У Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў прайшлі музычныя конкурсы
У конкурсах прымалі ўдзел таленавітыя і адораныя дзеці з Астраўца і раёна.
Пачаліся спаборніцтвы з раённага этапа абласнога конкурсу імя К. Горскага. Юныя таленты маглі заявіць пра сябе ў трох намінацыях: “Фартэпіяна”, “Сольныя спевы” і “Вакальны ансамбль”. Скарысталіся такой магчымасцю 31 удзельнік і пяць вакальных груп.
Было на конкурсе і кампетэнтнае журы, якое і вызначыла пераможцаў у гэтых намінацыях. А школу мастацтваў напоўнілі чароўныя гукі фартэпіяна і прыгожыя галасы юных выканаўцаў.
Больш за ўсё у намінацыі “Фартэпіяна” ўразілі журы Станіслаў Маркоўскі (Міхалішкаўская ДМШ), Алег Сафронаў (Астравецкая ДШМ), Кацярына Шадзяніс і Віталія Ількевіч (Варнянская ДШМ), якія і былі прызнаны пераможцамі.
У намінацыі “Сольныя спевы” абараняць гонар нашага раёна на абласным конкурсе будуць Каця Маргуж і Даша Пясляк (Астравецкая ДШМ), Данііл Белахонаў (Міхалішкаўская ДМШ) і Карына Гудзінская (Гервятская ДМШ).
Былі вызначаны і пераможцы ў намінацыі “Вакальная група”. Імі сталі вакальная група Астравецкай школы мастацтваў, Міхалішкаўская “Міхалінка” і вакальная група Кямелішкаўскай школы мастацтваў.
У канцы сакавіка нашы таленавітыя спевакі і музыканты паедуць на абласны конкурс, які пройдзе ў Лідзе.
Літаральна на наступны дзень у школе мастацтваў прайшоў яшчэ адзін конкурс – на гэты раз раённы этап рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча.
Заявіць пра сябе вырашылі 13 выхаванцаў музычных школ і школ мастацтваў раёна. Чароўныя гукі цымбалаў, баяна, акардэона, гітары ўсіх гасцей і ўдзельнікаў конкурсу ўзялі ў палон. І, здавалася, кожны быў дастойны прадстаўляць раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу.
Пераможцамі музычнага спаборніцтва сталі навучэнцы Астравецкай школы мастацтваў: цымбаліст Аляксандр Вішнеўскі, гітарысты Дзіма Вайцяхоўскі і Саша Грынчук, баяніст Дзіма Катовіч, акардэаніст Аляксей Рогач і баяніст Эдгар Шэміс з Варнянскай ДШМ.
Ужо 16 лютага пераможцы раённага этапу прымуць удзел у абласным туры, які пройдзе ў Лідскім дзяржаўным музычным каледжы.
Алена ЯРАШЭВІЧ.