Справаздача з песнямі і падарункамі

13:45 / 12.10.2011

Справаздачны сход Астравецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” прайшоў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


Былі на мерапрыемстве і запрошаныя госці: старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Яўгеній Міхайлавіч Баклага, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Станіславаўна Дукевіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Букель, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч і старшыня раённай арганізацыі беларускага таварыства “Чырвоны Крыж” Вольга Іосіфаўна Руднік.
А ва ўтульнай зале, якая была проста застаўлена вышыванымі карцінамі, рэчамі, звязанымі кручком і пруткамі, вырабамі з дрэва і каменя, сабраліся людзі рознага ўзросту, якіх аб’яднала агульная справа – іх цікавіла ўсё, што адбылося ў раённай арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” за мінулы год.
Пра дзейнасць раённай арганізацыі інвалідаў па зроку не раз пісала наша газета, пра іх дасягненні можна было даведацца з выставы грамат і дыпломаў, якія члены арганізацыі заваявалі ў апошнія гады. Узнагароды на абласным фестывалі творчасці, абласным конкурсе народнай творчасці “Я ўсё магу”, конкурсе інсцэніраванай песні і літаратурна-музычных кампазіцый, чэмпіянаты і першынствы вобласці па шашках сярод жанчын і мужчын і шмат-шмат іншых гавораць пра тое, што члены таварыства пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых спраў і ідэй.
Пра дзейнасць раённай арганізацыі расказала ў сваім выступленні яе кіраўнік Юзэфа Антонаўна Адынец. Яна выказала словы ўдзячнасці самым актыўным членам таварыства, кіраўніцтву і супрацоўнікам раённага выканаўчага камітэта, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра, старшыні “Беларускага фонду міру” А.С. Сухадольскай.
Яўгеній Міхайлавіч Баклыга пасаду старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку займае толькі з канца мінулага года. Тым не менш ён добра ведае праблемы, якія існуюць у іх жыцці. Таму ў размове з людзьмі, якія сабраліся на сход, больш падрабязна спыніўся на набыцці спецыяльнай тэхнікі для інвалідаў па зроку і на правядзенні аперацый, якія для інвалідаў І і ІІ групп у Гродзенскай абласной бальніцы праводзяцца бясплатна.
Ад імя райвыканкама выступіла на пасяджэнні Таццяна Мікалаеўна Букель.
А потым пачалася ўрачыста-падарункавая частка. З падарункамі завітала на пасяджэнне старшыня раённай арганізацыі беларускага таварыства “Чырвоны Крыж” Вольга Руднік. Песнямі, цікавымі байкамі і вершамі стварылі настрой таленавітыя і заўсёды маладыя душой і сэрцам артысты народнага хору ветэранаў працы “Вясёлка”. Члены таварыства атрымалі падарункі ад старшыні раённага аддзялення “Беларускага фонду Міру” А.С. Сухадольскай і прадуктовыя наборы ад старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Я.М. Баклага.
Напрыканцы сустрэчы Яўгеній Міхайлавіч Баклага адказаў на пытанні членаў таварыства і некаторым удзельнікам сходу дапамог вырашыць набалеўшыя праблемы.
Разыходзіліся ўсе з добрым настроем, каб у хуткім часе зноў сустрэцца разам.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.