СНІД не спіць. А мы? У Астравецкім раёне зафіксаваны першы выпадак ВІЧ-інфекцыі

08:21 / 01.12.2011
1
1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Аб гэтай страшнай хваробе сказана і расказана шмат. І тым не менш яна, бы жудасная пачвара, працягвае крочыць па планеце і адных назаўсёды забірае з сабой, а над другімі разяўляе пастку з атрутай у чаканні. ВІЧ і СНІД – гэта гучыць не як дыягназ, а як прыгавор. Усё раптам становіцца шэрым і чорным, і жыццё губляе сэнс.
Штогод першага снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Гэта напамін аб тым, што не трэба быць раўнадушнымі і абыякавымі, а варта памятаць, ведаць і засцерагацца. Недарэмна ж кажуць, што праінфармаваны і папярэджаны – значыць, падрыхтаваны і ўзброены.
За неабходнай інфармацыяй мы звярнуліся да намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі раённай бальніцы Сяргея Барысавіча Радзько.


– Ці былі зафіксаваны ў нашым раёне выпадкі ВІЧ? І якое самае небяспечнае ў гэтым плане месца ў Гродзенскай вобласці?
– Шмат гадоў Астравецкі раён лічыўся адным з самых бяспечных у гэтых адносінах, інфекцыя ў нас выяўлена не была. На жаль, у лістападзе гэтага года быў зафіксаваны адзін выпадак ВІЧ-інцыфіраванага чалавека.
Наогул жа, захворваемасць у нашай краіне складае каля 12750 чалавек, з якіх 519 ВІЧ-інфіцыраваных пражывае ў Гродзенскай вобласці. Па-ранейшаму лідзіруе Ліда, дзе зарэгістравана 258 выпадкаў.
– Дык што ж сабой уяўляе ВІЧ?
– ВІЧ, як і іншыя вірусы – гэта дробны мікраарганізм, які немагчыма ўбачыць з дапамогай звычайнага мікраскопа. Трапляючы ў арганізм чалавека, ён паражае імунную сістэму, якая захоўвае нас ад інфекцый. Разбурыўшы частку яе, ВІЧ робіць наш арганізм няздольным супрацьстаяць не толькі знешнім інфекцыям, але і бактэрыям, грыбкам, якія ў норме існуюць у арганізме і не выклікаюць захворвання. Па меры аслаблення імуннай сістэмы развіваюцца захворванні, змагацца з якімі арганізм не можа. Аб людзях, інфіцыраваных ВІЧ, кажуць, што яны – “ВІЧ-пазітыўныя” або “ВІЧ-станоўчыя” (ВІЧ+).
Аднак не трэба думаць, што, калі чалавек заразіўся, ён адразу траціць здароўе. На самой справе, ён можа выглядаць і адчуваць сябе здаровым на працягу доўгага часу. Пройдзе не адзін год (ад 5 да 10 і больш), перш чым у ВІЧ+ узнікне сіндром набытага імуннага дэфіцыту (СНІДу), пачнуцца сур’ёзныя парушэнні абмену рэчываў і функцыянавання розных органаў.
– Заразіцца могуць усе?
– Безумоўна. Пры пападанні ў арганізм віруса абсалютна абыякава, хто гэты чалавек – мужчына ці жанчына, хрысціянін ці мусульманін, жабрак ці алігарх, прафесар ці грузчык. Словам, заразіцца можа абсалютна кожны чалавек, які вядзе бязладнае палавое жыццё або прымае наркотыкі ў вену. Рызыкуючы, людзі заўсёды спадзяюцца, што нічога дрэннага не здарыцца. Аднак звычайна ўсё адбываецца насуперак іх спадзяванням. Не трэба забываць народную мудрасць – сцеражонага і Бог засцерагае. Канешне, ніводзін чалавек не заслугоўвае гэтай страшнай хваробы. Разам з тым ніхто не застрахаваны ад яе. І пакуль мы канчаткова не зразумеем, што любы можа стаць ахвярай ВІЧ, эпідэмія будзе распаўсюджвацца.
– Адкуль наогул узнікла ВІЧ-інфекцыя?
– Зараз вучоныя з упэўненасцю сцвярджаюць, што ВІЧ не з’яўляецца стварэннем рук чалавека. Вядомы выпадкі, калі вірусы відазмяняюцца і ператвараюцца з бясшкодных у небяспечныя для здароўя. Магчыма, такое здарылася і з ВІЧ да таго, як ён пачаў хутка распаўсюджвацца. Таксама магчыма, што ён цыркуляваў некаторы час у ізаляваных групах людзей да таго, як пачалася эпідэмія. Перамяшчэнні людзей прывялі да змянення іх паводзінаў, асабліва сексуальных звычак. Гэта, верагодна, і з’явілася адной з прычын такога хуткага распаўсюджвання віруса.
– Нагадайце, калі ласка, як вірус перадаецца?
– Трэба памятаць, што ВІЧ прысутнічае ва ўсіх вадкасцях арганізма, але перадача інфекцыі заўсёды адбываецца трыма асноўнымі спосабамі. Першы – гэта пры сексуальным кантакце без прэзерватыва. Другі – калі трапляе ў арганізм інфіцыраваная кроў. Гэта адбываецца пры выкарыстанні забруджаных і заражаных шпрыцаў ці іголак, пры пераліванні заражанай донарскай крыві, а таксама пры выкарыстанні неапрацаванага медыцынскага інструмента. І трэці – ад інфіцыраванай маці да дзіцяці: у час цяжарнасці, родаў і пры кармленні грудзьмі.
– А калі ВІЧ не перадаецца?
