Новыя паслугі ад цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва
Аддзяленне тэрміновага абслугоўвання, што працуе на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, аказвае людзям, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, дапамогу разавага характару. Таксама яно прызначана для забеспячэння грамадзян, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, адзеннем, абуткам, а інвалідаў – пракатнымі сродкамі рэабілітацыі.
Аднак работа аддзялення не стаіць на месцы, і пералік паслуг пастаянна павялічваецца. Так, з 1 лютага адкрыта новая сацыяльная паслуга – ПАСЛУГА ЦЫРУЛЬНІКА.
Зараз падапечныя аддзялення – адзінокія пажылыя людзі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды – могуць падстрыгчыся за сімвалічную плату (у сярэднім за 1300 – 3000 рублёў). Гэтая паслуга аказваецца не толькі ў цырульні, але і дома. І калі чалавек мала рухаецца і яму цяжка самому выйсці з дому, то можна запрасіць цырульніка да сябе. Работнікі аддзялення спадзяюцца, што гэтая паслуга будзе карыстацца попытам – некалькі чалавек ужо паспелі ёй скарыстацца і засталіся вельмі задаволены якасцю абслугоўвання.
Нагадаем, што ў аддзяленні тэрміновага абслугоўвання маламаёмасныя грамадзяне і тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, могуць атрымаць бясплатную гуманітарную дапамогу ў выглядзе адзення і абутку. Спецыялісты падтрымліваюць цесныя сувязі з дабрачынным каталіцкім таварыствам “Карытас”. За мінулы год было аказана 179 паслуг па выдачы гуманітарнай дапамогі.
Інваліды і фізічна аслабленыя людзі могуць бясплатна ўзяць напракат сродкі рэабілітацыі – мыліцы, хадункі, крэслы-каляскі, судны. За 2011 аддзяленне аказала 74 такія паслугі.
Сярод платных разавых паслуг асаблівай папулярнасцю ў падапечных аддзялення карыстаюцца ўзорванне глебы, раскладка бульбы, распілоўка, колка дроў, пакос травы, паслугі сядзелкі. Акрамя таго, адзінокім пажылым людзям і інвалідам даступны паслугі па ачыстцы тэрыторыі, складванню дроў, пераносцы тарфянога брыкету, дастаўцы прадуктаў, некаторыя рамонтныя паслугі. “Сацыяльнае таксі” аказвае транспартныя паслугі на ўмовах частковай аплаты: людзі, калі ім неабходна, могуць з’ездзіць у бальніцу – і не толькі ў Астравец, але і ў Гродна, і Мінск.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца набліжэнню сацыяльнага абслугоўвання да спажыўцоў. Так, аддзяленне курыруе работу гаспадарчай брыгады ў сацыяльным пункце на тэрыторыі Гервяцкага сельсавета, дзе за мінулы год было аказана 59 паслуг.
Важную работу, напоўненую міласэрнасцю, спагадай і дабрынёй, выконваюць работнікі аддзялення тэрміновага абслугоўвання – загадчыца І.С. Пашкевіч, спецыяліст А.З. Кандратовіч, сацыяльныя работнікі П.М. Бяляўскі і В.Р. Тумаш, сядзелка І.У. Вянгроўская. І іх праца не застаецца незаўважанай – з цеплынёй і ўдзячнасцю адгукаюцца аб іх падапечныя аддзялення. Бо дзякуючы ім, жыццё пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі становіцца больш камфорным, напоўненым паўсядзённымі звычайнымі клопатамі.
Вольга ШОЎКУН.