Вынікі 9 тура раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях

10:41 / 07.09.2011

Пасля дзявятага тура раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, у якім перамогу атрымаў рэдакцыйны “Востраў шанцавання”, сярод лідараў зноў – двухуладдзе: на верхнім радку турнірнай табліцы, як і пасля сёмага тура, дзве каманды – медыкі і журналісты. А цана перамогі – усяго толькі адзін правільны адказ.


Кожная інтэлектуальная гульня мае нейкія свае асаблівасці. Бывалі ў нас гульні нервовыя, здараліся вясёлыя, цікавыя, “свечаныя”, удалыя ці не вельмі – для той ці іншай каманды… Апошняя ж, жнівеньская, якая прайшла ў апошні панядзелак апошняга летняга месяца (тройчы апошняя, выходзіць?) была на дзіва спакойнай і роўнай. Дастаткова сказаць, што па выніках дзявятага тура (без уліку рэйтынгу, які па тэхнічных прычынах адразу падлічыць не ўдалося) усе каманды апынуліся ў ліку прызёраў: “Востраў шанцавання” запісаў у свой актыў шаснаццаць правільных адказаў, ветэранская “Надзея” і гімназічная “Astra” – па трынаццаць, а ўсе астатнія – па пятнаццаць. Такая роўнасць сведчыць аб тым, што ўсе каманды пакрысе набіраюцца вопыту і сталі гуляць прыкладна аднолькава. А магчыма, справа ў тым, што апошняя гульня была не вельмі складанай. Хоць і тое праўда, што многія каманды прыйшлі на яе ў аслабленым складзе – лета, як і сезон водпускаў, яшчэ не закончылася…
Праўда, падлічаны крыху пазней рэйтынг пытанняў усё ж развёў каманды па розных месцах. Мог не турбавацца за яго толькі “Востраў шанцавання” са сваёй абсалютнай перамогай. А сярод “пятнаццаціачковых” самы высокі – і абсалютна аднолькавы! — ён аказаўся ў бальнічнага “ЦэРэБрала” і “Нікі” з падатковай інспекцыі. У выніку яны ў дзявятым туры – у цеснаце, ды не ў крыўдзе – дружна размясціліся на другім месцы. На трэцяй прыступцы – “Magnum ignоtum” з райвыканкама.
Пра роўнасць гульні гаворыць і той факт, што ўсе без выключэння каманды адказалі ажно на восем пытанняў: пра сакавіцкіх катоў, да якіх адносяцца і тыгры; пра асабняк у Пецярбургу, дзе жыла княгіня Галіцына, якая стала прататыпам галоўнай гераіні “Пікавай дамы” і дзе зараз па іроніі лёсу знаходзіцца казіно; пра арыгінальную назву рэстарана ў горадзе Мышкін, дзе падаюць бясплатны сыр, – “Мышалоўка”. Усе правільна суаднеслі працытаваную вядучай прытчу з раманам Мітчэл “Знесеныя ветрам”; здагадаліся, што турэцкая танцоўшчыца яшчэ ў жываце маці пачала вучыць танец жывата; што адкрыць вочы на закон павінна была Феміда. Ні ў адной каманды не выклікала цяжкасцей пытанне пра “Ракавыя яйцы” Булгакава і другі Спас, на які кожны жабрак павінен яблычак з’есці.
І гэтаксама ўсе дружна не ведалі, што кардынал Рышэлье не проста ГУЛЯЎ з д’Артаньянам у шахматы, а ВУЧЫЎ яго гэтаму, расказваючы, у якіх выпадках можа быць незалежнай каралева; што другая масонская ложа, у якую ўваходзіў Моцарт, называлася “Гастраном”. Ніхто не адказаў на пытанне пра некралог Кіплінга, не здагадаўся пра два ключавыя словы “да спаткання”, і не ведаў, што 540 метраў Астанкінскай тэлевежы – гэта роўна дзесяць рулонаў туалетнай паперы…
Былі ўсе шансы стаць “труной” і ў пытання пра чацвёрты радок верша з перакіднога календара – “дапісаў” яго толькі “Magnum ignоtum”. Пэўныя спрэчкі ўзніклі з адказам на пытанне аб тым, перад якой падзеяй герой павінен быў напісаць развітальную запіску за лакавым сталом і пажадана не чарнілам, а крывёю. Абсалютна правільны адказ – харакіры – не даў ніхто, але журы палічыла, што харакіры – тое ж самае, што самазабойства, і залічыла гэты адказ пяці камандам.
Канчатковыя вынікі гульні бачны з табліцы. Як і тое, што дзве каманды, якія напачатку года вельмі нядрэнна пачыналі чэмпіянат, цяпер фактычна з яго выбылі – гэта вельмі цікавая зборная юрыстаў “Антрацытавае сонца” і “А’Крэм з Гудагайскай школы. Шкада…
А для ўсіх астатніх, асабліва для лідараў, уся барацьба яшчэ наперадзе. Таму — да сустрэчы ў вераснёўскім туры раённага чэмпіянату!


Ніна РЫБІК.