Як праходзіла калектывізацыя ў Астравецкім раёне
На гэты раз аналізуем публікацыі і падзеі 1950 года.
У 1950 годзе калектывізацыя ў Астравецкім раёне завяршалася. Яшчэ з’яўляліся публікацыі аб новаствораных калгасах, але калі раней гэта былі вялікія артыкулы, то цяпер – часцей за ўсё інфармацыі ў 2-3 радкі.
Так, у №8 за 21 студзеня газета піша, што пасля таго, як «19 студзеня сяляне вёскі Лоша аб’ядналіся ў сельскагаспадарчую арцель імя Энгельса, старшынёй якой быў абраны Янушкевіч Кароль», у Байканскім сельсавеце завяршылася калектывізацыя – тут створана 5 калгасаў. Паведамляецца, што гэта другі сельсавет суцэльнай калектывізацыі (невядома, які быў першым). А напрыканцы года, у № 100 за 14 снежня, газета інфармуе аб аб’яднанні ўсіх гаспадарак Байканскага сельсавета – калгасаў імя Энгельса, імя Пушкіна, «Чырвоная зара», імя Свердлава і імя Ракасоўскага – у адзін узбуйнены калгас. У заметцы не паведамляецца, якую назву яму прысвоілі, але, мяркуючы па ўсім, – «Чырвоная зара», бо гаспадарка з такой назвай і цэнтральнай сядзібай у Лошы існавала даволі доўга.
У №17 за 23 лютага змешчана інфармацыя аб тым, што Гервяцкі сельсавет заканчвае суцэльную калектывізацыю – тут створана 8 калгасаў. «За апошні тыдзень арганізавана два буйных калгасы – імя Мічурына ў вёсцы Гальчуны і «Першае мая» ў вёсцы Мацкі».
Паралельна з утварэннем новых калгасаў ішло аб’яднанне існуючых ці далучэнне дробных да буйнейшых. Так, у №42 за 25 мая газета паведамляе, што арцель «Новае жыццё» Астравецкага сельсавета (вёска Ізабеліна) аб’ядналася з арцеллю «Слава» Якентанскага сельсавета. Новы калгас з назвай «Новае жыццё» налічвае 115 гаспадарак. «Аб’яднанне арцелей дало магчымасць ліквідаваць затраты працадзён на кіруючы апарат».
У №53, прысвечаным Дню вызвалення Беларусі, прыводзілася лічба, што ў раёне створана 90 (!) калгасаў, у якія аб’яднана 70% сялян (нагадаю: у той час у склад раёна не ўваходзіла сённяшняя «завілейская» яго частка). Дзіўна, як раённыя начальнікі не блыталіся ў такой колькасці гаспадарак? Тым больш, што назвы многіх паўтараліся: было 3 калгасы «1 мая», 2 – імя Сталіна…
На нарадзе перадавікоў сельскай гаспадаркі раёна (ужо не з’езд сялян, як было ў першыя пасляваенныя гады, у якім удзельнічалі і аднаасобнікі), прынялі абавязацельствы на 1950 год: сабраць жыта 14 цэнтнераў з гектара, ячменю і пшаніцы – па 15, ва ўсіх калгасах стварыць па 4 жывёлагадоўчыя фермы, надаіць ад кожнай фуражнай каровы па 1 900 кілаграмаў малака – пра гэта паведамляла «Сталінскай праўда» ў №20 за 5 лютага. Аб тым, што абавязацельствы рэальныя, сведчыць подпіс да здымка даяркі калгаса імя Сталіна Гені Сташкевіч, якая ад кожнай дойнай каровы атрымала па 1 800 літраў малака, а ад асобных кароў – Маліна, Смарода, Малютка, Рыжуня – па 2 200.
