"Дарога да мары" сясцёр Стурліс

15:20 / 20.04.2010
Значная падзея ў культурным жыцці раёна адбылася на мінулым тыдні. У Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў адкрылася юбілейная выстава дзвюх мастачак, дзвюх сясцёр – Тарэсы Варановіч і Ірэны Герасім.
Яны падобныя, як могуць быць падобныя толькі двайняты: з аднолькавымі рысамі твару, паставамі, рухамі і нават усмешкамі. І галоўнае – з аднолькавым на ўсё жыццё захапленнем: жывапісам.
Прафесіі ў адной і другой ўпаўне зямныя: Тарэса Іосіфаўна працуе настаўніцай у Дайлідскай школе, Ірэна Іосіфаўна – на чыгунцы ў Літве. Але прафесія, якая дае кавалак хлеба надзённага, і справа жыцця не заўсёды і не ва ўсіх супадаюць. Такой справай жыцця для сясцёр з маленства і да сённяшняга дня застаецца жывапіс.
Калідоры школы мастацтваў – месца для правядзення выстаў надзвычай прыстасаванае і невялікае. Асабліва з улікам таго, што Тарэса Іосіфаўна, як яна сама з гумарам прызнаецца, любіць пісаць свае карціны “шырокім пэндзлем”. І таму на выставе змясцілася вельмі невялікая частка жывапісных работ сясцёр. А некаторыя – як, да прыкладу, роспісы касцёлаў Тарэсы Іосіфаўны — змясціць тут проста немагчыма. Творы Ірэны ўвогуле прадстаўлены ў большай частцы фотакопіямі: перавезці карціны цераз дзяржаўную мяжу досыць складана.
Але і тое, што ёсць, дае яскравае ўяўленне пра талент адной і другой сястры, пра іх манеру пісьма, прыхільнасці. Усе: і тыя, хто былі знаёмы з творчасцю Тарэсы і Ірэны раней, і для каго гэтая выстава стала адкрыццём іх як мастачак, былі аднадушнымі: іх карціны надзвычай светлыя – нават тыя, дзе адлюстравана бура на моры ці цёмная лясная рачулка, што прабіваецца скрозь засень густых дрэў. І вельмі гарманічныя – як і самі мастачкі.
На адкрыццё выставы прыйшлі сябры Тарэсы і Ірэны, прыхільнікі іх таленту, і проста тыя, хто цікавіцца падзеямі культурнага жыцця раёна. Для некага гэтая юбілейная дэманстрацыя творчых дасягненняў стала чарговым – і ад таго не менш жаданым – спатканнем з работамі даўно знаёмых аўтараў. Для іншых – своеасаблівым адкрыццём: аказваецца, і ў нас ёсць такія цікавыя, глыбокія мастакі!
Але што асабліва парадавала: раўнадушных не было. Шчыра падзякаваў Тарэсе і Ірэне за іх творчасць увогуле і гэтую выставу ў прыватнасці начальнік аддзела культуры Астравецкага райвыканкама С.Л. Сяўко – з яго вуснаў, дарэчы, прагучала ўзрадаваўшая ўсіх навіна аб тым, што магчыма, праз год-другі у Астраўцы з’явіцца сапраўдная выставачная зала, і выстаўкі мясцовых і прыезджых мастакоў займеюць месца для дастойнага размяшчэння. Словы захаплення мастачкамі і іх работамі, увогуле іх светлым і пазітыўным поглядам на жыццё, які гучыць у кожнай рабоце, выказалі Алесь Юркойць, Людміла Кухарэвіч, Данута Чарнушэвіч і іншыя.
Хоць Тарэса Іосіфаўна прызналася, што больш за ўсё любіць пісаць партрэты, на выстаўцы прадстаўлены ў асноўным пейзажы, якія займаюць асаблівае месца ў творчасці сясцёр Стурліс – такое дзявочае прозвішча мастачак. “Свет так хутка мяняецца, родныя, блізкія мясціны знікаюць, мяняюць сваё аблічча – так хочацца іх адлюстраваць на палатне, пакінуць для жыцця вечнага”, — прызналася Тарэса. І гэта бачна на іх карцінах: іншай ужо стала і “Дарога да дому”, і “Хутар Засценак”, і возера Снігяны…
Ранейшай – і, здаецца, вечнай! – застаецца толькі “Дарога да мары”: пара коней, палевы і гняды, імчаць па жытнім полі – кожны мускул напружаны, вось-вось здаецца, яны адарвуцца ад зямлі і ўзляцяць у паветра – насустрач сонцу.
Амаль як сёстры Тарэса Варановіч і Ірэна Стурліс…

Ніна ПАЛЕСКАЯ
Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ.