З узнагародамі вярнуліся астравецкія хлебапёкі з рэспубліканскага конкурса

09:02 / 12.10.2011

Хто дбае, той і мае – cцвярджае старая беларуская прымаўка. Да Астравецкага райспажыўтаварыства яна мае поўнае дачыненне. Штогод новая прадукцыя гэтай арганізацыі займае прызавыя месцы на конкурсах самага рознага ўзроўню.


Вось і сёлета на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2011” астравецкія кааператары заваявалі некалькі ўзнагарод.
Сёлета кіраўніцтва райспажыўтаварыства і хлебазавода вырашыла прадставіць прадукцыю ў трох намінацыях: батоны хлебабулачныя з пшанічнай мукі вышэйшага сорту, кексы і здобныя булачныя вырабы. На конкурс астравецкія хлебапёкі павезлі пяць найменняў прадукцыі: батон “Красавіцкі”, плюшка “Карынка”, кексы “Хатні”, “”Арэшак” і “Астравецкі”. І ўся прадукцыя трапіла ў лік фіналістаў і атрымала два залатыя і тры сярэбраныя медалі і адпаведныя дыпломы.
Золатам былі адзначаны кексы “Арэшак” і “Хатні”, а рэспубліканскае серабро “ўзялі” батон “Красавіцкі”, плюшка “Карынка” і кекс “Астравецкі”.
Прыемна, што распрацоўкай кексаў “Арэшак” і “Астравецкі” займаліся нашы людзі – начальнік лабараторыі хлебазавода Святлана Іванаўна Рашэтнік і інжынер-тэхнолаг Таццяна Іванаўна Яцэвіч. Радуе і тое, што сёлета на хлебакамбінаце з’явілася двуххуткасная цестазамешвальная машына, дзякуючы якой цеста хутчэй замешваецца і робіцца больш пышным – а гэта значыць, што белабулачная прадукцыя атрымліваецца смачнай, духмянай і мяккай. І цяпер ацаніць гэта могуць не толькі члены рэспубліканскага журы, але і ўсе жыхары Астравеччыны.


Алена ЯРАШЭВІЧ.