Наталля Бялячыц: «Стараюся дарыць людзям добры настрой»

13:07 / 11.10.2020
Ёсць людзі, пасля стасункаў з якімі бы наталяешся сонечным святлом і яшчэ доўга хочацца ўсміхацца. Ёсць прафесіяналы, што раствараюцца ў сваёй рабоце і не могуць жыць без любімай справы. Ёсць няўрымсліўцы, што пастаянна рухаюцца наперад: імкнуцца нешта прыдумаць, стварыць, дасягнуць. 

У загадчыцы аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гервяты (аг. Рымдзюны) Наталлі Бялячыц гарманічна спалучаюцца ўсе гэтыя якасці. Хоць яна не спявае на вялікай сцэне, не грае на музычных інструментах, культуру непаўторнай шматнацыянальнай старонкі гервяцкага краю немагчыма ўявіць без гэтай абаяльнай усмешлівай жанчыны.

Да каранёў сваіх

1.jpg Яны нават падобныя паміж сабой: жанчына і мясцовасць, дзе яна жыве і працуе. Гервяцкі край вядомы сваёй шматнацыянальнасцю – Наталля Аляксандраўна лічыць, што таксама вырасла ў падобным асяроддзі.

– У мяне сям’я шматнацыянальная, – усміхаючыся, расказвае жанчына. – Мама родам з Трокенікаў, тата – з Валгаграда, а сустрэліся яны ў Вільнюсе. Пазнаёміліся – і праз месяц вяселле справілі. Нарадзілася я на Астравеччыне, базавую школу скончыла ў Вільнюсе, 10-11 класы – на бацькавай радзіме, а вышэйшую адукацыю атрымала ўжо ў Мінску. Пры гэтым пытанне, дзе буду вучыцца пасля заканчэння школы, нават не абмяркоўвалася – мяне цягнула ў Беларусь. На шчасце, бацькі ў мяне мудрыя – яны не ўмешваліся, не пярэчылі і дазволілі зрабіць выбар самастойна. Толькі папярэджвалі: добра падумай, каб пасля не давялося шкадаваць. У той час моднай і запатрабаванай была прафесія юрыста – я выбрала юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Практыку праходзіла ў пракуратуры Астравецкага раё­на – падабалася, але працаваць па спецыяльнасці не давялося.

Магчыма, хтосьці скептычна ўсміхнецца: прынцыповасць і сур’ёзнасць юрыста ну ніяк не спалучаецца з творчай, узнёслай, артыстычнай натурай работніка культуры. А вось Наталля Бялячыц з гэтым катэгарычна не згодна – яна ўпэўнена, што такія якасці, як дакладнасць і адказнасць, запатрабаваныя ў любой сферы дзейнасці, і прызнаецца, што загартоўка і навыкі, атрыманыя на юрыдычным факультэце, дапамагаюць ёй і цяпер. 

– Я не вазьмуся за справу, калі не буду на 100% упэўнена, што спраўлюся, – працягвае Наталля. – У іншым выпадку падвяду людзей, якія на мяне разлічвалі, а гэта недапушчальна. У мяне ёсць правіла: трэба адносіцца да людзей так, як бы ты хацеў, каб адносіліся да цябе. 

У якія толькі жарты не гуляе з намі лёс. У юнацтве, бавячы з сябрамі час, Наталля неяк абмовілася, што нізавошта не хацела б жыць у гервяцкім краі – хоць і была там толькі аднойчы. А праз некалькі гадоў яна прыехала ў Рымдзюны. Гуляючы з маленькім сынам, літаральна адразу ўлюбілася ў гэты дзіўны, унікальны, непаўторны куточак Астравеччыны. І адчула: яна – дома. 

Шлях да прызвання 

Пасля дэкрэту Наталлі прапанавалі месца ў Рымдзюнскай сярэдняй школе з літоўскай мовай навучання. Там яна працавала бібліятэкарам, сакратаром, выхавацелем прышкольнага інтэрната, вяла гурткі па дэкаратыўна-прыкладным мас­тацтве. І там зразумела, што ёй вельмі падабаецца займацца з дзецьмі: вучыць іх новаму, бачыць іх эмоцыі, разам радавацца поспехам. 

– Вучні называлі мяне настаўніца Наташа, – з цеплынёй успамінае жанчына. – Прыемна, што і цяпер з многімі падтрымліваем сувязь. Усё ж нездарма ў дзяцінстве я любіла гуляць у настаўніцу, у мяне былі журнал, сшыткі і нават указка – і я з важным выглядам вучыла лялек. Тады здавалася, як вырасту, абавязкова буду працаваць з дзецьмі – у нейкім сэнсе гэта спраўдзілася. (Усміхаецца.) 

