Гельфия Мацкело: татарско-белорусская история

07:17 / 20.09.2018
Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна: там, дзе ён нарадзіўся – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна – пад адным небам. 

    А калі такіх любімых месцаў, якія сталі роднымі, у чалавека некалькі? У гэтым выпадку кожнае з іх проста займае асобны куточак у душы.  Прыкладна так, як у нашай гераіні.

3.jpg

У Астраўцы яе ведаюць як Галіну Раманаўну, у Казані – як, зрэшты, і ў пашпарце – яна Гельфія Рашыдаўна. У нас яна даўно свая, там – заўсёды свая. Калі прыязджае ў Татарстан, яе сэрца часцей пачынае біцца – гэта сустрэча з Радзімай, а калі вяртаецца ў Беларусь, ізноў радаснае хваляванне – адчувае: ужо дома. 
Гельфія Мацкела, якая  амаль сорак год назад стала аст­раў­чанкай, шчыра палюбіла наш гарадок, краіну, звычаі і культуру. І разам з гэтым яна беражліва, як найвялікшы скарб, захоўвае  тое, што ўвабрала з малаком маці, на чым гадавалася і што вучылі любіць і цаніць у дзяцінстве: родную мову, традыцыі – часцінку сваёй Радзімы. 

Леніград – Казань – Астравец

Гельфія нарадзілася ў Ленін­гра­дзе. Калі дзяўчынцы было шэсць гадоў, бацька з маці выра­шылі вярнуцца на гіста­рычную Радзіму: пераехалі ў Казань.

– Мае дзядулі і бабулі да вайны жылі ў Леніградзе, – расказвае Гельфія Рашыдаўна. – Блакаду падчас Вялікай Айчыннай перажылі толькі маміны бацькі. Калі вайна скончылася, яны выехалі жыць у невялікую вёсачку пад Казанню. 

З будучым мужам Чаславам Мацкелам Гельфія пазнаёмілася ў Ленінградзе – ён служыў у арміі, а яна працавала на фабрыцы. Маладыя ажаніліся, і праз нейкі час прыехалі на радзіму Часлава, у беларускі Астравец, – гэта было ў 1981 годзе.

– Адразу я адчувала сябе тут чужой, – прызнаецца Гельфія. – Родных – нікога. Усё ў Астраўцы для мяне было нязвыклым: напрыклад, дамы не абносіліся высокімі агароджамі, не ставілі вароты, як у Татарстане, – гэтая «мода» толькі нядаўна тут з’явілася. Нават сонца – і тое ўлетку не так пякло, як на Радзіме.

Калі маці Гельфіі Рашыдаўны Суф’я Гатаулаўна прыехала да дачкі ў госці, для яе, як некалі і для самой Гельфіі, было дзіўным, што трава тут зелянее і ў сярэдзіне лета – нават ля самага ганку.

– Здзівілі мяне цэпеліны – да прыезду ў Астравец я нават не чула пра такую страву, – смеючыся, расказвае мая суразмоўца. – Свякроўка зрабіла, я пакаштавала – вельмі спадабалася!

zeppeliny_litovski.jpg

Спачатку маладыя жылі з бацькамі Часлава, гадавалі дваіх дачушак, будавалі ўласны дом. Гельфія пайшла працаваць на завод «Радыёдэталь» – з’явіліся знаёмыя, сяброўкі. Аднак па-сапраўднаму сваёй жанчына сябе адчула праз гадоў дзесяць.

– Але родных і Казань я ніколі не забывала і не забываю, – гаворыць Гельфія Рашыдаўна. – Кожны год езджу на Радзіму – маці і бацькі  ўжо няма, але ж там бацькоўскі дом, родзічы… Сястра таксама прыязджае – яна жыве ў Санкт-Пецярбургу. 

Там, у Казані, Гельфія вяртаецца ў сваё дзяцінства і юнацтва, гуляючы па некалі родных вулачках,  абавязкова «зазірае» на галоўную пешаходную вуліцу Баўмана – гэта адно з любімых яе месцаў, у каторы раз любуецца знаёмай да дробязяў вежай Сюмбіке. І абавязкова частуецца любімымі з дзяцінства нацыянальнымі стравамі – у іх яна адчувае смак Радзімы. І лепшага адпачынку для Гельфіі Мацкелы няма.

image255209.jpg

– Для мяне родныя дзве краіны: Татарстан і Беларусь, – дзеліцца Гельфія Рашыдаўна. – Еду ў Казань – сэрца б’ецца: Радзіма! Вяртаюся ў Астравец, і ўжо на мяжы настрой падымаецца: я – дома! Калі  прыязджаю ў Татарстан, кажуць, што пахну Беларуссю. (Усміхаецца)

Роднае...
Мова

– У татарскіх школах нас вучылі на рускай мове, а нацыянальную мову можна было вывучаць толькі на факультатыўным узроўні, – успамінае жанчына. – Я вучыла... 
Роднай мове Гельфію вучыла і бабуля – у яе хаце па-іншаму ніколі і не размаўлялі. З бацькамі таксама размаўляла па-татарску – так прасцей. 

