Пажар у Сыманэлях забраў адно жыццё

08:42 / 07.09.2011

4 верасня ў 0.28 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Астравецкага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары ў вёсцы Сыманэлі Варнянскага сельскага Савета.


Па прыбыцці на месца здарэння пажарных з паста ў вёсцы Варняны, імі было зафіксавана гарэнне ўнутры дома, а з аконнага праёма выбіваўся дым.
Як стала вядома пазней, пажар заўважыў сусед, які і выклікаў выратавальную службу, пасля чаго, яшчэ з двума мужчынамі, прыступіў да тушэння пажару.
Калі агонь быў пераможаны, супрацоўнікі пажарнай службы знайшлі ў пакоі на ложку труп гаспадыні дома – пенсіянерку 1951 года нараджэння. Зыходзячы з месца размяшчэння ачага пажару, мяркуемай прычынай здарэння стала курэнне ў ложку.
А між тым, супрацоўнікі пажарнай інспекцыі праводзілі з жанчынай тлумачальныя размовы аб недапушчэнні курэння ў жылых памяшканнях, асабліва – у нецвярозым стане. Акрамя таго, ёй прапаноўвалася адрамантаваць няспраўныя ўчасткі электраправодкі і ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, што так і не было зроблена.
У гэтым годзе на тэрыторыі Варнянскага сельсавета гэта ўжо пяты пажар і чацвёртая ахвяра.


Эдуард Малышка.