, шкло… Ох, і даліся нам у знакі тыя клумбы! Добра, што ўсе дапамагалі. Не было такога, як цяпер: не хачу, не буду, няхай тэхнічкі робяць – дзеці працавалі з радасцю і задавальненнем, – расказвае Валянціна Ільінічна пра пераўтварэнне Спондаўскай школы. – А парк як садзілі: капалі дрэўцы і неслі на сабе да школы. Затое потым як прыгожа стала: ліпавая алея, кляновая, бярозавая, чаромхавая…
На выставах кветак і гародніны, якія раней традыцыйна ладзіліся да Дня настаўніка, спондаўскія заўсёды вызначаліся цікавымі ідэямі і назвамі. Да прыкладу, «Няроўны шлюб» – асот і ружа, «Адзін у полі воін» – рагоз сярод палявой травы, «Мяне пасадзілі з дзяўчынкай» – гладыёлус і астра, «Навабранцы» – абляцелыя дзьмухаўцы. З гародніны рабілі «Белакачанную нявесту» – апраналі на качан фату, выразалі з гарбуза «Карэту для Папялушкі» – словам, крэатывілі…
– А яшчэ Валянціна Ільінічна прыгожа спявала і танцавала – і нас вучыла, – успамінае Іаланта Валуевіч. – Я і сёння, дзякуючы ёй, памятаю «Юрачку», «Летку-енку»…
І ў астатнім жыццё інтэлігентаў з сельскай прапіскай было такім жа, як і ва ўсіх вяскоўцаў: карова, свінні, куры, агароды… Вечарам – сшыткі, планы… А яшчэ – муж і сын…
Часам дзіву даешся: як яны ўсё паспявалі, колішнія вясковыя настаўнікі?
Валянціна Ільінічна з мужам Іванам і сынам Сярожам
Божай кароўкай называў яе муж. Яна так не і даведалася, чаму – мо, таму, што біёлагам працавала?
Янак Драздоўскі – аднавясковец, з Жукойняў. Пажаніліся ў 1971 годзе, 7 лістапада, на дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праз год нарадзіўся чаканы і жаданы сын Сярожа – імя муж прыдумаў, пакуль яна ў бальніцы ляжала.
Падарункам жонцы за сына стала машына – першая ў акрузе, бэжавыя «Жыгулі»-«капейка». Каб зразумець вартасць падарунка, трэба ведаць, што ў тыя гады мала было мець грошы, каб купіць машыну, – трэба было некалькі гадоў стаяць у чарзе. І грошы патрабаваліся немалыя.
– Мы ў той год 6 тон бульбы вырасцілі і здалі, – успамінае Валянціна Ільінічна.
Аўтаўладальнікамі яны былі нескупымі: вазілі сяброў, суседзяў на Кайміну, «у дубы» – любімае месца адпачынку ўсёй акругі.
– Добра мы жылі з Янакам, дружна. На жаль, нядоўга – усяго 17 гадоў, – уздыхае Валянціна Ільінічна. – Муж захварэў на цукровы дыябет. Гэта цяпер з гэтай хваробай жывуць да глыбокай старасці, тады ж яна была амаль што прысудам. Янаку забаранілі ездзіць на машыне – пасля брыгадзірства ён працаваў вадзіцелем на малакавозе. Я пайшла ў Варняны ў аўташколу, адвучылася, атрымала правы, каб наша «капейка» не прастойвала. Вяскоўцы дзіваваліся: баба за рулём! Не было яшчэ такога ў нашым краі… Муж стаў насіць пошту. У 1987 годзе, разнёсшы па Спондах пенсіі, газеты, лісты, выйшаў з апошняй хаты, сеў на лавачку – і памёр. А Сярожа толькі 9 класаў закончыў і паступіў у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Так я ў першы раз аўдавела…
другі муж Крэміс Мікалай, 1999 г.
Што ёй давялося ў той час перажыць, могуць зразумець толькі тыя, хто аднойчы назаўсёды развітваўся з самым дарагім і каханым.
Ні пра якое новае замужжа яна і думаць не хацела.
Але аднойчы паехала ў Вільнюс да сястры, зайшла на Кальварыйскі рынак купіць часнаку – і да яе падышоў немалады ўжо мужчына:
– Я хачу з вамі пазнаёміцца…
Вось так, проста, без папярэдняй «разведкі» – хто ды што, ды чаму.
І яна гэтак жа проста, без ваганняў, пагадзілася. Нягледзячы на тое, што Мікалай Крэміс быў старэйшым на 21 год.
Некаму такая іх неразважлівасць падалася дзівацтвам. А яны ўбачылі адно ў адным нешта такое, што гаворыць больш, чым словы , – перажыты боль, пакуту і разам з тым – прагу шчасця.
Мікалаю Мікалаевічу Крэмісу таксама давялося паспытаць ліха. Ураджэнец Глыбоччыны, ён ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай з 1941 па 1945 год, дайшоў да Берліна. У пасляваенны час пераехаў з жонкай і сынам у Вільнюс, пазней і бацькоў забраў. І пахаваў там усіх… Здавалася, жыццё скончылася. Але аднойчы ён убачыў жанчыну, з якой, зразумеў, хоча сустрэць старасць.
– Распісаліся мы ў 1992 годзе, – успамінае Валянціна Ільінічна. – Сын якраз з войска вярнуўся… Мікалай прадаў кватэру ў Вільнюсе, пераехаў да мяне ў Спонды. Жылі таксама хораша. Усе 15 гадоў, што былі адпушчаны нам небам…
Адна…
– Трое самых дарагіх маіх мужчын – мужы Янка і Мікалай і сын Сярожа – заўчасна мяне пакінулі… Адна дажываю, – перабірае фотакарткі сваіх любых і каханых Валянціна Ільінічна.
Сын таксама пражыў нядоўга – усяго 47 гадоў. Сям’ю не стварыў – каханая дзяўчына выбрала іншага, а ён, аказаўся адналюбам. Адно што засталося ад яго – добрая памяць у аднавяскоўцаў. Ды незагойная рана ў матчыным сэрцы…
Так і жыве ў Спондах адна ў вялікім доме Валянціна Ільінічна Крэміс, былая настаўніца, былая жонка, былая маці…
Але і сёння, нягледзячы на шматлікія ўдары лёсу, яна па-ранейшаму шчыры, прыязны чалавек, ніколі не скупіцца на добрае слова для знаёмых і чужых. Яе сэрца не зачарсцвела ад шматлікіх бедаў, у душы яна ўсё такая ж вясёлая, няўрымслівая, маладая.
І па-ранейшаму каля яе вялікай і цёплай душы адаграваюцца тыя, каму раптам становіцца сцюдзёна і маркотна на крутых віражах лёсу…
І неяк зусім незаўважна Настаўнік з вялікай літары стаў такім жа Чалавекам.
Ніна ПАЛЕСКАЯ