Раённая канферэнцыя ветэранаў

14:12 / 30.03.2011

На мінулым тыдні прайшла восьмая раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя ветэранаў, удзел у якой прынялі прадстаўнікі райвыканкама і арганізацый раёна, старшыні пярвічных арганізацый, дэлегаты і ветэраны вайны і працы.


Апошняя справаздачна-выбарная канферэнцыя ветэранаў у нашым раёне праходзіла ў 2005 годзе, тады ж быў выбраны дзеючы сёння склад раённага савета. За гады, што прайшлі з таго часу, арганізацыя страціла сем членаў раённага савета, ветэранаў вайны і працы – А.Я. Нізаўца, С.М. Мароза, А.І. Малыша, І.А. Лісіцына, Ч.І. Рынкевіча, Я.Я. Строка, С.І. Пятроўскага. Іх памяць напачатку канферэнцыі была ўшанавана хвілінай маўчання.
Адкрываў канферэнцыю старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсеньцевіч Герт, а ў прэзідыум былі запрошаны В.З. Свіла, А.І. Шастайла, І.М. Чычварын, А.Л. Роўда, Ч.Э. Кандратовіч, М.М. Кутовіч і В.І. Віткоўскі.
Свой справаздачны даклад Р.А. Герт пачаў з напаміну пра чорную дату года – сёлета спаўняецца 70 гадоў з дня нападзення фашысцкай Германіі на нашу краіну.
Сёння ў склад раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў уваходзяць 22 пярвічныя ветэранскія арганізацыі, якія аб’ядноўваюць больш за 5500 ветэранаў, з іх 27 удзельнікаў вайны, 18 былых вязняў фашысцкіх лагераў. У раёне пражываюць удзельнікі абароны Сталінграда і Каўказа, вызвалення Беларусі, узяцця Варшавы і Берліна, партызанскага руху. Ім аказваецца пастаянная дапамога, штогод праводзіцца ўшанаванне ветэранаў вайны і працы да юбілейных дат і прафесіянальных святаў, Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, Дня пажылых людзей.
Савет ветэранаў цесна супрацоўнічае з аддзелам адукацыі і ГА БРСМ, якія аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам вайны і працы, сем’ям загінуўшых воінаў. Ва ўстановах адукацыі створаны і працуюць цімураўскія і валанцёрскія атрады.
Наладжана сувязь і з кіраўнікамі гаспадарак і арганізацый, старшынямі сельскіх Саветаў, яны дапамагаюць вырашаць праблемы, што ўзнікаюць у жыцці састарэлых людзей.
Ветэраны вайны таксама адгукаюцца на прапановы арганізацый – яны ўдзельнічаюць у сустрэчах з моладдзю і школьнікамі, ездзяць на экскурсіі, арганізуюць і ўдзельнічаюць у канферэнцыях, віктарынах, тэматычных вечарах адпачынку. Члены ветэранскай арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у хоры ветэранаў, які добра вядомы не толькі ў раёне, але і за яго межамі.
Значная работа праводзіцца прэзідыумам савета ветэранаў па святкаванню юбілеяў заслужаных работнікаў і ветэранаў вайны. Такіх юбілеяў толькі ў мінулым годзе было адзначана 38. Быў таксама праведзены першы ў раёне юбілей брыльянтавага вяселля ветэрана вайны Міхаіла Нікіфаравіча Сушы і ветэрана працы Надзеі Мікалаеўны Суша з уручэннем памятнага прывітання райсавета ветэранаў і каштоўнага падарунка.
На працягу справаздачнага перыяду для ветэранаў быў праведзены навагодні ветэранскі агеньчык, у якім прынялі ўдзел ветэраны вайны і працы, былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў, заслужаныя работнікі гандлю, адукацыі і сельскай гаспадаркі, урачы, удзельнікі народнага хору, дэпутаты. Была таксама арганізавана экскурсія па памятных мясцінах нашага раёна. Ветэраны наведалі пагранічную камендатуру “Гудагай”, школьны музей “Зямля Гудагайская”, аграгарадок “Гервяты”, музей флоры і фаўны ў вёсцы Трокенікі, музей Міхалішкаўскай школы, пагранпераход “Катлоўка”. Падчас падарожжа былі ўскладзены кветкі да помнікаў загінуўшых воінаў першай і другой сусветных войнаў, на магілу расстраляных яўрэяў.
