Нумарацыя дамоў на вуліцы Валадарскага будзе зменена

10:35 / 09.02.2011


Пра, мякка кажучы, “арыгінальную” нумарацыю дамоў у нашым райцэнтры і, у прыватнасці, у мікрараёне Валадарскага, у якім жыве большая палова астраўчан, але які пры ўсім пры тым лічыцца адной вуліцай, не гаварыў і не абураўся ёй толькі лянівы. Уздымалі гэтае пытанне нашы чытачы і на старонках газеты, і на сайце “Астравецкай праўды”. Ну сапраўды, цяжка зразумець, якімі законамі логікі карысталіся тыя, хто каля дома №8 па вуліцы Валадарскага “пасадзіў” дом 77, а кааператыўныя дамы 71 і 72 знаходзяцца у супрацьлеглым канцы вуліцы, ажно каля лесапарку. За домам № 10 па вуліцы Карла Маркса ідзе дом №40, а затым ужо, шмат далей, — №29. І такіх прыкладаў не адзін і не два — уся вуліца Валадарскага, па сутнасці, з’яўляецца адным такім вялікім прыкладам.
“Абарыгены” Астраўца да гэтай абракадабры з нумарацыяй ужо прывыклі, і ў размовах абыходзяцца больш зразумелымі і лагічнымі, чым нумар дома, азначэннямі: “аўтабазаўскі дом”, “чарнобыльскі”, “завадскі”, “райсаюзаўскі”, ля “Кулінарыі”, за “Кляновым лістом”… А вось прыезджаму, які паспрабуе знайсці патрэбны адрас па нумары дома, можна толькі паспачуваць: яму трэба перад кожным домам “адзначыцца” асабіста ці знайсці дабра інфармаванага правадніка з мясцовых – і добра яшчэ, калі справа будзе днём, а не ноччу. У таксістаў, прадстаўнікоў экстраных службаў – тая ж праблема.



З традыцыйнымі рускімі пытаннямі “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?” па гэтай тэме мы звярнуліся да начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валерыя Эдуардавіча СЕНЮЦЯ. А заадно, скарыстаўшы магчымасць, вырашылі пацікавіцца некаторымі іншымі пытаннямі гарадской тапанімікі.

