Чаму гінуць людзі?

08:36 / 18.04.2011

За тыя 15 гадоў, што я працую ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях, многае змянілася і ў заканадаўстве, і ў аснашчэнні падраздзяленняў. Толькі нічога не змянілася ў свядомасці людзей у адносінах да пажарнай бяспекі.


Мой першы выезд на пажар з гібеллю чалавека быў у 1994 годзе ў в. Загазь Варнянскага сельсавета. У той дзень загінуў мужчына, які выпіў і лёг на печку адпачыць, закурыў і заснуў. У выніку цыгарэта ўпала і прапаліла ў целагрэйцы дзірку. Ад атручвання прадуктамі гарэння ўцяпляльніка целагрэйкі загінуў 50-гадовы чалавек.
Большасць людзей менавіта так і гіне на пажарах. Падчас гутарак з тымі, хто злоўжывае спіртнымі напоямі, часта даводзіцца чуць, што яны ніколі не кураць у ложку – а па ўсёй хаце раскіданы недакуркі. Толькі падманваюць яны перш за ўсё сябе!
З 2002 года ідзе ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Але і тут мы натыкаемся на хвалю непаразумення: некаторыя эканомяць на прыборы, які можа захаваць жыццё іх і блізкіх людзей, іншыя забываюць замяніць элемент сілкавання, а ёсць і такія, што ўвогуле здымаюць устаноўлены за кошт дзяржавы пажарны апавяшчальнік, каб ён не перашкаджаў дома курыць.
Нашы просьбы аб тым, каб людзі не палілі сухую траву, каб яны патынкавалі ці пабялілі дымаход, прыбілі прытопачны ліст, не ставілі “жучкоў” у лічыльніку, так і застаюцца просьбамі.
10 гадоў назад мяне моцна ўразіў выпадак у вёсцы Варняны. Пры праверцы жылога дома я знайшоў у электралічыльніку замест засцерагальніка амаль што расплаўлены сталовы алюмініевы відэлец. Аштрафаваў уладальніка, а праз паўгода там жа ўстанавілі “жучок”. Толькі пасля трэцяга штрафу гаспадары дома сталі прытрымлівацца правілаў пажарнай бяспекі. Зразумела, што пры такіх халатных адносінах колькасць пажараў будзе расці.
Кажуць, статыстыка ведае ўсё. Мы вырашылі весці “Шкалу небяспекі”, каб даведацца, якія з вёсак нашага раёна з’яўляюцца найбольш пажаранебяспечнымі. Зыходзячы з праведзенага аналізу, у “небяспечную пяцёрку” ўвайшлі Гіры Гервяцкага, Індрубка Гудагайскага, Клюшчаны Спондаўскага, Дубнікі і Карвэлі Варнянскага сельскіх саветаў. За апошнія 10 гадоў у гэтых населеных пунктах здарылася 26 пажараў, на якіх загінула 14 чалавек, ці 25 працэнтаў ад агульнай колькасці загінуўшых на пажарах за гэты перыяд часу ў раёне. Найбольш “праславіліся” Гіры, дзе здарылася 7 пажараў і загінула на іх 5 чалавек. Для параўнання: у Астраўцы, дзе амаль у 100 разоў больш пражывае людзей, за гэты перыяд на пажарах загінула 4 чалавекі. Ва ўсіх выпадках прычынай пажару стала неасцярожнасць загінуўшых мужчын пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення.
Час вучыцца на памылках загінуўшых на пажарах людзей: устанавіце ў сваіх дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. А жыхароў найбольш пажаранебяспечных вёсак хацелася б папрасіць звяртаць асаблівую ўвагу на дамы аматараў сумяшчаць спіртное і цыгарэты.


Эдуард МАЛЫШКА.