– Пры карыстанні адзеннем або іншымі асабістымі рэчамі ці прадметамі. Калі пражываеце ў адным доме ці пакоі з хворым або гуляеце з заражаным дзіцём. Пры плаванні ў адным басейне, рацэ ці вадасховішчы з ВІЧ-інфіцыраванымі. Калі едзеце ў перапоўненым транспарце і побач знаходзіцца заражаны чалавек, і нават калі ён чхнуў ці кашлянуў у ваш бок. Пры доглядзе за хворым СНІДам з выкананнем элементарных гігіенічных правілаў або пры аказанні першай медыцынскай дапамогі з мерамі перасцярогі. Ва ўсіх гэтых выпадках вірус не перадаецца.
– А што наконт пацалункаў? Такім чынам нельга заразіцца?
– Пры звычайным “сухім” пацалунку небяспекі не існуе. Пры глыбокім верагоднасць заражэння ёсць толькі ў тым выпадку, калі пашкоджана скура ці слізістыя абалонкі поласці рота і кроў ВІЧ-інфіцыраванага можа трапіць у кроў яго партнёра. Што тычыцца сліны, то яна не ўтрымлівае віруса ў дастатковай для заражэння колькасці.
– А ці распаўсюджваюць інфекцыю камары?
– Ні камары, ні іншыя крывасмокі –вошы, блохі, кляшчы ці клапы – не могуць пераносіць ВІЧ. Калі ў кагосьці ёсць сумненні наконт гэтага, іх дапаможа развеяць простае назіранне. Сярод дзяцей ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў практычна не рэгіструюцца выпадкі захворвання ВІЧ ці СНІДам, хаця і іх кусаюць камары. Мы ведаем, што вірус жыве ў некаторых клетках арганізма чалавека, але не ў клетках жывёл і насякомых. Пагэтаму камары і іншыя насякомыя не распаўсюджваюць ВІЧ.
– Вы сказалі, што спачатку чалавек можа нават і не ведаць, што інфіцыраваны. Што ж адбываецца ў яго арганізме пасля заражэння?
– Хутка пасля гэтага чалавек можа адчуць кароткачасовае недамаганне – слабасць, адсутнасць апетыту, прыпухласць лімфавузлоў. Аднак часта сімптомы наогул адсутнічаюць і чалавек, як правіла, не здагадваецца аб сваім інфіцыраванні. Страшна тое, што ўжо на гэтым этапе ён здольны заражаць іншых, нават не падазраваючы аб гэтым.
На працягу трох месяцаў з дапамогай спецыяльнага тэста можна вызначыць рэакцыю арганізма на ВІЧ. Гэта тэст-аналіз крыві на наяўнасць антыцелаў. Па меры развіцця захворвання можа назірацца страта вагі, прыступы ліхаманкі, начная патлівасць. Некаторыя людзі скардзяцца на празмерную стамляльнасць. Аднак такія ж сімптомы характэрныя для многіх іншых захворванняў і не могуць быць асновай для пастаноўкі канчатковага дыягназу ВІЧ-інфекцыі.
Рана ці позна, але ў заражанага пачынае развівацца СНІД. Звычайна гэта адбываецца праз 5-10 гадоў і больш. Праўда, у розных людзей гэты перыяд неаднолькавы. Дыягназ пацвярджаецца тады, калі ёсць тры прыкметы: паўторны станоўчы аналіз на антыцелы да ВІЧ; чалавек цяжка хворы адным з захворванняў, якому здаровы арганізм здольны супраціўляцца. Сюды ўваходзяць некаторыя віды запалення лёгкіх, туберкулёз і некаторыя віды злаякасных новаўтварэнняў. Калі чалавек пакутуе ад дыярэі, ліхаманкі, рознага роду паражэнняў скуры, лімфавузлоў і горла, якія не знікаюць на працягу трох месяцаў і больш і часта суправаджаюцца значнай стратай вагі.
– Як жа пазбегнуць захворвання?
– Усё залежыць ад нашых учынкаў і ладу жыцця. Пажадана мець аднаго партнёра для інтымных кантактаў. Людзям, якія вядуць бурнае і разнастайнае сексуальнае жыццё, абавязкова трэба выкарыстоўваць прэзерватывы. Іх здароўе залежыць толькі ад іх саміх.
Яшчэ хочацца звярнуць увагу на адносіны людзей да ВІЧ-інфіцыраваных. Напрыклад, чалавек даведаўся, што заразіўся. Што рабіць? Куды звярнуцца? З кім падзяліцца? Як адрэагуюць блізкія і наогул, ці трэба ім аб гэтым ведаць? Сотні падобных пытанняў з хуткасцю свету змяняюць адно аднаго. І ўсё заканчваецца страхам. Бояззю быць незразумелым, нікому не патрэбным і, вядома ж, страхам за сваё жыццё. Таму не трэба адносіцца да ВІЧ-інфіцыраванага, як да ізгоя. Ён – такі ж як усе, толькі хворы і лякарства ад гэтай хваробы, на жаль, яшчэ не вынайшлі. Вопыт спецыялістаў з розных краін сведчыць, што максімум увагі і клопату з боку сяброў, калег па рабоце, знаёмых і галоўнае – сям’і, а таксама добрыя адносіны акружаючых людзей дапамагаюць ВІЧ-інфіцыраваным пазбавіцца ад страху быць “выкрасленымі” з жыцця грамадства. Такія людзі даўжэй жывуць, лягчэй пераносяць абвастрэнні захворвання і праяўляюць жаданне быць патрэбнымі іншым людзям і дапамагаць такім, як яны, ВІЧ-інфіцыраваным.


Марына МАЦКЕВІЧ.