Кирпичный завод в Островце
10:05 / 23.05.2018
Я даведалася шмат цікавага, выбраўшыся знаёміцца з вулачкамі нашага горада разам з вядучымі відэапраекта «Гарадскі шпацыр», які выходзіць на нашым сайце www.ostrovets.by.
З кнігі «Памяць»:
«… Вясною 1945 г. быў створаны Астравецкі прамкамбінат. <…> Акрамя лесапілкі камбінат меў тры вапнавыя ямы і цагельны завод з напольнай печчу. У гэтым жа годзе былі выпушчаны 42 тыс. адзінак цэглы-сырца. У 1949 г. пабудаваны цагельны завод «Астравец» і цэх па вырабу кафлі і чарапіцы…».
На жаль, гэта ўсе звесткі, якія ўдалося здабыць у кнізе «Памяць». Таму вырашыла ўзнавіць гісторыю з дапамогай мясцовых жыхароў – сведкаў цагельнай «гісторыі». У «разведцы» па вуліцы Прамысловай мне пашчасціла напаткаць тых, хто некалі працаваў у цэхах Астравецкага цагельнага завода – Яніну Флерыянаўну Кардзіс і Івана Віктаравіча Ядзевіча.
Першы рад: першая злева – Уладзіслава Раўдановіч, працавала ў чарапічным цэху, другі рад: першы злева – Іосіф Лісоўскі, прэсаўшчык; другі злева – Іосіф Базюк, працаваў на выгрузцы гатовай цэглы; пяты злева – Іван Ядзевіч, вадзіцель.
Былы вадзіцель цагельнага завода Іван Ядзевіч расказаў, што ў суткі тут выраблялася да 20 000 штук цэглы. Цагельшчыкі працавалі ў дзве змены, а кафельшчыкі – у адну. У завода было 15 коней – імі вазілі не толькі ваганеткі з глінай да цэхаў, але і торф з Задворнікаў – ім абпальвалі цэглу. Торф, як і гліну, трэба было спачатку нарыхтаваць: накапаць, высушыць – і толькі потым выкарыстоўваць. А вось кафлю абпальвалі вадкім пячным палівам – яго дастаўляў бензавоз.
– Кафлю ў нас не глазуравалі – спрабавалі неяк, але не атрымалася, у «кропкі» пайшла, – працягвае Іван Віктаравіч. – Калі нам аддалі ў карыстанне гэтыя забудовы, частку мы разабралі, каб зрабіць агарод.
Ад цэхаў пад зямлёй ішлі вентыляцыйныя люфты – яны і цяпер «выглядваюць» пустымі вачамі з-пад зямлі разам з рэйкамі, па якіх дастаўлялі гліну.
– Асцярожна, – папярэджвае мяне Данута Ядзевіч, жонка Івана Віктаравіча, паказваючы на невялікія парослыя травой узгоркі. – Гэта тыя самыя люфты. Яны вельмі глыбокія, як ні стараліся іх засыпаць – не атрымліваецца.
– Мой муж збаны рабіў, – расказвае Яніна Кардзіс. – Адзін тут працаваў, я прыходзіла яму дапамагаць.
Яніна Флерыянаўна пасля работы на хлебазаводзе прыйшла працаваць у цагельны цэх, а потым перайшла ў чарапічны.
– Цяжка было... А куды дзенешся? Усё ўручную рабілі: гліну капалі, грузілі ў ваганеткі, коньмі па рэйках давозілі да цэха, там разгружалі. Больш плацілі тым, хто капаў гліну і абпальваў цэглу, – успамінае жанчына. – Мужчыны на фармоўцы рабілі і на прэсах, а жанчыны ім гліну падносілі – гэта лягчэй было. Важылі адпрэсаваныя кавалкі гліны прыкладна 10 кілаграмаў. Пасля прэса гліняныя пласціны клалі на форму, а потым, адціснуўшы, – сушылі.
Цяпер ад былога цагельнага цэха засталіся толькі напаўразваленыя доўгія драўляныя пабудовы, у якіх раней сушылі сырэц, і цагляная труба.
