Перамаглі, гуляючы
На мінулым тыдні, 13 кастрычніка, у Гродна прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу ігравых праектаў “Гуляюць дзеці – гуляем мы!” для педагогаў устаноў пазашкольнага выхавання і навучання, а таксама іншых устаноў адукацыі. Сярод 21 каманды, якія прымалі ўдзел у конкурсе, каманда Астравецкага раённага цэнтра пазашкольнай работы стала лепшай.
Гонар нашага раёна паехалі абараняць культарганізатар Астравецкага ЦПР Павел Букель, харэограф Наталля Янкоўская і выхаванцы гуртка “Гуляем разам” Віка Ярашэвіч, Даша Маслоўская і Максім Букель. Удзельнікі конкурсу павінны былі распрацаваць і прадэманстраваць гульнёвую праграму па ўласнаму арыгінальнаму сцэнарыю. Наша праграма называлася “Стань зоркай” і складалася з трох конкурсаў: танцавальнага, конкурсу скорагаворак і “адгадай музычны інструмент”. Дарэчы, шмат каго можа зацікавіць обучение танцам.
– Калі мы прыехалі і ўбачылі нашых сапернікаў у яркіх, прыгожых касцюмах, то нават не спадзяваліся на перамогу, – расказвае Павел Букель. – Але пры мінімуме матэрыяльнага забеспячэння ў нас было максімум энергіі, гумару і весялосці.
Сапраўды, праграма ў рабят, па словах журы, атрымалася жывой і захапляючай – яны здолелі “запаліць” залу па поўнай, за што і атрымалі галоўную ўзнагароду. А наперадзе чакае рэспубліка! Пажадаем ім поспехаў.
Вольга ШОЎКУН.