Даражэй за медаль
12:20 / 25.01.2018
Падчас гонкі праследавання на чарговым этапе Кубка свету ў Антхольцы любіміца беларускіх балельшчыкаў Дар’я Домрачава прадэманстравала, што яна – не толькі баец, змагар за перамогу, але і высакародны спартсмен і чалавек. У пылу барацьбы на апошніх метрах дыстанцыі яна на павароце выпадкова наступіла на лыжную палку саперніцы – італьянкі Даратэі Вірэр – і тая яе страціла. Здавалася б, вось яна, перамога: абагнаць Даратэю, якая заканчвала дыстанцыю з адной палкай для Домрачавай было – раз плюнуць! Калі не залаты, то сярэбраны медаль быў у беларускі, лічы, у кішэні. Ну і што, што Даратэя згубіла лыжную палку з-за неасцярожнасці Дар’і? У спорце – кожны сам за сябе! Пераможцаў не судзяць!
…Упэўнена: тое, што потым зрабіла Даша, многім падалося дзіўным. Наша біятланістка практычна спыніла барацьбу і, па сутнасці, прапусціла Даратэю на другое месца, задаволіўшыся «бронзай».
Гэты высакародны ўчынак высока ацаніла ўся спартыўная грамадскасць, за яго Дар’ю публічна падзякавала і сама італьянская біятланістка. А балельшчыкі, мне здаецца, яшчэ больш сталі любіць і паважаць нашу Дашу.
Прачытаўшы пра гэты ўчынак Дар’і Домрачавай, я задумалася: а ці многія з нас, шаноўныя суайчыннікі-сучаснікі, змаглі б паступіць гэтак жа? Хай сабе не на этапе Кубка свету, хай сабе не ў змаганні за медалі сусветнай вартасці, а ў нашай будзённай паўсядзённасці, за куды меншыя «бонусы» і ўзнагроды…
…Прыкладна ў той жа час даведалася іншую навіну, больш будзённую і балючую. Маю знаёмую бацька, старасць якога яна даглядала, як і належыць адзінай дачцэ, праўда, без адрыву ад працы, якую не магла пакінуць, узгадаўшы нейкую старую крыўду, а мо, з-за свайго больш чым паважанага ўзросту і звязаных з гэтым змяненнямі ў фізічным і псіхічным здароўі, пазбавіў права на спадчыну. І яе пляменнікі, якія ўпершыню за дзесяць апошніх гадоў пераступілі парог дзедавага дома на яго пахаванні, раптам даведаліся, што яны – шчаслівыя ўладальнікі нерухомасці коштам не ў адну тысячу долараў. І тут жа, на ноч гледзячы, папрасілі да таго часу любімую і адзіную цётачку «ачысціць памяшканне» – свой родны дом, не пацікавіўшыся нават, ці ёсць ёй дзе начаваць…
Думаю, многія з нашых чытачоў могуць прывесці не адзін падобны прыклад, калі, падставіўшы некаму падножку – няважна, спецыяльна ці незнарок, вінаваты не імкнуўся павініцца і тым больш «аддаць даўгі», а імчаў на ўсіх парах да фінішу, не зважаючы, што там, за спінай: кожны сам за сябе – пераможцаў не судзяць! І можна не сумнявацца: той, хто рашыўся на падобны ўчынак, знойдзе сто і адно апраўданне для сябе: так склаліся абставіны, такой была воля лёсу (ці каго яшчэ), а чым я горшы – і так да бясконцасці…
Людзі іх, можа, і не асудзяць: не знойдуць падстаў ці правоў. Але ж ёсць і іншы суд. Мне здаецца, яго баяцца нават тыя, хто лічыць сябе атэістам. І таму такія людзі непазбежна пакутуюць ад бяссонніцы. Не ведаю, што іх будзіць – згрызоты сумлення ці страх, што Той, Хто ўсё бачыць і Каго не падманеш і не пераканаеш сваімі прыдуманымі апраўданнямі, падрыхтаваў для цябе новы, больш строгі і суровы экзамен на званне Чалавека… І невядома, ці зможаш ты яго вытрымаць. Бо жаданыя, чаканыя, здаецца, неабходныя больш за ўсё на свеце медалі, хаты, грошы, перамогі прыходзяць і адыходзяць – і, як паказвае жыццё, адыходзяць тым хутчэй, чым лягчэй прыйшлі. І застаецца тое, што намнога даражэй за ўсё гэта і чаго не купіш…
…А Дар’я Домрачава на другі дзень пасля гэтага свайго ўчынку выйграла не сярэбраны – залаты медаль у тым жа італьянскім Антхольцы ў спаборніцтвах у масавым старце. Выйграла справядліва, у цяжкіх умовах і сур’ёзнай барацьбе. І за гэты медаль, як і за той першы, бронзавы, ні ёй, ні тым, хто яе любіць, – не сорамна.
Дзякуй, Даша, за ўрокі высакароднасці і чалавечнасці!