У створаных «з-пад палкі» калгасах справы ішлі цераз пень-калоду: прызначаныя пад прымусам кіраўнікі працаваць не хацелі, калгаснікі па-ранейшаму засявалі свае надзелы, стараліся запрэгчы свайго коніка і падаіць сваю кароўку. Ускосна пра гэта пісала і раённая газета – вядома, калі чытаць паміж радкамі. Так, у №40 за 18 мая ў артыкуле «У адрыве ад калгасных мас», падпісаным вельмі красамоўна – «Група калгаснікаў», крытыкуецца старшыня калгаса «Шлях Леніна» Гудагайскага сельсавета Іосіф Замара. «Група калгаснікаў» паведамляе, што тут зрываюць план веснавой сяўбы, а галоўнае – не праводзяць сходы і... не выпускаюць насценную газету! А літаральна праз некалькі дзён, у №42 за 25 мая змешчана інфармацыя, што Іосіф Замара зняты з работы, у калгасе «Шлях Леніна» выбрана новае праўленне і старшыня.
Паказальная заметка У. Царэвіча «Маладыя калгасы Астравецкага сельсовета не выконваюць план развіцця жывёлагадоўлі», змешчаная ў №69 за 27 жніўня. У ёй паведамляецца, што ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік» (старшыня Анімуцкі) толькі дзве каровы, якія знаходзяцца ў хляве самога старшыні. А ў калгасе «Сталінская праўда» закуплена для калгаснай фермы толькі 3 цёлкі.
Працавалі ў новаствораных калгасах таксама па-рознаму. Да прыкладу, у №62 за 3 жніўня расказваецца, што 67-гадовая Адэля Шлыковіч з калгаса «Перамога» Гудагайскага сельсавета зжала за дзень 0,25 гектара жыта і выпрацавала разам з вязкай і вывазкай снапоў 5,56 працадня. «Калі ўзяць па выдачы на працадзень за мінулы год, дык за дзень зарабіла 18 кг аднаго толькі хлеба», – падлічыла газета. А вось у калгасе імя Жданава Гервяцкага сельсавета «Разбазарваюць працадні» – заметка пад такой назвай змешчана ў раённай газеце 30 ліпеня. Яе аўтар Б. Іпановіч расказвае, што «Аўгуль Пётр толькі з’ездзіў на сенакос, нічога там не зрабіў, а брыгадзір Сцефановіч запісаў яму адзін працадзень. Кладаўшчык Сцефановіч Адольф – кладаўшчык ёсць, а кладовай няма. І ходзіць сабе Адольф усё лета рукі ў брукі, а працадзень атрымоўвае».
Хоць былі прыклады іншай работы. Пра тое, што ў калгасе «Рассвет» Рымдзюнскага сельсавета заканчваюць будаўніцтва цагельнага завода, «Сталінская праўда» паведамляла ў №54 за 6 ліпеня. Старшыня Тарасевіч і майстар Сячынскі расказвалі, што «ў гэтым годзе плануюць нафармаваць і абпаліць не менш 40 тысяч штук цэглы, якая пойдзе на абкладку шулляў канюшні, на будаўніцтва тыпавой цаглянай кузні».
У №56 «Сталінскай праўды» за 13 ліпеня распавядаецца пра калгас імя Варашылава, які быў створаны ў Варнянах яшчэ да вайны і адноўлены пасля вызвалення. У 1950 годзе ў ім ужо 137 гаспадарак, 976 гектараў зямлі, з іх 449 – ворыва, 120 – сенакосу. На фермах утрымлівалася 85 галоў буйной рагатай жывёлы, 100 свіней, 151 авечка, 100 коней, з іх 65 – рабочых. Арцель мела ўласны грузавы аўтамабіль, 3 сенакасілкі, ільноцерабілку, 4 малацілкі, 3 культыватары, 2 веялкі. Пра тагачаснага старшыню гэтага калгаса Шыманца, які ў 1949 годзе быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга, мы расказвалі ў №27 «Астравецкай праўды» за 9 красавіка 2021 г.