Аднак школа была толькі часовым прыпынкам на шляху да галоўнай справы. У канцы 2014 года адбывалася рэарганізацыя клубаў у аддзелы культуры і вольнага часу. Наталля нават не падазравала, які падарунак рыхтуе ёй Дзед Мароз, пакуль аднойчы яе не выклікалі ў райвыканкам. 

– У мяне заўсёды былі добрыя адносіны са старшынёй Гервяцкага сельсавета Люцыяй Лях, – працягвае Наталля. – Аказваецца, яна і парэкамендавала мяне на пасаду загадчыка гервяцкага аддзела культуры. Ад такой прапановы я, мякка кажучы, была ў разгубленасці. Доўга думала, сумнявалася, разважала, узвешвала ўсе «за» і «супраць» і да апошняга цягнула з адказам. Метадысты цэнтра культуры,  калегі з раёна паабяцалі дапамагаць. Аднак мне было боязна, што не спраўлюся, не апраўдаю спадзяванні і затым будзе сорамна. Я перажывала да таго часу, пакуль ксёндз Леанід Нясцюк, які для мяне быў амаль як бацька, не сказаў: «Наташа, ніколі нічога не бойся, заўсёды спрабуй штосьці новае, ідзі наперад і не сумнявайся, я ведаю: у цябе ўсё атрымаецца». Пасля такіх слоў камень з душы зваліўся, я згадзілася, але нікому, акрамя родных і сяброў, не прызналася. Да абавязкаў загадчыка аддзела прыступіла толькі ў сакавіку 2015-га – і ўвесь гэты час паглядвала на калег са школы, на супрацоўнікаў з культуры і зноў пачынала сумнявацца: раптам не атрымаецца? Але на новым месцы мяне сустрэлі прыязна, раённае кіраўніцтва падтрымала, метадысты і калегі па культурнаму цэху дапамаглі – і я адаптавалася. А яшчэ за гэты час зразумела, што са мной працуюць надзейныя людзі, з якімі можна смела прайсці агонь, ваду і медныя трубы – дзякуй ім за давер і дапамогу.

Самародкі гервяцкай культуры 

Наталля Аляксандраўна прызнаецца: з кожным днём усё больш уваходзіла ў смак культурнай работы і разумела, што атрымлівае ад гэтага задавальненне. Тут таксама былі гурткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і фларыстыцы. Аднак хацелася нечага большага, значнага – напрыклад, адрадзіць аматарскае фальклорнае аб’яднанне «Жыльвіціс».

– Я называю наш край маленькай дзяржавай у дзяржаве. Мова, дыялекты, традыцыі, звычаі – усё ўнікальнае. Але галоўнае багацце – людзі, знаёмства з якімі я лічу падарункам лёсу. Аматарскае аб’яднанне «Жыльвіціс» існуе з 1956 года, але апошнім часам пра яго ніхто нічога не ведаў. Гэта трэба было тэрмінова выпраўляць. Удзельніц калектыву ведала яшчэ па школе – яны былі частымі гасцямі на мерапрыемствах. Таму аднойчы проста села ў аўтамабіль і паехала да іх з прапановай адрадзіць калектыў. Я не ведала, ці атрымаецца ў нас штосьці і не магла ім нічога абяцаць – і шчыра ў гэтым прызналася. Але яны мне паверылі. Мы прыдумалі нумар, куды падключылі дзяцей, як пераемнікаў традыцый, дабавілі дзейства працэса прання льняной ніткі, каб паказаць, што людзі таго пакалення не ўяўлялі жыцця без працы і песні – і ў гэтым іх мудрасць і сіла. А 27 чэрвеня 2015 года ў нас праходзіў конкурс «Гервяты.бай», і гэта было маё першае раённае мерапрыемства – своеасаблівае выпрабаванне. Там выступалі мае бабулі. Як жа я хвалявалася! Калі нас аб’явілі пераможцамі, скакала ад радасці, як дзіця. Пасля былі іншыя перамогі, дыпломы і падарункі, але першыя эмоцыі былі самымі яркімі. Удзельніцы «Жыльвіціса» – неверагодныя жанчыны. Нават калі ты прыязджаеш да іх у дрэнным настроі – вяртаешся адтуль поўнасцю адрадзіўшыся. Я вучуся ў іх мудрасці, зараджаюся энергіяй і чэрпаю ідэі. Напрыклад, не так даўно мы разам прыдумалі травяную гарбату «Сакрэт даўгалецця», якая стала гервяцкім брэндам. Усе травы ў ёй мясцовыя. Але галоўны сакрэт гэтага напою заключаецца ў тым, што ён дорыць самае каштоўнае і неабходнае кожнаму – добры настрой. Упэўнена, гэта далёка не апошняя навінка, якую мы адкрыем разам з самародкамі гервяцкага краю.  

Захапленні і мары  жанчыны-ўсмешкі

Большасць людзей бачаць Наталлю Бялячыц прыветлівай і абавязкова з усмешкай. Калі глядзіш на гэтую жыццярадасную жанчыну, міжволі ўзнікае пытанне: ці бывае ў яе дрэнны настрой?

