Канферэнцыя маладых і актыўных

13:32 / 15.04.2011

На мінулым тыдні адбылася чацвёртая справаздачна-выбарная канферэнцыя Астравецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.


Раз у тры гады збіраюцца лідары маладзёжнай арганізацыі на падобнай канферэнцыі, каб прааналізаваць сваю дзейнасць за гэты перыяд, абмеркаваць, што атрымалася, а што не, і вызначыць планы на будучую работу.
Адным з галоўных момантаў мерапрыемства стала справаздача аб дзейнасці райкама БРСМ за 2008-2010 гады, з якой выступіла першы сакратар М. Кутовіч. Зроблена за гэты час было нямала. За перыяд існавання і дзейнасці Астравецкага райкама БРСМ яго членамі сталі 1474 чалавекі, што складае 25 працэнтаў ад агульнай колькасці маладых людзей раёна. Сярод іх 782 – вучні, 141 – працуючая сельская моладзь і 551 малады чалавек, што працуе ў горадзе. Ва ўстановах, арганізацыях, на прадпрыемствах Астравеччыны створаны 59 пярвічных арганізацый БРСМ. Сярод іх асабліва адзначаны пярвічкі школ раёна, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела культуры райвыканкама, лясгаса, аддзела ўнутраных спраў, СВК “Варняны” і “Гервяты”, у актывістаў якіх узнікае шмат цікавых ідэй і задумак, жаданне і гатоўнасць ісці наперад і весці за сабой астатніх. Падчас свайго выступлення М. Кутовіч таксама расказала пра шматлікія акцыі і мерапрыемствы, якія арганізоўваў і праводзіў райкам БРСМ сумесна ці пры падтрымцы іншых арганізацый і ўстаноў. А ўсё сказанае наглядна пацвярджаў цікавы відэаролік пра дзейнасць маладых і актыўных.
На канферэнцыі выступілі старшыня кантрольнай камісіі, начальнік аддзела па справах моладзі А. Трамбовіч, члены пярвічных арганізацый аддзела культуры і СВК “Гервяты” В. Сак і В. Макевіч. Нікога не пакінула раўнадушным пранікнёнае выступленне камандзіра дабрачыннага валанцёрскага атрада “Ветразь” А. Лазаравай. Тут жа быў прадэманстраваны і невялікі відэаролік аб дзейнасці гэтых валанцёраў.
А падвёў рысу выступленняў намеснік старшыні райвыканкама В. Свіла, які пракаменціраваў работу райкама БРСМ і прапанаваў некалькі задач, якія і далей трэба развіваць і ўдасканальваць: арганізацыйнае ўмацаванне, патрыятычнае выхаванне, прававая самаадукацыя і практычныя справы.
У выніку работа райкама БРСМ за 2008-2010 гады была прызнана здавальняючай. А скончылася мерапрыемства ўрачыстым зваротам да моладзі Астравецкага раёна.
Адразу ж пасля канферэнцыі адбыўся і першы пленум ГА БРСМ, дзе на парадак былі вынесены два пытанні: выбар першага сакратара і бюро Астравецкага райкама БРСМ. У выніку першым сакратаром райкама была абрана М.Кутовіч. Пасля надышла чарга і да прыемнага моманту ўзнагарод – галоўны спецыяліст Гродзенскага аблвыканкама В. Авер урачыста ўручыла Падзячнае пісьмо Астравецкаму райкаму БРСМ “За актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне і вялікі ўклад у развіццё праектаў і праграм БРСМ” і падзяку М. Кутовіч “За актыўны ўдзел у кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” ад першага сакратара абласнога камітэта БРСМ Ю. Аляксея.
Астравецкі райкам БРСМ таксама адзначыў сваіх лепшых актывістаў і пярвічныя арганізацыі дыпломамі і падарункамі. А аддзел культуры па добрай традыцыі падрыхтаваў для ўсіх прысутных добры канцэрт.


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.