Раённы савет ветэранаў да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праводзіў алімпіяду “Мы помнім ваш подзвіг, салдаты вайны”. 17 аўтараў работ былі запрошаны ў кінаканцэртную залу “Астравец” і ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.
За справаздачны перыяд савет ветэранаў правеў 7 пленумаў раённага савета, на якіх разглядаліся пытанні паляпшэння медыцынскага абслугоўвання ветэранаў, адзінока пражываючых і састарэлых асоб, аб стане гандлёвага, бытавога, камунальнага і транспартнага абслугоўвання, рабоце ветэранскіх арганізацый па падрыхтоўцы да святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі і 65-годдзю Вялікай Перамогі, па правядзенню выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб выкананні палажэнняў калектыўных дагавораў аб падтрымцы ветэранаў вайны і працы. За гэты ж перыяд прайшло 74 пасяджэнні прэзідыума райсавета, на якіх абмяркоўваліся надзённыя пытанні.
Р.А. Герт выказаў словы ўдзячнасці старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку, кіраўнікам СВК – А.У. Янчэўскаму, А.І. Чаплінскаму, У.Э. Руку, А.Ч. Вярбовічу, ДУП “Аўтамабільны парк №4” А.В. Жуку, цэнтральнай раённай бальніцы В.І. Тачонаму, ВУ “Астравецрайгаз” М.Н. Ігнатовіч, прадпрыемства бытавога абслугоўвання В.М. Ляцкай, ДУП “Меліярацыйныя сеткі” В.С. Вянгроўскаму, РУП ЖКГ А.Б. Стурлісу, раённага вузла паштовай сувязі І.Э. Тальчук, АCБ філіяла №417 Беларусбанка А.С. Сухадольскай, раённага вузла электрасувязі М.У. Хіневічу, старшыням Гудагайскага, Гервяцкага, Астравецкага, Міхалішкаўскага, Спондаўскага, Варнянскага, Кямелішкаўскага сельвыканкамаў і індывідуальным прадпрымальнікам А.М. Міхцееву, С.П. Маўрыну, Ю.Ф. Грыневічу і іншым.
Падчас выступлення былі адзначаны і лепшыя пярвічныя арганізацыі ветэранаў і іх старшыні – СВК “Гервяты”, “Варняны”, “Гудагай”, “Міхалішкі”, саўгаса “Падольскі”, паштовай сувязі, электрасувязі, фабрыкі “Альхоўка”.
Самыя актыўныя ветэраны вайны і працы – І.В. Кавальчук, Я.А. Кунейка, М.І. Дземяшкевіч, А.Л. Роўда, М.А. Валюк, Т.М. Волкава, Я.М. Александровіч і першы сакратар райкама БРСМ М.М. Кутовіч – за плённую працу атрымалі граматы раённага савета ветэранаў.
З дакладам таксама выступіла старшыня рэвізійнай камісіі прэзідыума раённага савета Г.І. Грабоўская. Слова для выступлення было прадстаўлена старшыні Астравецкага сельвыканкама В.І. Ярмаку, першаму сакратару РК ГА БРСМ М.М. Кутовіч, намесніку старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі СВК “Варняны” Л.І. Кухарэвіч, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі кардоннай фабрыкі “Альхоўка” Г.І. Бужымскаму, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны А.Л. Роўду і начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ч.Э. Кандратовіч.
Напрыканцы пасяджэння намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла даў ацэнку работы раённага савета ветэранаў і прапанаваў выбраць яго старшынёй на наступны тэрмін Р.А. Герта. Кандыдатура Расціслава Арсеньцевіча была падтрымана аднагалосна. Яго намеснікам стаў М.І. Краснік, сакратаром – М.І. Дземяшкевіч. Былі таксама выбраны члены раённага савета ветэранаў і яго прэзідыум, камісіі па сацыяльна-бытавых пытаннях і культурна-масавай рабоце, ваенна-патрыятычнаму выхаванню і рабоце з моладзю, ушанаванню памяці абаронцаў Айчыны і дэлегаты на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю, якая пройдзе ў красавіку ў горадзе Гродна. Наш раён на ёй будуць прадстаўляць Р.А. Герт, М.І. Краснік і Г.К. Мілэйша.


Алена ЯРАШЭВІЧ.