Чытач ставіць праблему: дзе палячыць сабаку?
Нядаўна да нас у рэдакцыю патэлефанавала наша пастаянная чытачка Вольга Бублевіч, гаспадыня аўчаркі Азы, фатаграфіі якой друкаваліся на нашых старонках. Вольга расказала наступную гісторыю:
–Азу мы ўзялі маленькім шчанючком. За дзевяць гадоў, якія прайшлі з таго моманту, яна стала паўнапраўным членам нашай сям’і, агульнай любіміцай. А ў мяне да Азы наогул асаблівыя адносіны. Ужо хаця б таму, што яна двойчы ўратавала мне жыццё. Так ужо склалася, што я, не разлічыўшы сваіх сіл, двойчы ледзь не патанула на Мальскім вадасховішчы – абодва разы мяне выратавала мая аўчарка. З тых часоў яна не любіць, калі я лезу ў ваду – моцна нервуецца. Кожны раз кідаецца ззаду і плавае вакол мяне кругамі, пакуль я не выберуся на бераг.
І па грыбы з Азай хадзіць – як у гастраном. Мой муж не аматар “ціхага палявання”, таму ён звычайна прывозіць нас з аўчаркай у лес і потым прыязджае за намі ў дамоўлены час. У лесе я іду – куды ногі вядуць. Уся ўвага – пошукам грыбоў. А калі надыходзіць час вяртацца, я проста кажу: “Аза! Ідзём назад – Віктар нас ужо чакае”. Магічнае слова “Віктар” спрацоўвае – і мне застаецца толькі ісці ўслед за маёй памочніцай.
Аднойчы наша Аза раздзёрла сабе вуха. Ранка, хоць мы яе і апрацоўвалі, ніяк не зажывала. Калі сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю, мы звярнуліся ў Астравецкую ветэрынарную станцыю. Там нам прапанавалі аўчарку... усыпіць. Маўляў, яна ў вас ужо ўсё роўна старая, наўрад ці доўга працягне…
Аказалася, што ў раённай ветэрынарнай станцыі нельга нават зрабіць аналіз крыві сабакам ці катам. Не кажучы ўжо пра рэнтген і іншае неабходнае абсталяванне.
Гнайнік нам усё ж ускрылі, але рана па-ранейшаму не зажывала. “Трэба выдаляць вуха”, – параілі нам праз нейкі час…
Мы пачалі стукацца ва ўсе дзверы – і нарэшце патрапілі да вопытнага ветурача з Дайлідак Казіміра Варановіча, які не толькі падказаў спосаб лячэння раны, але і параіў звярнуцца ў Жупраны – там жыве жанчына, якая спецыялізуецца менавіта на сабаках і катах. Жупранская ветэрынар выратавала вуха нашай аўчарцы, хоць яно перастала “стаяць”, але гэта не важна. Куды горш, што падчас лячэння ў Азы выявіліся куды больш сур’ёзныя праблемы – ёй патрэбна было сур’ёзнае хірургічнае ўмяшанне. Аперацыю нашай любіміцы зрабілі ажно ў Ратамцы – ветэрынар, які працуе ў конна-спартыўным комплексе, аказаўся Прафесіяналам з вялікай літары. Канешне, ніякай гарантыі, што Аза доўга пражыве, няма, але мы ведаем, што зрабілі ўсё магчымае для яе выратавання.
Вось толькі чаму для гэтага нам спатрэбілася аб’ехаць дзве вобласці? Чаму на месцы, у Астраўцы, няма спецыяліста, які б кваліфікавана займаўся падобнымі справамі? Чаму ў ветстанцыі нельга зрабіць хатнім любімцам, якіх нямала ў жыхароў раёна, і якія таксама хварэюць, хаця б элементарныя аналізы? Хіба на двары не трэцяе тысячагоддзе?
Ганна ЧАКУР.