Сувязісты адзначалі сваё прафесійнае свята
Сувязісты – прадстаўнікі высакароднай прафесіі. На іх ускладзена місія аб’ядноўваць людзей, якія могуць знаходзіцца за тысячы кіламетраў адзін ад аднаго, але ў любы момант выйсці на сувязь і стаць бліжэй. І калі яшчэ гадоў дзесяць назад словы “інтэрнэт”, “інтэрактыўнае тэлебачанне”, “скайп” і іншыя былі для нас іншамоўнымі, незразумелымі, чымсьці на мяжы фантастыкі, то сёння яны сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, і мы можам свабодна атрымліваць любую інфармацыю ў самы зручны для нас час.
7 мая ўсе сувязісты Беларусі адзначалі сваё прафесійнае свята – Дзень радыё, тэлебачання і сувязі. З гэтай нагоды мы вырашылі завітаць у Астравецкі раённы вузел электрасувязі, каб бліжэй пазнаёміцца з камандай прафесіяналаў, даведацца аб апошніх дасягненнях прадпрыемства і пацікавіцца далейшымі планамі.
Сёння “Белтэлекам” мае тры галоўныя накірункі развіцця паслуг, арыентаваных на прыватнага спажыўца: традыцыйную тэлефанію, доступ у інтэрнэт і перадачу даных і лічбавае інтэрактыўнае тэлебачанне. Для задавальнення патрэб карыстальнікаў ужо сфарміраваны прапановы, якія ўключаюць ў сябе адразу тры паслугі. Гэта пакет “Універсал”, які, дарэчы, з 5 мая стаў даступны і жыхарам нашага раёна. “Універсал” уключае ў сябе 1500 хвілін тэлефоннай сувязі, безлімітны інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA.
Ёсць і іншыя пакетныя прапановы: “Эканом” з доступам у інтэрнэт і 1000 хвілінамі мясцовых тэлефонных размоў, пакет “Оптымум”, што ўключае высакахуткасны інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне. Варта адзначыць, што колькасць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт і абанентаў ZALA з кожным днём павялічваецца. Сёння ў раёне больш за 2000 чалавек карыстаюцца высакахуткасным інтэрнэтам, а 1652 абаненты – інтэрактыўным тэлебачаннем.
Сувязісты Астравецкага раёна клапоцяцца пра тое, каб сучасныя сродкі сувязі сталі даступнымі і для жыхароў самых аддаленых вёсак раёна. Так, не толькі Астравец, але і ўсе сельскія АТС, акрамя Спондаўскай, забяспечаны шырокапалосным доступам у інтэрнэт. Попытам у сельскіх жыхароў карыстаецца і бесправадная тэлефанія – падключэнне тэлефонных ліній робіцца праз бесправадныя сеткі перадачы даных. Гэта вельмі зручна, калі падключыць тэлефон да стацыянарных наземных тэлефонных сетак немагчыма ці дорага. Разам з падключэннем тэлефонаў пры дапамозе радыёдоступу прадастаўляецца і інтэрнэт WLL.
Дарэчы, для падтрымання дасягнутага ўзроўню сацыяльных стандартаў і яго павелічэння (у раёне на 100 чалавек прыпадае 42 тэлефоны пры стандарце 28,5), на працягу 2010 года здаволена 478 заяў на ўстаноўку стацыянарных тэлефонаў. Акрамя таго, у мінулым годзе пашырылі нумарную ёмістасць у Астраўцы на 400 нумароў, у Вароне – на 8, у Малях і ў Трокеніках – на 16, у Рымдзюнах – на 32 нумары.
У 2010 годзе пабудавана 30,2 кіламетра валаконна-аптычных ліній сувязі да АТС і да мабільных аператараў, праведзены рамонт прыкладна 60 кіламетраў кабельных ліній сувязі.
Дзейнасць Астравецкага РВЭС накіравана не толькі на павышэнне якасці паслуг, але і на паляпшэнне якасці сэрвісу абслугоўвання кліентаў. У сэрвісным цэнтры можна аплаціць паслугі сувязі, мабільных аператараў, адправіць тэлеграму, факс, зайсці ў інтэрнэт. Спецыялісты пракансультуюць і заключаць дагавор на любую паслугу. А аплаціць усе паслугі можна пры дапамозе банкаўскай карткі.
–Мы пастаянна працуем над пашырэннем і ўдасканаленнем сучасных сетак сувязі. У бліжэйшай перспектыве плануецца пашырэнне нумарной ёмістасці на АТС Гудагай і Гервяты – на 20 нумароў, Альхоўка – на 10 нумароў, Астравец – 84 нумары. У мікрараёне №1 будзе пашырана нумарная ёмістасць да 600 нумароў, – дзеліцца з намі планамі дырэктар раённага вузла электрасувязі Міхаіл Уладзіслававіч Хіневіч. – А да 2015 года збіраемся поўнасцю перайсці на лічбавае тэлебачанне – новы стандарт якасці для сучаснага тэлебачання з высокай якасцю карцінкі і гуку, з вялікай колькасцю каналаў і адсутнасцю рэкламы.
Ну што ж, тады пажадаем поспехаў усяму высокапрафесійнаму калектыву Атравецкага вузла электрасувязі ў здзяйсненні іх планаў і ідэй і падзякуем за тое, што мы заўсёды знаходзімся на сувязі з нашымі сябрамі, роднымі – ды ўвогуле з усім светам!
Вольга ШОЎКУН.