– Я добра родную мову ведаю, – усміхаецца мая суразмоўца. – У Казані і цяпер моўнага бар’еру няма: усе разумеюць рускую.
– Мая бабуля і беларускую добра ведае, – уключаецца ў размову ўнук Гельфіі Рашыдаўны Максім. – Яна мне заўсёды практыкаванні па мове дапамагае рабіць, вершы вучыць. 
Разумеюць татарскую  мову   і дочкі Гельфіі – Наталля і Таццяна. 
– А я таксама некалькі слоў ведаю па-татарску – бабуля Галя і мама мяне навучылі, – з гонарам гаворыць Максім. – Маму называю «ані» і люблю, калі яна кліча мяне балакаем – гэта па-руску «дзіця».
– Я разумею, пра што гавораць на сваёй мове ўзбекі і казахі, – гаворыць Гельфія Рашыдаўна. – Нашы мовы вельмі падобныя. 

IMG_2995.jpg

Вера

Бацькі Гельфіі Рашыдаўны мусульмане, а вось яна мусульманскую веру не прымала.
– У мячэць ходзяць толькі мужчыны, жанчыны моляцца дома. А вось турыстам-жанчынам дазваляецца ў мячэць заходзіць – толькі трэба акрэслены стыль адзення вытрымліваць. Тым, хто прыйшоў без спадніцы і хусткі, гэтыя рэчы  дадуць на месцы,– расказвае Гельфія. – У мусульман, калі дзіця нарадзілася, робяць абрад імянарачэння. Самыя папулярныя імёны ў татар – Рашыд, Рэнат, Марат, Гульнара, Суф’я. А прымае хрышчэнне чалавек ужо ў асэнсаваным узросце. Як і ў праваслаўных, і ў католікаў, пры мячэцях таксама ёсць школы – кшталту нядзельных. Іх пачалі адкрываць пасля перабудовы.

Гельфія Рашыдаўна прыняла каталіцтва 15 гадоў назад. Яе свякроўка вельмі хацела, каб нявестка прыняла іх веру, але не настойвала, лічыла, што Гельфія сама павінна прыйсці да Бога. Жанчына час ад часу запрашала сваю Галю схадзіць «да касцёла», на святочныя імшы – тая не адмаўлялася.

– Калі мы з Чэсем бралі шлюб, я была нехрышчаная, – расказвае Гельфія. – Пазней зразумела, што трэба прыняць каталіцкую веру: мае дзеці  католікі – дык як жа мы сустрэнемся на тым свеце, калі я не прыму іх веры, не дайду да Бога? Я малюся па-польску.

Стравы

– Калі мама вяртаецца з Казані, то абавязкова прывозіць з сабой чак-чак – гэта татарскі нацыянальны прысмак. Вельмі смачны! – гаворыць дачка Гельфіі Рашыдаўны Наталля.

Любімая страва Гельфіі – эчпачмак: запечаная ляпёшка, скла­дзеная ў форме трох­кутніка і начыненая фаршам з рубленай ялавічыны і бульбы. А яшчэ  – кыстыбый – прэсныя ляпёшкі з любым начыннем, падобныя да адкрытых піражкоў.

s1200.jpg


– Праўда, я гэтых страў дома не гатую, – прызнаецца Гельфія. – Толькі ў Казані. Раней рабіла іх з маці, цяпер – з родзічамі. А ў Астраўцы гатую тое, што любяць мае дзеці і ўнукі: мясцовую кухню даўно палюбіла і я.

Звычаі

У мячэці для маладых, якія бяруць шлюб, праводзяць абрад вянчання – ніках. 

– Вясельны ўбор можа быць розным – галоўнае, каб у нявесты сукенка была закрытая і хустка на галаве, – расказвае Гельфія Рашыдаўна
– На вяселлі накрываюць асобна сталы мужчынскія і жаночыя, – узгадвае Гельфія. – Гэта традыцыя таксама старадаўняя.

