У Астраўцы прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня маці

13:14 / 18.10.2011
3

У пятніцу ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў урачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню маці.


Дзень маці – свята маладое, але вельмі папулярнае. Свята, у якое мы лішні раз можам успомніць пра нашых мілых, любімых і такіх дарагіх матуль. Таму і зразумела, што кінаканцэртная зала “Астравец” была поўнасцю запоўнена мамамі рознага ўзросту, бабулямі, а таксама маладымі жанчынамі і дзяўчатамі, якія яшчэ толькі мараць пра шчасце мацярынства. Ганаровыя месцы ў ёй занялі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, якія былі ўзнагароджаны Ордэнам Маці.
Урачысты сход пачаўся з выступлення намесніка старшыні райвыканкама В.З. Свіла, які расказаў пра дэмаграфічнае становішча ў нашым раёне. Дарэчы, большасць насельніцтва нашага раёна складаюць менавіта жанчыны і дзяўчаты. Дваццаць з іх узнагароджаны Ордэнам Маці, 42 – Ордэнам Мацярынскай Славы. А яшчэ ў раёне жывуць 295 шматдзетных сем’яў.



Віктар Збігневіч ад імя райвыканкама павіншаваў усіх, хто сабраўся ў той дзень у зале, з Днём маці. А потым на сцэну запрасілі матуль, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей і былі ўзнагароджаны Ордэнам Маці. Намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла і старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч уручылі запрошаным на сцэну жанчынам кветкі і падарункі ад тэрытарыяльнага цэнтра. Іх атрымалі Н.В. Сянкевіч, Т.А. Урбановіч, Э.В. Корань, А.Ф. Гасцевіч, І.С. Юркойць, І.К. Русецкене, А.Т. Дрэма, І.С. Жвірыдоўская, Л.Г. Кіткевіч, Л.С. Анімуцкая, Г.С. Бініцэвіч, А.М. Казлоўская, Д.С. Марцінкевіч, І.З. Пашук, А.Д. Радзевіч, Г.А. Чыжэўская, А.М. Рабкоўская, А.А. Грэйць, В.С. Мадэкша, а таксама А.В. Рабкоўская, якая сёлета рашэннем Астравецкага райвыканкама прадстаўлена да ўзнагароджвання Ордэнам Маці. Не ўсе яны змаглі прысутнічаць на святочнай урачыстасці, але кожная заслугоўвае добрых слоў і шчырай падзякі.
Потым пачаўся святочны канцэрт, дзе песні і танцы мамам дарылі, канешне ж, дзеці, якія яшчэ толькі робіць першыя крокі да артыстычных вышынь, і ўжо вядомыя зоркі астравецкай эстрады.


Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.










Жанчынам – ад жанчын

Пагадзіцеся, ёсць нешта сімвалічнае ў тым, каб нарадзіць дзіцятка ў свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у Дзень маці ці напярэдадні яго. І таму жанчыны, што ляжалі ў той дзень у радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, былі ў асаблівым настроі...


Нехта з іх ужо рыхтаваўся да выпіскі – на лесвіцы з букетам кветак і дрэнна схаваным хваляваннем маладую маму Святлану Піменаву з дачушкай-першынцам Настачкай чакалі новаспечаныя тата і бабуля. Нехта, як Наталля Болагава, якая толькі гадзіну назад нарадзіла сястрычку сваім двум старэйшым сынам, яшчэ адыходзіў ад перажытага…
Усіх жанчын, якія 14 кастрычніка знаходзіліся са сваімі нованароджанымі немаўлятамі ў “радзілцы”, прыйшлі павіншаваць з Днём маці і з радаснай падзеяй – нараджэннем дачушак (а на тым тыдні ўсе буслы, як згаварыўшыся, насілі ў астравецкую бальніцу толькі дзяўчынак – напэўна, у гонар надыходзячага свята) члены прэзідыума раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, таксама маці, якія добра разумелі іх хваляванні і перажыванні, — Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч, Ірына Эдуардаўна Тальчук і старшыня гэтай арганізацыі Ніна Аляксееўна Рыбік.
Падарункі былі чыста сімвалічнымі: кветкі, кнігі астравецкіх аўтараў і першы фотаальбом для іх малышак. Які, дарэчы, адкрываўся фотаздымкам, зробленым літаральна за гадзіну да таго фотакарэспандэнтам “Астравецкай праўды” – такая аператыўнасць нямала здзівіла жанчын. Напэўна, гэты здымак, у пэўнай ступені гістарычны і будзе беражліва захоўвацца ў сямейным архіве.
Пажаданні жанчын маладым маці былі самымі шчырымі і сардэчнымі. Няхай дзяўчынкі, што нарадзіліся ў такі святы дзень ці напярэдадні яго, якім самім некалі давядзецца стаць маці, растуць здаровымі і будуць шчаслівымі – і як дачушкі, унучкі, сястрычкі, і потым – як матулі, бабулі, прабабулі… І нясуць шчасце і радасць усім сваім родным і блізкім!


Ніна ПАЛЕСКАЯ.





У бальніцу – з падарункамі

Чатыры жыхаркі нашага раёна адзначылі Дзень маці ў радзільным аддзяленні Астравецкай ЦРБ – яны падарылі жыццё чатыром прыгажуням-дзяўчынкам.



Павіншаваць іх з гэтай цудоўнай падзеяй адправіліся старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В.І. Ждановіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Я.В. Панасюк і намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне С.У. Родзь.
Святлана Піменава з Гервят і Крысціна Міхіна з Маляў упершыню спазналі радасць мацярынства – напярэдадні Дня маці яны нарадзілі дачушак. Святлана назвала сваю малышку Анастасіяй, а Крысціна – Златай. Медсястра інфекцыйнага аддзялення Астравецкай ЦРБ Наталля Рогач ужо мае сыночка і цяпер у яго з’явілася яшчэ і сястрычка. Наталля Болагава ў час нашага візіту знаходзілася ў радзільнай зале і павінна была вось-вось нарадзіць (як потым мы даведаліся, у гэты святочны дзень на свет з’явілася таксама дзяўчынка вагой 3 кілаграмы 320 грамаў – гэта ўжо трэцяе дзіця ў сям’і). Так што ў нашым жаночым палку прыбыло!
Валерый Вацлававіч Барташэвіч павіншаваў жанчын і сказаў ім шмат цёплых, добрых і шчырых слоў, а Віктар Іосіфавіч Ждановіч уручыў шчаслівым мамам падарункі ад тэрытарыяльнага цэнтра – камплекты для нованароджаных і кветкі.
Мы таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем маці і іх дзеткам моцнага здароўя.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.