Як баба з дзедам унукаў апранулі

12:03 / 29.10.2019
1670

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


Гэтую даўнюю гісторыю я ўспамінаю, калі бачу маладых людзей у парваных штанах, свэтрах, куртках – мода, кажуць, зараз такая. Вось і думаю: як бы да гэтай моды паставіліся дзед Васіль і баба Ганна?

…Дзед з бабай з майго дзяцінства жылі на аддаленым хутары. Дзяцей выправілі ў горад ў спадзеве, што хоць у іх жыццё будзе лягчэйшым ды шчаслівейшым. Тыя праведвалі бацькоў, на лета ўнукаў на сырадой з маладой бульбай падкідвалі, ды не вельмі часта: у кожнага свае клопаты…

Час бяжыць хутка: унукі павырасталі. Неўзабаве старэйшы з іх ажаніўся. На вяселле ў гарадскі рэстаран Васіль з Ганнай не паехалі, а запрашэнне з галубкамі і пярсцёнкамі схавалі ў рамку за шкло, да фотаздымкаў унукаў.

А праз нейкі час – вось радасць! – унук прывёз нарачоную да дзеда з бабай на хутар.

Старыя не ведалі, куды пасадзіць дарагіх гасцей, чым пачаставаць! Усё было выстаўлена на стол: кумпячок, паляндвічка, бліны з мачанкай, яешню са скваркамі, свежы мядок, маладая бульба з кропам, хрумсткія гурочкі, самаробны сыр, толькі што збітае масла. Ну і без чарачкі хлебнай самагонкі не абышлося – як жа без яе, калі такая нагода?

Павячэраўшы, маладыя пайшлі спаць у адрыну на свежае сена, ад водару якога кружылася галава.

А дзед з бабай сталі разглядаць уборы ўнукаў, якія яны скінулі, пераапрануўшыся ў палатняныя бабуліну кашулю ды дзедавы штаны.

– Ты глядзі, Васіль, як бедненька жывуць нашы дзеткі, – пашчупала баба Ганна унукавы белыя шорты. – У споднім Андрэйка ходзіць – няма, мусіць, за што нармальныя штаны купіць…

– Ды і ў яе – пабач: чаравікі – адны сцяжачкі! – падхапіў дзед, – Ці ж гэта абутак? Пальцы сабе павылазілі, пята – сабе…

– А заўтра ж, казалі, у вёску пойдуць, Андрэйка з сябрамі хоча спаткацца. Засмяюць нас людзі! – забедавала Ганна. – Скажуць: хваліліся хутаранцы, што дзеці ў горадзе добра ўладкаваліся, і ўнукі павывучваліся, пры работах, пры пасадах. А яны голыя-босыя прыехалі!

– Ты як хочаш, а я не пашкадую свае новыя хромавыя боты – але давяду да ладу яе чаравікі: латкі пастаўлю, прашыю. І захоча парваць, ды не здолее, не адзін год яшчэ паслужаць…

– А я тым часам распару сваю чорную спадніцу ды надтачу Андрэйкавы нагавіцы. А потым запару кару вольхі і шалупінне ад цыбулі ды пафарбую – усё ж людчэйшыя будуць! – падхапілася Ганна.

…Усю ноч шчыравалі старыя – вокам не звялі, перарабляючы на хутарскі капыл басаножкі фірмы «Саламандра» і перашываючы шорты ад Кардэна.

А што было назаўтра, калі маладыя спусціліся з вышак і ўбачылі свае ўборы «ад куцюр» – прыдумайце самі…

Усё што ні прыдумаеце, будзе праўдай!

Тамара РАБІНКІНА



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений