Дзесяць Божых запаведзяў працягвае тлумачыць Казімір Варановіч
14:44 / 19.03.2018
Калі будзеце рыхтавацца да споведзі, успомніце гэтую «няроўнасць»: спачатку вызначце свае грахі адносна першых трох наказаў, потым – адносна астатніх…
Старшыня касцёльнага камітэта парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках Казімір Варановіч працягвае тлумачыць сэнс 10 Божых запаветаў.
10 Божых запаведзяў (наказаў):
1. Не май іншых багоў апроч мяне.
2. Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна.
3. Памятай святы дзень святкаваць.
4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.
5. Не забівай.
6. He чужалож.
7. He крадзі.
8. He сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
9. He пажадай жонкі бліжняга твайго.
10. He пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.
Чацвёртая запаведзь: шануй бацьку свайго і маці сваю
Пасля Бога мы павінны шанаваць сваіх бацькоў, якія нам далі найвялікшы дар – жыццё.
Пасля бацькоў на нашу пашану і любоў маюць права браты, сёстры, а таксама сваякі – сярод іх асаблівае месца займаюць дзядулі і бабулі.
Настаўнікі і выхавацелі падтрымліваюць і дапаўняюць бацькоў у справе выхавання. Іх трэба шанаваць, быць удзячнымі і паслухмянымі.
Трэба любіць сваю Айчыну і ставіцца з павагай да грамадскай улады. Асаблівай пашаны заслугоўвае каталіцкі Касцёл, які робіць нас усіх адной сям’ёй.
Пашану да сваіх бацькоў дзеці выказваюць праз любоў, удзячнасць і паслухмянасць. Такі прыклад нам паказвае сам Сын Божы: евангеліст Лука гаворыць, што Езус быў «падданым» Марыі і Юзафа.
Гаючую і цудадзейную сілу мае малітва бацькоў за дзяцей. Святая Моніка васямнаццаць гадоў малілася за свайго няверуючага сына. І Бог яе пачуў: Аўгусцін прыйшоў да веры, стаў святаром, потым біскупам і больш таго – вялікім святым, працамі якога і зараз карыстаецца Касцёл.
На жаль, так здараецца, што самых блізкіх мы ўспамінаем у патрэбе ці калі нам дрэнна. Незалежна ад таго, як даўно мы адкрывалі знаёмыя веснічкі і пераступалі парог роднай хаты, бацькі заўсёды нас чакаюць – здаровых і хворых, шчаслівых і засмучаных, паспяховых і няшчасных… Яны, як і Бог, прымаюць і любяць нас любымі.
А мы? Замест таго, каб даглядзець нямоглых бацькоў, некаторыя перакладаюць свае абавязкі на дзяржаву і адпраўляюць маці ці бацьку ў дом састарэлых. Людзі, якія гэта робяць, не задумваюцца, што некалі і самі будуць такімі, што могуць паўтарыць лёс бацькоў: апошнія гады жыцця дажываць у казённых сценах…
Не адкладвайце на заўтра сустрэчу з бацькамі: знайдзіце вольную хвіліну ў сваім шчыльным графіку, не можаце прыехаць – хоць бы патэлефануйце, каб потым не было позна… Не шкадуйце слоў любові – іх не бывае зашмат.
***
Да нямоглых трэба запрашаць святара, каб той удзяліў хворым намашчэнне.
У выпадку смерці бацькоў выразам пашаны да іх з’яўляецца не толькі наведванне магілак і догляд за месцамі спачыну, але ў першую чаргу – малітва, асабліва Эўхарыстыя, напрыклад, у гадавіну смерці.
Помніце: як вы ставіцеся да бацькоў, гэтак жа будуць да вас адносіцца вашы дзеці.
Пятая запаведзь: не забівай
Бог дае жыццё і толькі Ён мае права яго забраць. Забойцы і тыя, хто добраахвотна гэтаму садзейнічае – вялікія грэшнікі, але варта памятаць, што забіць чалавека можна не толькі сілай, але і дрэннымі словамі, думкамі, фальшывымі нагаворамі, учынкамі, занядбаннем.
Самаабарона. Часам здараюцца выпадкі, калі чалавек вымушаны абараняцца. Хто бароніць сваё жыццё, нават калі ён нанёс нападаючаму смяротны ўдар, не лічыцца вінаватым у забойстве.
Тым не менш, у самаабароне не трэба прымяняць большую сілу, чым таго патрабуе сітуацыя.
Эўтаназія (забойства «з літасці») лічыцца грахом, нават калі моцна хворы чалавек сам просіць аб смерці.
Пакутуючых людзей можна і трэба падтрымаць малітвай, сваёй прысутнасцю, словам.
Самазабойства (суіцыд) – імкненне ўцячы ад цяжару ўнутраных перажыванняў праз перарыванне свайго жыцця. Суіцыд, як і яго спробы, лічацца грахом. Выключэнне – псіхічна хворыя людзі, якія не разумеюць, што робяць.
Давядзенне да самагубства. Імклівае развіццё грамадства, развіццё камп’ютарных тэхналогій прывялі да таго, што сучасныя дзеці не могуць супрацьстаяць выклікам, якія нясе інтэрнэт.
Вядомы выпадкі, калі праз камп’ютарныя гульні ананімы праграміравалі падлеткаў і дзяцей на самазабойства ці самапашкоджанне.
Аборт – перарыванне цяжарнасці. Не мае значэнне, як была спынена цяжарнасць: праз так званую рэгуляцыю, аборт, ужыванне таблетак ці «спіраль» – знішчэнне плода ва ўлонні маці лічыцца вялікім грахом.
У аборце вінаватая не толькі жанчына, але і мужчына, які яе падштурхнуў да гэтага ці згадзіўся з такім рашэннем. Адказнасць за забойства ненароджанага дзіцяці нясуць і тыя асобы, хто сваёй парадай, угаворамі ці іншымі дзеяннямі давёў жанчыну да аборту. Усе яны, як і ўрач, які зрабіў аборт, адлучаюцца ад Касцёла.
Калі Бог паслаў дзіцятка, Ён дапаможа яго выгадаваць. Нездарма людзі кажуць: «Калі Бог даў некаму жыццё, луста хлеба для яго ўжо адрэзана».
Алкаголь, наркотыкі, цыгарэты – тры бізуны сучаснасці. Чалавек не задумваецца, што адна выкураная цыгарэта ці выпіты куфаль піва можа прывесці да залежнасці – пакутаваць будзе не толькі гэты чалавек, але і яго блізкія людзі, у тым ліку дзеці.
Алкаголь, як і наркотыкі, разбурае цела і душу – па кроплі з дня ў дзень забівае фізічна і маральна.
Шостая запаведзь: не чужалож
Дзявятая запаведзь: не пажадай чужой жонкі
Шостае прыказанне датычыцца вельмі інтымнай сферы чалавека – яго сексуальнага жыцця. У чалавеку павінна быць адзінства душы і цела. І цела створана для праслаўлення Бога, а не для распусты.
Цяжкія грахі супраць цнатлівасці і дабрадзейнасці:
* Распуста – інтымная блізасць нежанатага мужчыны з незамужняй жанчынай.
* Чужаложства – суджэнская нявернасць.
* Сужыцельства – суджэнства без шлюбу.
* Канкубінат – сужыцельства без шлюбу, якое не зарэгістравана нават у ЗАГСе.
* Дасуджэнская спроба сексуальных адносінаў парушае Божы наказ аб цнатлівасці і зневажае годнасць чалавека.
* Казіродства – інтымныя адносіны паміж сваякамі.
* Мастурбацыя – нясціплыя дзеянні, зробленыя сам-насам.
* Пажадлівыя дотыкі, словы, позіркі, намёкі і пацалункі паміж асобамі, якія не з’яўляюцца законнымі мужам і жонкай.
* Гомасексуалізм – інтымныя адносіны паміж двума мужчынамі ці дзвюма жанчынамі (так званы садомскі грэх). Садом і Гамору – гарады, у якіх людзі страцілі пачуццё сораму і годнасці, Бог разам з іх жыхарамі пакараў агнём – знішчыў з твару Зямлі. Гомасексуалізм – цяжкі грэх не толькі супраць цнатлівасці, але і супраць прыроды, які можа наклікаць помсту неба.
* Скаталожніцтва – зносіны з жывёлінай.
* Нясціплыя думкі, жаданні лічацца грэшнымі, калі чалавек не імкнецца іх пераадолець, а наадварот, свядома шукае ў іх задавальненне.
Грашыць супраць шостага наказу можна і іншымі спосабамі. Часам для гэтага нават не трэба пакідаць уласнае ложа: дастаткова толькі ўвайсці ў інтэрнэт…
Важна ведаць
– Людзі, якія жывуць без шлюбу, не маюць права спавядацца.
– Калі людзі развяліся і пры гэтым ні з кім не жывуць, яны могуць спавядацца і прымаць камунію.
– Калі нехта жыве з іншым чалавекам і вядзе палавое жыццё, то абавязаны хадзіць у касцёл, але не мае права прыступаць да споведзі і прымаць найсвяцейшы сакрамэнт.
– Калі людзі, якія сужыцельствуюць, пастарэюць і стануць жыць, як брат з сястрой, ці раптоўна кагосьці з іх напаткае хвароба, будзе пагроза жыццю – абавязкова трэба пазваць святара, паспавядацца і прыняць камунію.