Пакрысе паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база машынна-трактарных станцый, якія дапамагалі калгасам апрацоўваць зямлю. У №48 за 15 чэрвеня раённая газета паведамляе, што «нядаўна МТС папоўніла свой парк чатырма трактарамі ДТ54 і двума КД-35, а таксама атрымала новыя самаходныя зернавыя камбайны, малацілкі мк1100, балотныя плугі і другі прычапны інвентар».
З’яўляюцца і кадры механізатараў. У №33 надрукавана заметка пра маладога трактарыста Яўгенія Ёча са Свіршчызны, які, скончыўшы курсы пры МТС, той вясной упершыню сеў за руль трактара ХТЗ.
Хоць на работу МТС было нямала нараканняў. Так, у заметцы «За шэсць дзён – 2,2 гектара», якая суправаджаецца карыкатурай, расказваецца, што за 6 дзён, што працаваў у калгасе «Перамога» Гудагайскага сельсавета трактар з раёна, узарана крыху больш за 2 гектары, ды і якасць работы дрэнная.
Дасягненні калектыўнай сельскай гаспадаркі павінна была прадэманстраваць першая сельскагаспадарчая выстаўка, якая прайшла ў Астраўцы з 15 па 18 кастрычніка – пра яе У. Царэвіч расказваў у №84 за 19 лістапада. Калгас імя Сталіна прывёз на выстаўку свінаматку Белку, ад якой за 2 гады атрымана 56 дзелавых парасят, а за апошні апарос – 17, борава вагой 17 пудоў, быка Грознага, жарабца Нагая. Калгас імя Варашылава «выставіў» бараноў Белага і Грознага вагой 59 і 45 кг – ад іх атрымлівалі па 3,5 кг воўны даўжынёй у 9 см. Калгас імя Молатава – капусту, кожны качан якой важыў не менш за 8 кг. Дэманстраваліся збожжа, лён, бульба, буракі – гэтыя дасягненні павінны былі пераканаць нямногіх застаўшыхся аднаасобнікаў у перавагах калгаснага ладу жыцця. Але больш, чым выстаўка, іх пераконвалі ў гэтым непад’ёмныя падаткі, якімі абкладвалі аднаасобныя гаспадаркі, і перспектыва ехаць валіць лес у Сібір…
Каб разабрацца ў шматлікіх калгасах, што былі створаны ў Астравецкім раёне ў 1949-1950-х, мы паспрабавалі скласці адпаведную табліцу. Звесткі ў ёй з архіўных падшывак «Сталінскай праўды», у якіх, на жаль, не ўсе выпускі – за 1950 год, да прыкладу, не захавалася 20 нумароў са 104, што выйшлі ў свет, – таму там не ўсе 90 калгасаў. Але і гэтыя звесткі для людзей, што цікавяцца гісторыяй роднага краю, думаю, будуць карыснымі – тым больш, што сёння няма ўжо не толькі тых калгасаў, але і некаторых вёсак, у якіх дзейнічалі сельгасарцелі.
