На палях раёна пачалася сяўба
Жаўрукі пакуль не агучваюць пасяўную – баяцца, відаць, сіверу, які дзьме з вартым зайздрасці пастаянствам. А вось сейбітам не да сантыментаў – веснавы дзень год корміць. Пакуль вільгаці ў глебе хапае, пакуль тэрміны блізкія да аптымальных – паміраць збірайся, а збожжа сей.
Земляробы СВК імя Гашкевіча прыступілі да сяўбы аднымі з апошніх у раёне. Не таму, што былі не гатовы, а таму што чакалі, пакуль даспее глеба. Зрэшты, дзеяслоў “чакалі” не зусім адпавядае становішчу спраў, таму што чаканне не было пасіўным: актыўна праводзілася (і праводзіцца сёння) унясенне мінеральных і арганічных угнаенняў, культывацыя, збор камення і г.д. Іншымі словамі, глеба ачышчалася, узбагачалася пажыўнымі рэчывамі, успушвалася да стану пярыны, каб зерне, якое ў яе трапіць, знайшло ўсё неабходнае для росту і фарміравання будучага ўраджаю.
Па стану на 15 красавіка ў гаспадарцы падрыхтавана 619 гектараў глебы, а на 450 гектарах ужо праведзена сяўба. Сеецца галоўным чынам авёс. А яшчэ – яравы рапс.
–Умовы перазімоўкі для азімых культур былі далёкімі ад спрыяльных, – гаворыць загадчык вытворчага ўчастка № 3 Андрэй Іванавіч Калпак. – Снег выпаў на незамёрзшую глебу, і пад яго цёплай “коўдрай” так званая “снежная цвіль” – злосная грыбковая хвароба азімых – пачала актыўна развівацца. Як вынік – з зімоўкі расліны выйшлі моцна аслабленымі. Абследаванне палёў паказала, што ёсць гібель. Таму, як толькі з’явілася магчымасць выхаду ў поле, мы адразу прыступілі да баранавання азімых культур і іх падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі.
Адзначым, что такая магчымасць у гашкевічаўцаў сёлета з’явілася нашмат раней звычайных тэрмінаў па той простай (і, зазначым, нятаннай!) прычыне, што яны набылі новую спецыялізаваную машыну для ўнясення вадкіх мінеральных тукаў. У “Расы” (такую рамантычную назву носіць гэты дзіўны на выгляд агрэгат) незвычайныя калёсы – шырачэнныя і мяккія, без пакрышак. Нават на раскіслым ад вільгаці полі машына можа рухацца, не правальваючыся. Таму і тэрміны падкормкі азімых культур прасунуліся наперад. Зрэшты, не толькі азімых – у СВК імя Гашкевіча падкормлена ўжо 528 гектараў шматгадовых траў, 980 – сенакосаў і 602 – пашы.
Усе веснавыя работы павінны рабіцца (і робяцца!) адначасова, і ўсё ж самая-самая з іх – канешне ж, сяўба. Спрадвечны і свяшчэнны рытуал. Размова чалавека з планетай – самая блізкая і зразумелая з магчымых. Ці то ахвярапрынашэнне, ці то надзейнае ўкладанне ў будучыню…
–На жаль, гэтае, як вы кажаце, укладанне не заўсёды бывае надзейным, – не згаджаецца са мной загадчык участка №3. – Да прыкладу, азімы рапс загінуў за сёлетнюю зіму амаль поўнасцю. 80 гектараў давядзецца перасеяць яравым. Уласна гаворачы, мы ўжо распачалі гэту работу – перасеяна 130 гектараў загінуўшага азімага рапсу.
Няўдача, вядома, не спрыяе размаху крылаў, але толькі песіміст апускае рукі пры першым жа сутыкненні з непрыемнасцямі. Аптымісту і рэалісту, як сапраўднай шаблі, загартоўка дадае трываласці. Усё можна выправіць, калі ёсць жаданне. А яшчэ – калі ёсць мэта. Агульная для ўсяго працоўнага калектыву.
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.