— Валерый Эдуардавіч, дык хто ж вінаваты, што ў нас узнікла такая сітуацыя з нумарацыяй дамоў?
— Ну, гаварыць пра тое, хто вінаваты, мне здаецца, позна і бескарысна: што зроблена, тое зроблена. Магу толькі растлумачыць, чаму ўзнікла такая сітуацыя.
— Цікава, і чаму ж?
— Новыя шматпавярховыя дамы ў Астраўцы “садзіліся” там, дзе існавалі свабодныя “плямы” забудовы. Яны ўзнікалі не адразу і не ў адным месцы, і кожнай такой “пляме” землеўпарадкавальная служба прысвойвала свой парадкавы нумар. А калі ўзводзілася шматпавярхоўка, пасялковым Саветам нумар гэтай “плямы” аўтаматычна прысвойваўся дому, без усякага ўліку яго месцазнаходжання. Канешне, гэта было няправільна – і сёння жыхары і госці Астраўца пажынаюць плады гэтых непрадуманых рашэнняў.
—Добра, раз вінаватых няма, то адкажыце на другое сакраментальнае рускае пытанне: што рабіць? Што збіраюцца прадпрыняць сённяшнія ўлады горада, каб выправіць гэтую бязглуздую сітуацыю?
—Выпраўляць яе і сапраўды трэба – асабліва з улікам перспектыў горада і яго пераўтварэння ў горад энергетыкаў.
Як? Элементарна: прыводзіць нумарацыю дамоў па вуліцах Валадарскага і Карла Маркса ў парадак – у адпаведнасці з інструкцыяй аб парадку прысваення адрасоў нерухомасці, у якой прапісаны, апроч іншага, і парадак нармалізацыі адрасоў аб’ектаў нерухомай маёмасці і ўпарадкаванне існуючых адрасоў. Па гэтым пытаннi можна звярнуцца ў риэлторское агентство.
—Гэта што ж, азначае, што ў існуючых шматкватэрных дамоў можа змяніцца нумарацыя?
—Так, менавіта гэта. І не “можа”, а зменіцца – калі не ва ўсіх, то ў многіх.
—І жыхары, якія ўсё жыццё жылі ў доме №77, да прыкладу, цяпер стануць жыць у доме №10? Гэта ж колькі нязручнасцей людзям…
—А вы можаце прапанаваць варыянт, як упарадкаваць нумарацыю дамоў, якой усе так дружна абураюцца, і пры гэтым не мяняць яе? Калі ласка, я вас слухаю… Але немагчыма дастаць з гарбуза семачкі, не разрэзаўшы яго. На першым часе пэўныя нязручнасці ўзнікнуць, але не такія вялікія, як можа падацца. Камунальная служба, паштавікі, іншыя службы сферы абслугоўвання насельніцтва будуць  папярэджаны, нейкі час людзі будуць карыстацца “двайным” адрасам, а потым усе прывыкнуць да сапраўднага.
— А дакументы, рэгістрацыя?
— Жыхарам трэба будзе звярнуцца ў аддзяленне па грамадзянству і міграцыі РАУС і паставіць новы штамп аб рэгістрацыі, з новым адрасам – толькі і ўсяго. Ну і яшчэ замяніць тэхнічны пашпарт на дом ці кватэру.
— Хто ўсім гэтым будзе займацца – прывядзеннем нумарацыі дамоў у парадак і іншым? Ваш аддзел?
— Увогуле гэта прэрагатыва сесіі раённага Савета. А вось рыхтаваць дакументы для вынясення на разгляд дэпутатаў раённага Савета будзе раённая камісія па прысваенню назваў вуліц і ажыццяўленню кантролю за ўпарадкаваннем нумарацыі дамоў у гарадскім пасёлку Астравец, якая створана пры раённым выканаўчым камітэце. Узначальвае яе намеснік старшыні райвыканкама Віктар Мікалаевіч Аксютчык, а членамі з’яўляюцца прадстаўнікі аддзелаў архітэктуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ідэалогіі, культуры, землеўпарадкавальнай службы, грамадскіх арганізацый і інш.
—Дарэчы, пра назвы вуліц – гэта яшчэ адна тэма, якая неаднаразова ўздымалася на старонках нашай газеты – аб тым, як і кім вуліцам нашага гарадскога пасёлка прысвойваюцца менавіта такія – часам не самыя яркія і выразныя – назвы, і застаюцца “незаўважанымі” выбітныя дзеячы Бацькаўшчыны…
—Трэба прызнаць, што з назвамі вуліц у нашым райцэнтры таксама шмат неразбярыхі, калі не сказаць – абсурду. Вось, да прыкладу, вуліца Палявая, якая пачынаецца на ўскраіне Астраўца, ажно за вуліцай Калгушкіна, ідзе міма станцыі абезжалезвання, камунгаса, выходзіць у мікрараён Валадарскага, ідзе ўздоўж лесапарку – напэўна, мала хто ведае, што так званая аб’язная вуліца – гэта ўсё тая ж Палявая, хоць полем тут даўно не пахне. Таму вырашана было разбіць яе на некалькі вуліц: там, дзе яна пачынаецца і здаўна завецца Палявой – так і застаецца. Дзе ідзе паўз камунгас і станцыю абезжалезвання, будзе называцца Камунальнай, Дзе выходзіць да лесапарку – стане насіць назву Паркавай. Пагадзіцеся, так больш лагічна.
— Магчыма, і лагічна, але ж, прабачце, вельмі невыразна: Палявая, Паркавая, Камунальная… Ну ў якім, скажыце, горадзе ці пасёлку няма сваёй Садовай, Сасновай, Зялёнай, Набярэжнай, Школьнай? А чаму б не называць новыя вуліцы імёнамі вядомых дзеячаў Астравеччыны? Было б і адметна, і пачуццё патрыятызму выхоўвала, і гістарычную спадчыну дапамагло захаваць.
— Хачу нагадаць, што ў нашым гарадскім пасёлку многія вуліцы носяць назвы вядомых у раёне людзей: першага консула Расіі ў Японіі Гашкевіча, героя грамадзянскай вайны Яўсеева, загінуўшых ад рук бандытаў у першыя гады савецкай улады Ушакевіча і Калгушкіна, закатаванага немцамі Гімбіцкага, Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскай брыгады Маркава… Дарэчы, у мінулым годзе, які ў нашым раёне быў аб’яўлены годам Казіміра Сваяка, яго імя было прысвоена адной з чатырох новых вуліц, якія, згодна з генеральным планам забудовы Астраўца, з’явяцца ў нашым горадзе падчас узвядзення першага мікрараёна.
— А тры іншыя як назвалі?
— Адна стане насіць назву Будаўнікоў — у знак прызнання перад людзьмі, якія ўзводзяць не толькі гэты мікрараён, але і ўвогуле горад. Другая, якая будзе ісці ўздоўж ракі Кавалёўка, — Берагавая. І яшчэ адна – Усходняя, гэта таксама, на маю думку, апраўдана: гэты мікрараён будзе размешчаны на ўсходзе Астраўца.
А што тычыцца таго, каб даваць новым назвам імёны вядомых людзей, то ніхто ж не супраць! Зараз, дарэчы, распрацоўваецца генеральны план забудовы другога мікрараёна горада – там вуліцы пакуль безыменныя, пад нумарамі, і кожны жадаючы – прадпрыемства, грамадская арганізацыя, асобныя грамадзяне – могуць звярнуцца ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які размяшчаецца па вуліцы Набярэжная, 2 са сваімі прапановамі. Адзіная ўмова: прапанова павінна быць пісьмовая і да яе трэба далучыць абгрунтаванне: чаму вуліца можа ці павінна насіць такую назву? Усе прапановы будуць разгледжаны на вышэйзгаданай камісіі, і калі аргументы будуць пераканаўчымі, то, магчыма, адна з вуліц Астраўца стане насіць прапанаваную вамі назву.
—  І апошняе пытанне, Валерый Эдуардавіч. Многія лічаць, што не вельмі, як вы кажаце, лагічна, што буйнейшая вуліца Астраўца – Валадарскага – носіць імя чалавека, які нічога добрага не зрабіў не толькі для Астраўца, але і ўвогуле для Беларусі. Ці не плануецца змяніць назвы вуліц, якія носяць імёны відных дзеячаў камуністычнага руху – тую ж вуліцу Валадарскага, Карла Маркса, Энгельса?
— Я лічу, што гэтага рабіць не варта. Якой бы ні была наша гісторыя, але яна – была. І яе трэба ведаць і памятаць. Спрабаваць змяніць мінулае, пераймяноўваючы вуліцы, — справа неразумная і, як мне здаецца, не зусім прыстойная.


Гутарыла Ніна АЛЯКСЕЕВА.