|
Вёска |
Назва калгаса |
Старшыня |
1 |
Астравец |
Імя Сталіна (створаны да вайны) |
Радзішэўскі Іван Адамавіч |
2 |
Варняны |
Імя Варашылава (створаны да вайны) |
Уладзіслаў Антонавіч Шыманец |
3 |
Гервяты |
Імя Молатава (створаны да вайны) |
|
4. |
Ізабеліна |
“Новае жыццё” |
Іваніцкі Іосіф Сцяпанавіч |
5. |
Жарнэлі, хутары Ракішкі, Півені |
Імя Калініна |
Сідаровіч Казімір |
6. |
Міжаны Якентанскага с/с |
“17 верасня” |
|
7. |
Новая вёска Варнянскага с/с |
“Чырвоны сцяг” |
|
8. |
М. Міхалішкі |
Імя Кірава |
Бразевіч Іван |
9. |
Санова Быстрыцкі с/с |
“Барацьбіт” |
Наменткевіч Вікенцій Казіміравіч |
10. |
Навасады Быстрыцкі с/с |
“1 мая” |
Янкун Мар’ян |
11. |
Байканы |
“Чырвоная зорка” |
Дарашкевіч |
12. |
Палушы |
“Перамога” |
Грышкін Васіль Міхайлавіч |
13. |
Бабраўнікі |
“Звязда” |
Петрык Станіслаў |
14. |
Слабада |
Далучыліся да калгаса імя Варашылава |
|
15. |
Слабодка Дзягенеўскага с/с |
“Маладая гвардыя” |
Шаблавінскі Уладыслаў Іосіфавіч |
16. |
Дайлідкі |
“Іскра” |
Сташкевіч Юльян Паўлавіч |
17. |
Тартак |
Імя Чырвонай Арміі |
Лаўрыновіч Іосіф |
18. |
Сакалойці |
Імя Леніна |
Саўко Станіслаў |
19. |
Варона-Сыманэлі |
Імя Карла Маркса |
Праўленне: Сенюць Мелання, Свіла Зянон, Ромаш Фелікс, Гасцевіч Зянон, Дакутовіч Феня |
20. |
Рукшаны, Рымуні |
Імя Пушкіна |
Пыж Баляслаў |
21. |
Рымдзюны |
“Рассвет” |
Пукшта |
22. |
Чэхі |
Імя Чапаева |
Янецкі |
23. |
Хутары Рымдзюны |
Імя Малянкова |
Сячынскі |
24 |
Міцюны |
Імя Жданава |
Равойць Уладзімір |
25. |
Букелішкі Астравецкага с/с |
“Сталінская праўда” |
Прыстаўка Браніслаў |
26. |
Кавалі |
“Чырвоны сцяг” |
Мілешка Станіслаў |
27. |
Грэбалы і Карлаўшчызна |
“Сцяг” |
|
28 |
Сяло Гудагай |
Імя Сталіна |
Ковель Казімір |
29 |
Бадзівалы |
“Чырвоная паляна” |
|
30 |
Гайголі |
“Зорка” |
|
31 |
Кеждуны |
Імя Ракасоўскага |
|
32 |
Індрубка |
Імя Суворава |
|
33 |
Нідзяны |
“Большэвік” |
|
34 |
Расолы Дравяніцкі с/с |
Імя Кастрычніка |
Фірда |
35 |
Баяры Якентанскага с/с |
Імя Сталінскай Канстытуцыі |
|
36 |
Гелюны Рымдзюнскага с/с |
“Залаты колас” |
|
37 |
Дрэвянікі |
“Савецкая Беларусь” |
|
38 |
Мікшаны |
“Чырвоны партызан” |
|
39 |
Малыя Яцыны |
Імя Будзёнага |
|
40 |
Лоша |
Імя Энгельса |
Янушкевіч Кароль |
41. |
Віктасіна |
“Шлях да камунізму” |
|
42. |
Гальчуны |
Імя Мічурына |
|
43. |
Мацкі |
“Першае мая” |
|
44. |
Пранюны |
Імя Чарняхоўскага |
Стралкоўскі Антон Герасімавіч |
45 |
Малі |
“Чырвоны Кастрычнік” |
|
46. |
Смілгі |
“1 мая” |
Анімуцкі Іосіф |
47 |
Едаклані |
“Светлы шлях” |
Букель Вацлаў |
48 |
Стаўбуры |
“Слава” |
|
49 |
Карвелі |
Імя Чкалава |
Даўляш Франц |
50 |
Гаспараліна |
“Маяк” |
|
51 |
Вялікія Яцыны |
“Улада Советаў” |
Рук |
52 |
Фальваркі |
“Новы шлях” |
|
53 |
Філіпаны |
“Стаханавец” |
|
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.