З якім настроем на сяўбе працуюць варнянцы
13:09 / 23.04.2021
З якім настроем працуюць і з якімі праблемамі сутыкаюцца хлебаробы гэтай гаспадаркі, даведаўся карэспандэнт «раёнкі».
Хоць тэхніку ў КСУП «Варняны», у адрозненне ад іншых перадавых гаспадарак, даўно не абнаўлялі, сейбіты гэтага сельгаспрадпрыемства дэманструюць неблагі спрыт. На трох пасяўных камбінаваных агрэгатах у сярэднім за дзень тут засяваецца больш за 100 гектараў.
Рыгор Яромін, галоўны аграном КСУП «Варняны»:
Структура пасяўных плошчаў у гаспадарцы ў параўнанні з мінулым годам змянілася: пад авёс адвядуць каля 200 гектараў, пад ячмень – 1 235, пад пшаніцу і зернебабовыя – па 150 і 270 гектараў адпаведна. Летась частку ворыўных зямель КСУП «Варняны» ўзялі ў арэнду КСУП «Гервяты» і «Гудагай», сёлета было перададзена каля 1 600 гектараў прыватнаму прадпрыемству «Белагразобр».
Азімыя пасевы на «Расе» «корміць» Уладзіслаў Млынкоўскі
– Год на год не даводзіцца. З восені позна адсеяліся – прыгортваць насенне ў глебу дапамагалі КСУП «Гудагай» і «Гервяты», – уводзіць у курс зімоўкі збожжавых і рапсу галоўны тэхнолаг варнянскіх палёў. – Тыя культуры, якія пасеялі ў аптымальныя тэрміны, дрэнна перазімавалі. Пшаніцу сеялі пазней – і пасевы выглядаюць нядрэнна.
Сярод гаспадарак раёна ў КСУП «Варняны» найменш загінула збожжавых і рапсу: не перазімавала каля 220 гектараў. Іх месца займуць проса (100 гектараў) і зернебабовыя.
– Пад цукровыя буракі адвядзём 300 гектараў. Бульбу садзіць не будзем. Плошча пад кукурузай зменшыцца: летась яна займала крыху больш за 1 600 гектараў, у гэтым годзе будзе 1 050, з якіх 50 – на зерне, – працягвае Рыгор Яромін. – Такія змяненні ў першую чаргу абумоўлены тым, што не хапае тэхнікі для ўборкі. Зацягваюцца тэрміны, што негатыўна адбіваецца на якасці сіласу. Лепш менш пасеяць, але атрымаць большую ўраджайнасць.
Па словах галоўнага агранома, пад сяўбу яравых гаспадарка цалкам забяспечана зернем: эліту бралі ў КСУП «Гудагай», астатняе – сваё збожжа.
На поле збожжа падвозіць Артур Лапінскі
Цукровыя буракі гаспадаркі Астравеччыны сёлета будуць здаваць не на Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат, як у мінулыя гады, а на Жабінкаўскі цукровы завод, які выдзеліў КСУП «Варняны» насенне цукровікаў.
Усяго на вясенне-палявых работах у гаспадарцы задзейнічана каля 30 чалавек. Сяўбу збожжавых даверылі самым вопытным і адказным механізатарам: Уладзіміру Мятлеўскаму, Юрыю Бумбулю і Валерыю Дзенюшу.
– Пасля дажджу ў поле выходзілі толькі пад абед. Вільгаці ў глебе хапае, галоўнае – у тэрміны пасеяць збожжа, – лічыць Валерый Дзенюш, які некалькі гадоў назад быў пераможцам працоўнага спаборніцтва, якое ладзіць райкам прафсаюза работнікаў АПК сярод занятых на вясенне-палявых работах механізатараў. – За дзень засяваю каля 35-40 гектараў.
Другі сейбіт Уладзімір Мятлеўскі толькі адмахнуўся ад маіх пытанняў, маўляў, не да размоў: кожная пагодная гадзіна на вагу золата. Дарэчы сказаць, Уладзімір – з кагорты механізатараў, якія працуюць не дзеля ўзнагарод ці грошай. Варта прыгадаць конкурс аратых, які восенню праводзіць Астравецкі раённы выканаўчы камітэт сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання. Некалькі гадоў назад падчас яго мужчына да самай раніцы не спыняў жалезнага каня. За самаадданую працу Уладзіміра Мятлеўскага адзначылі грашовай прэміяй і дыпломам «За волю да перамогі».
Засыпку збожжа ў бункер пасяўнога агрэгата кантралюе Уладзімір Мятлеўскі
– Настрой добры, – прызнаецца Юрый Бумбуль. – Справу сваю ведаю і люблю. Мы, як і нашыя продкі, кіруемся адным прынцыпам: хоць памірай, а жыта сей, – усміхаючыся, гаворыць на развітанне сейбіт.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.