Тут сушылі цэглу
Печ стаяла непадалёк – паміж сушыльнымі цэхамі і трубой. Пад зямлёй ад печы да трубы былі пракладзены вентыляцыйныя каналы – праз іх выходзіў дым. Цяпер захавалася толькі чырвоная цагляная труба, якая адзінока стаіць пасярод поля. Мясцовыя жыхары расказваюць, што хадзіць па гэтаму полю небяспечна – можна трапіць у люфты.
– Печы палілі двое сутак, – расказвае Яніна Флерыянаўна. – Закладуць у адсек цэглу – і ўсе дзверцы па перыметру замазваюць глінай, каб цяпло не выходзіла. Калі трэба было даставаць – тады гліну адбівалі. Складвалі цэглу тут жа, каля печы – суткі яна астывала. А тады ўжо на тачках адвозілі і складвалі ў слупкі. У абпальвальшчыкаў былі спецыяльныя рукавіцы – каб рукі не апячы.
Працавалі на Астравецкім цагельным заводзе і мясцовыя жыхары, і прыезджыя – сезонныя рабочыя: іх бралі на працу на лета. Для работнікаў будавалі дамы тут жа, на Прамысловай вуліцы, – у тым ліку і інтэрнаты.
Дарэчы, у той частцы вуліцы, дзе некалі віравала прамысловае жыццё, дамы часта «суседнічаюць» са штучнымі вадаёмчыкамі, парослымі балотнай травой і хмызняком.
– Гэта былыя панскія ставы, – тлумачыць Яніна Флерыянаўна. – Калісьці тут шмат рыбы было. – І былыя гліняныя ямы. Некаторыя кар’еры людзі засыпалі, калі пасля закрыцця завода тут сталі раздаваць участкі пад забудову, а штосьці засыпалі. Калі атамку пачалі будаваць – сюды зямлю вазілі.
Непадалёк ад цагельных сушыльных цэхаў стаялі невялікія драўляныя будынкі канторы і магазіна. Потым яны «пераехалі» на першы паверх двухпавярховага будынка, узведзенага на іх месцы, а на другім паверсе зрабілі завадскі клуб. Гэты будынак захаваўся да нашага часу: пасля закрыцця завода ён стаў пяцікватэрным домам.
Калі астравецкія запасы гліны закончыліся, яе сталі вазіць з Маляў. Дарэчы, цяперашні мальскі стаў, куды астраўчане часам ездзяць летам адпачываць, – гэта былы гліняны кар’ер.
– Я працаваў на заводзе вадзіцелем ЗІЛа-130, – узгадвае Іван Ядзевіч. – Мы з Маляў вазілі гліну на дзвюх машынах. Рэйсы нам лічылі ў залежнасці ад вырабу цэглы: 1 машына – 5 тон, з іх выходзіла 1 000 штук цэглы. Колькі цэглы выйшла – столькі і рэйсаў ставілі.
Калі ў Малях гліны не стала, прамкамбінат пабудаваў завод у вёсцы Вераб’і, а астравецкія цэхі закрылі.
– У 1972 годзе перастаў працаваць цагельны цэх, – успамінае Іван Віктаравіч. – А ў 1974-м – і кафельны. Дарэчы, у Вераб’ях цэглу ўжо не торфам абпальвалі, а вугалем. Пазней абсталяванне з кафельнага цэха вывезлі на завод у Мілідаўшчыну, гэта каля Крэва ў Смаргонскім раёне.
Пасля закрыцця Астравецкага цагельнага завода яго цэхі сталі ўласнасцю жыхароў прыватных дамоў, на тэрыторыі якіх яны размяшчаліся. Дамы для работнікаў з цягам часу былі прыватызаваны іх жыхарамі. І цяпер толькі назва вуліцы – Прамысловая, часткова захаваныя пабудовы, труба і кавалкі цэглы, кафлі і чарапіцы, якія гаспадары падворкаў знаходзяць у сваіх агародах, нагадваюць пра тое, што некалі ў нашым гарадку быў цагельны завод.
Былы ганчарны цэх