Сёмая і дзясятая запаведзі: не крадзі. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму
Чалавек мае права на ўласнасць ці рэч толькі тады, калі ён атрымаў яе законным шляхам: зарабіў, купіў, атрымаў як падарунак ці ў спадчыну.
Уласнасць бывае прыватнай, супольнай (напрыклад, сямейнай), дзяржаўнай. Грэшным лічыцца знішчэнне дрэў, вады, будынкаў агульнага карыстання, забіванне жывёлы без патрэбы. Чалавек павінен шанаваць зямлю, на якой нарадзіўся.
Грахі супраць сёмага і дзясятага Божых наказаў:
* Крадзёж – таемнае прысвойванне чужой рэчы.
* Рабунак – насільнае адабранне ў чалавека яго ўласнасці.
* Ашуканства – атрыманне матэрыяльнага прыбытку пры дапамозе хлусні. Напрыклад, калі чалавек імкнецца прадаць рэч даражэй, чым яна каштуе.
* Карупцыя – подкуп асобаў, каб яны, скарыстаўшыся сваёй уладай і паўнамоцтвамі, пайшлі насуперак закону і справядлівасці.
* Ліхвярства – пазыка грошай з намерам атрымаць працэнты. У Святым Пісанні ліхвяры асуджаюцца.
* Затрыманне зарплаты таму, хто яе справядліва зарабіў, – грэх, які наклікае Божую помсту.
* Спекуляцыя – штучнае падвышэнне цаны на тавар.
* Азартныя гульні – сітуацыя, у якой хтосьці недазволеным чынам становіцца ўладальнікам матэрыяльных даброт іншага чалавека.
* Недобрасумленная праца.
* Фальсіфікацыя дакументаў, пры дапамозе якой чалавек несправядліва прысвойвае сабе сродкі, рэчы і іншае.
* Марнатраўства і празмерныя выдаткі, асабліва калі пазбаўляюць сям’ю ці іншую супольнасці неабходнага для жыцця мінімума. Напрыклад, калі бацькі апошнія грошы трацяць на алкаголь, прыгожае адзенне.
* Прысваенне знойдзенай рэчы лічыцца крадзяжом, калі чалавек не вяртае ўласніку гэту рэч ці не робіць ніякіх намаганняў яго адшукаць.
* Затрыманне доўгу лічыцца грахом, калі даўжнік не імкнецца вярнуць доўг.
Чалавеку, які парушыў гэтыя божыя запаведзі, неабходна не толькі ўсвядоміць грэх, шчыра прызнацца ў ім на споведзі, але яшчэ і зрабіць рэстытуцыю: кампенсаваць матэрыяльную крыўду, нанесеную іншаму чалавеку ці групе людзей.
Калі ўладальніка ці яго наследнікаў не ўдалося адшукаць, то грошы трэба аддаць убогім ці ахвяраваць на дабрачыннасць.
Восьмая запаведзь: не сведчы фальшыва на бліжняга свайго
Каб людзі ўмелі стрымацца і змаўчаць у некаторых сітуацыях, столькі сем’яў і сяброўскіх адносінаў захаваліся б! Нездарма кажуць, маўчанне – золата…
Восьмы Божы наказ забараняе:
– Фальшывае сведчанне ў судзе.
– Легкадумнае асуджэнне – падазрэнне іншага чалавека ў дрэнных учынках, словах, думках ці намерах без дастатковых на гэта прычын.
– Абгавор – выяўленне без патрэбы грахоў, заганаў і недахопаў іншага чалавека асобам, якія гэтага не ведалі. У гэтай сітуацыі грашыць той, хто абгаворвае, і той, хто слухае.
– Паклёп – ілжывае абвінавачванне.
– Пляткарства і данос.
– Інтрыгі і кампраментацыя.
– Няшчырыя кампліменты, рабалепства становяцца цяжкім грахом, калі заахвочваюць іншага чалавека да граху або ўмацоўваюць яго ў дрэнным.
– Самахвальства пярэчыць праўдзе, бо з яго дапамогай чалавек уводзіць іншага ў зман адносна сваёй асобы.
– Зласлівая іронія.
– Хлусня.
– Крывадушнасць – хлусня ва ўчынках. Грашыць той, хто падслухоўвае пад дзвярыма чужыя размовы, чытае лісты ці дакументы без дазволу, выдае тайну іншага.
Нанесенае словамі зло трэба абавязкова выправіць: паклёпы адазваць, сапсаваную абгаворамі рэпутацыю чалавека паправіць, а за знявагі лепш за ўсё перапрасіць.
…Не адкладвайце сваё навяртанне на заўтра, бо ніхто, акрамя Бога, не ведае, колькі каму адведзена на гэтым свеце...