– Я самы звычайны чалавек, якому таксама бывае дрэнна і крыўдна, – прызнаецца Наталля. – Проста не паказваю гэтага іншым. Перажыванні, расчараванні, слёзы бачаць толькі самыя родныя людзі. Навошта распаўсюджваць негатыў? З акружаючымі трэба дзяліцца пазітывам, а раптам мая ўсмешка камусьці дапаможа?! Тым больш што я – работнік культуры і прос­та абавязана несці людзям радасць. Так, быў у маёй працоўнай дзейнасці непрыемны перыяд, калі я развіталася з аддзелам культуры і працавала ў іншай сферы. Гэта было невыносна. Вось тады я перастала ўсміхацца і штораніцу прачыналася хворай. Пасля такога вопыту цяпер раю ўсім: не прымайце важныя рашэнні на гарачую галаву. Доб­ра там, дзе нас няма. На працу трэба хадзіць з задавальненнем – тады ўсё будзе атрымлівацца і захочацца ўсміхацца не толькі сабе, а ўсім навокал. 

Хоць Наталля, здаецца, рэалізоўвае ўсе свае крэатыўныя ідэі на рабоце, дома ў яе таксама ёсць захапленне. 

– Яшчэ ў 4 класе настаўніца заўважыла, што ў мяне добра атрымліваецца складваць букеты, – успамінае жанчына. – Фларыстыка – мая слабасць. Я вельмі люблю рабіць кветкавыя кампазіцыі – сябрам, родным, знаёмым, у падарунак ці проста так. Гэта рэлакс для душы. У мяне ёсць запаветная мара адкрыць калі-небудзь свой кветкавы магазін у сельскай мясцовасці. Я нават ведаю, як ён будзе выглядаць і магу гаварыць пра гэта бясконца.  

Наталля Аляксандраўна гэтак жа захопленна расказвае пра кожнага работніка свайго калектыву, падтрымку і апору якога яна адчувае штодзень. Пра Леаніда Несцюка, які сыграў важную ролю ў яе жыцці і якога яна і зараз лічыць сваім анёлам-ахоўнікам. Пра «Куток мясцовага старажытнага побыту», пра які пісала наша газета. Пра правядзенне экскурсій па гервяцкім краі. Пра арганізацыю разнастайных мерапрыемстваў і канцэртаў. Дарэчы, менавіта толькі на рымдзюнскай сцэне, за выключэннем Астраўца, выступалі артысты тэатра – і гэта становіцца добрай традыцыяй. 

– Я люблю Рымдзюны і наш гервяцкі край. І хачу растлумачыць і даказаць усім, што жыць у сельскай мясцовасці цікава і карысна. Я хачу, каб мае землякі таксама маглі паглядзець спектакль, схадзіць на канцэрт, наведаць выставу – і для гэтага не трэба было ехаць у Мінск ці той жа Астравец. Мне хочацца, каб нашы людзі ганарыліся, што яны жывуць тут – у вёсцы. І я буду і надалей старацца арганізоўваць для землякоў цікавы культурны адпачынак і дарыць радасць. Бо не магу інакш: гэта – не толькі мая работа, а справа майго жыцця.  


5 пытанняў не па тэме:

1. Якой неардынарнай якасцю хацелі б  валодаць? 

– У мяне нядрэнная інтуіцыя, але ў некаторыя моманты хацелася б, каб яна была яшчэ больш дакладнай.

2. Ад чаго ніколі не адмовіцеся?

– Ад правядзення экскурсій.

3. Якой,  на ваш погляд, павінна быць сапраўдная жанчына? 

– Мудрай, простай, любячай, шчаслівай.

4. Каго са знакамітых людзей запрасілі б на вячэру?

– Не ведаю чаму, але адразу падумала пра Уладзіміра Пуціна – ён разумны граматны чалавек і, мне здаецца, з ім было  б цікава паразмаўляць.

5. Самы незвычайны падарунак, які вы атрымалі?

– Зноў узгадаю айца Леаніда Несцюка. У яго была незвычайная традыцыя: некалькі разоў на месяц ён прыдумваў сваім родным і сябрам імяніны. Памятаю, прыязджаю да яго па справах, а ён кажа: «Наташка, уяўляеш, у цябе сёння імяніны!» Я ў адказ: «Вы што, якія імяніны, яны ў мяне ў верасні, а зараз чэрвень». А ён так упэнена: «Нічога не ведаю, па навінах перадалі – трымай падарунак». Пазней прыехала мая сяброўка, ён і ёй кажа – маўляў, уяўляеш, у цябе імяніны! Тады наведалася яшчэ жанчына – і ў яе аказалася свята. Вось так айцец Леанід падымаў настрой і дарыў людзям радасць. Гэта быў неверагодны, шчыры і светлы чалавек. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: