Журналісцкае расследаванне: дабрачыннасць з непаразуменнямі
Многія жыхары Астравеччыны памятаюць канцэрт рускага шансона, які адбыўся напрыканцы мая. Той, хто ў той вечар прыйшоў у кінаканцэртную залу “Астравец”, меў магчымасць не толькі паслухаць аўтарскія песні нашага земляка Іосіфа-Анатолія Раўдановіча і папулярныя песні рускага шансона ў выкананні Сяргея Функа, прадпрымальніка са Смаргоні, але і прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. Частку выручаных ад канцэрта сродкаў артысты збіраліся перадаць у Варнянскі дзіцячы сацыяльны прытулак – так было напісана на рэкламных плакатах. Магчыма, менавіта магчымасць зрабіць пасільную добрую справу паклікала ў той вечар многіх у кінаканцэртную залу.
Але, як аказалася, да канца лета абяцаных грошай у дзіцячы прытулак прадпрымальнікі так і не перадалі. Чаму?
“Астравецкая праўда” вырашыла разабрацца ў гэтай сітуацыі. Безумоўна, дабрачыннасць мае на ўвазе добраахвотную дапамогу і слова “павінен” тут недарэчы. Але ж, калі людзі публічна абяцаюць перадаць частку сродкаў ад канцэрта ў сацыяльны прытулак і на гэтым будуюць сваю акцыю, у гэтым выпадку невыкананне дадзенага слова выглядае, мякка кажучы, не салідна.
Спачатку мы вырашылі пагутарыць з дырэктарам Варнянскага дзіцячага сацыяльнага прытулка Аксанай Уладзіміраўнай Юркойць, якая, уласна кажучы, і ўзняла праблему: стала цікавіцца ў розных інстанцыях, дзе ж абяцаныя артыстамі грошы. Вось, што расказала нам Аксана Уладзіміраўна:
– У пачатку мая мне патэлефанаваў Сяргей Функ і расказаў, што будзе канцэрт і частку выручаных ад продажу білетаў сродкаў ён збіраецца перадаць у наш прытулак. І пры гэтым папрасіў, каб мы дапамаглі рэалізаваць білеты. Я згадзілася. Хоць лічу, што пры чым у такім выпадку дабрачыннасць? Калі я буду рэалізоўваць білеты на канцэрт, то гэта ўжо будзе плата за маю работу, а не добраахвотнае ахвяраванне сродкаў. Але пасля нашай размовы ніхто да нас не прыехаў і білетаў не прывёз. У маі прайшоў так званы дабрачынны канцэрт – ад Сяргея Функа ні слыху ні дыху. Прайшло два месяцы – грошай прытулак так і не ўбачыў. Таму мы вырашылі патэлефанаваць артыстам і пацікавіцца, у чым справа. Але атрымалі вельмі рэзкі адказ: маўляў, вы білеты не рэалізоўвалі, на канцэрт не прыйшлі, і таму ніякіх грошай не ўбачыце. Стала непрыемна. Аднойчы на Вялікдзень да нас у прытулак прыехаў мужчына і прывёз усім дзецям велікодныя яйкі, пірагі і зрабіў для іх сапраўднае свята, і пры тым ніяк не захацеў афішыраваць свой добры ўчынак. А аднойчы нам патэлефанавалі і спыталі нумар дабрачыннага рахунка, на які потым пералічылі грошы. Людзі хацелі зрабіць добрую справу – і зрабілі яе, без усялякай агалоскі. А ў гэтай сітуацыі склалася ўражанне, што прадпрымальнікі проста зрабілі рэкламу на дзецях.
Безумоўна, мы захацелі пачуць тлумачэнні і самога артыста-прадпрымальніка. Патэлефанаваўшы Сяргею Функу, мы пачулі крыху іншую версію:
– Я ні ў якім выпадку не адмаўляюся ад сваіх слоў і дапамога дзецям будзе аказана. Грошы для выхаванцаў дзіцячага прытулка – адзін мільён рублёў – у мяне даўно ўжо адкладзены. З чым звязана затрымка, чаму да гэтага часу не перадаў сродкі ў прытулак? Усё вельмі проста: мы не давяраем яго дырэктару і сумняваемся, што сродкі на самой справе пойдуць дзецям. Сапраўды, перад канцэртам мы патэлефанавалі Аксане Уладзіміраўне і папрасілі дапамагчы з рэалізацыяй білетаў – усё ж мы не знакамітыя артысты, а хацелася сабраць як мага больш людзей, каб потым большую суму перадаць у прытулак. Толькі ніякай зацікаўленасці дырэктара мы не адчулі, яна адмовілася нам дапамагаць. На канцэрт таксама ніхто з прытулка не прыйшоў. Але і гэта не галоўнае. Неўзабаве пасля канцэрта нам патэлефанавала Аксана Уладзіміраўна Юркойць з патрабаваннем грошай. Адным словам, мы ўбачылі зацікаўленасць з боку прытулка, толькі калі справа дайшла да фінансаў. І таму мы вырашылі з калегамі, што дапамога будзе аказана, але не ў грашовым выглядзе. Абвінавачванні, што мы хацелі зарабіць на дзецях лічым несправядлівымі – наш даход ад канцэрта нават не акупіў расходаў на яго. Адзінае, што мы хацелі – пазнаёміць людзей з нашай творчасцю і аказаць дапамогу абяздоленым дзецям.

Рэдакцыя ўзяла на сябе ролю пасрэдніка ў гэтай канфліктнай сітуацыі. Мы звярнуліся да дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра А.І. Змітровіч, якая дапамагла скласці спіс канкрэтных рэчаў, у якіх маюць патрэбу дзеці ў прытулку, і перадалі яго прадпрымальнікам. У рэшце рэшт, на мінулым тыдні ў гэтай гісторыі была пастаўлена кропка: спонсарская падтрымка знайшла сваіх маленькіх адрасатаў. Сяргей Функ і Іосіф-Анатолій Раўдановіч адправіліся ў Варнянскі дзіцячы сацыяльны прытулак і прывезлі рабятам карысныя падарункі на суму больш чым адзін мільён рублёў: школьныя прылады да пачатку навучальнага года – альбомы для малявання, фламастэры, алоўкі, каляровую паперу, фарбы, пластылін і многае іншае, сродкі гігіены, адзенне і прысмакі. Дзеці былі вельмі ўдзячны гасцям за падарункі і за ўвагу, якой ім так не хапае ў жыцці.
Такі вось хэпі-энд. Амаль што… Бо ўвесь час не пакідае прыкрая думка: няўжо патрэбна было ўмяшацца рэдакцыі, каб двум аўтарытэтным мужчынам стрымаць сваё слова, дадзенае публічна. Мне здаецца, што гэта павінна быць справай гонару. Незалежна ад іх адносін – даверу ці недаверу – да жанчыны, якая выконвае свае службовыя абавязкі на даручанай ёй пасадзе. Дапамагчы яны ж абяцалі дзецям, а не дырэктару. Што ў рэшце рэшт і зрабілі… Шкада, што толькі пасля нашага ўмяшальніцтва – бо заўсёды хочацца верыць у шчырыя і высакародныя памкненні і ўчынкі.
Вольга ШОЎКУН.