Любімае нацыянальнае свята Гельфіі – Сабантуй. Яго назва даслоўна перакладаецца, як свята плуга: «сабан» – плуг, «туй» – свята. Сабантуй ладзяць у чэрвені, пасля заканчэння пасяўных работ. 

– На гэтае свята гуляе ўвесь горад, – расказвае Гельфія Рашыдаўна. – Сабантуй – дзяржаўнае свята, яго адзначаюць у кожным горадзе і вёсцы, а галоўныя гулянні праходзяць у Казані. 

Для сабантуя рыхтуюць майдан: устанаўліваюць трыбуну, ставяць стол з падарункамі і прызамі для пераможцаў конкурсаў, тут працуюць гандлёвыя рады, ладзіцца канцэрт. Свята абавязкова адкрываюць прадстаўнікі ўлады. Спаборніцтвы могуць пра­во­дзіцца не на майдане, аднак пера­можцаў ўзнагароджваюць толькі там.

– Самае папулярнае спа­бор­ніцтва – нацыянальная барацьба корэш, – расказвае пра адметнасці святкавання Сабантуя мая суразмоўца. – Адкрываюць спаборніцтвы два маленькія хлопчыкі ці двое старых, потым іх па чарзе змяняюць хлопчыкі-школьнікі, юнакі, мужчыны. Кульмінацыя – паядынак батыраў, на майдане яны паказваюць сілу, спрыт, майстэрства, мужнасць.

Пераможцу, акрамя каштоў­нага прыза, абавязкова узнагароджваюць жывым баранам.
Праводзяць на свяце іншыя спартыўныя спаборніцтвы, жар­тоў­ныя і песенна-танца­вальныя конкурсы, водзяць карагоды, майстры вучаць нацыянальным рамёствам.

Захапленні з нацыянальным каларытам

Гельфія Рашыдаўна захапляецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, любіць асвойваць розныя віды і тэхнікі. 

– З маіх родзічаў асабліва ніхто рукадзеллем не захапляўся, – гаворыць жанчына. – Толькі бабуля вязала. Я ў дзяцінстве добра малявала. А цяпер не аддаю перавагі якомусьці аднаму віду творчасці – люблю спрабаваць новыя тэхнікі.

Нейкі час Гельфія захаплялася вязаннем, потым рабіла дрэўцы з бурштынавых пацерак,  шыла ўборы для лялек – сярод іх абавязкова былі і татарскія нацыянальныя.

32.jpg

Цяпер працуе з «халодным фарфорам». У руках таленавітай майстрыхі «расцвітаюць» кветкі, з іх «вылятаюць»  птушкі, «выбягаюць» малышы, «выходзяць» дзяўчаты і хлопцы ў нацыянальных касцюмах. Прыгожа аздабляе «ляпнінай» наша зямлячка і посуд.
Гельфія Мацкела, прызнаецца, што больш за ўсё любіць ляпіць лялек-татарачак: татарскія нацыянальныя ўборы шыкоўныя – адно аздабленне і ўпрыгожванне чаго варты! Беларусак, па словах Гельфіі, прасцей ляпіць.

IMG_2982.jpg

– Не магу нічым не займацца – гэта аддушына, адпачынак, нават калі заседжваюся да позняй ночы, – расказвае Гельфія Рашыдаўна. – Тэхніку «халоднага фарфору» знайшла ў інтэрнэце – паспрабавала, атрымалася, і ўжо год «шчырую». 

«Фарфор» астраўчанка робіць сама. Для гэтага трэба клей ПВА, крухмал і рознакаляровыя фарбы. Спачатку Гельфія расквечвала сваё «цеста» спадручнымі «фарбамі»: крэм для абутку, лак для нагцей і нават памада. Цяпер купляе калоры для акрылавых фарбаў.

– А вось сапраўдны чорны колер дае толькі крэм для абутку, – зазначае Гельфія Рашыдаўна. – Твары лялькам, дробныя дэталі я раблю стэкамі. А далей – уключаю фантазію!

IMG_2988.jpg

Імёнаў сваім лялькам жанчына не дае, для яе галоўнае – стварыць каларытны вобраз. Цяпер у «распрацоўцы» ў Гельфіі Мацкелы інтэр’ерныя лялькі – гэтыя лялькі пасля «нараджэння», па словах жанчыны, абавязкова атрымаюць імёны.

Так і жыве на дзве Радзімы Гельфія Мацкела: трымаючы ў душы Татарстан, а ў сэрцы – Беларусь. Яна аднолькава ўтульна адчувае сябе ў гэтых дзвюх краінах, толькі ў кожнай з іх – па-свойму.  


Текст:
Фото: Рита Дремо, из интернета