У Астраўцы з'явіліся асобныя кантэйнеры для збору пластыку
15:42 / 16.04.2010
Першы крок да раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў зрабілі супрацоўнікі райжылкамунгаса.Даўно вядома, што пластык, які займае ў нашым жыцці ўсё большае месца, трапляючы разам з іншымі бытавымі адходамі на спецыяльныя палігоны, у адрозненне ад арганічных рэчываў, не раскладваецца і будзе забруджваць нашу прыроду вечна. А калі палічыць, колькі такіх палігонаў толькі ў нашым раёне – а колькі яшчэ пластыкавых бутэлек і шклянак, упаковак ад усяго і ўсялякага проста валяецца ў лясах – то становіцца сумна і трывожна: што ж мы пакінем у спадчыну нашым дзецям і ўнукам?
А між тым пластык можна вельмі эфектыўна перапрацоўваць і рабіць з яго новыя рэчы – ужо існуюць адпаведныя тэхналогіі. Для гэтага толькі і трэба, што сабраць яго асобна ад іншых адходаў і адправіць на спецыяльныя прадпрыемствы для перапрацоўкі. Таму з’яўленне на вуліцах нашага горада спецыяльных кантэйнераў для збору пластыку нельга не вітаць!
З іншага боку, нельга не заўважаць і тое, што запаўняюцца яны не вельмі актыўна, і пры тым пластыку ў агульных кантэйнерах для збору смецця менш не становіцца. Відаць, нашым суграмадзянам лянота сабраць асобна поліэтыленавае смецце і выкінуць яго ў спецыяльны кантэйнер.
А гуляць па засмечаных лясах прыемна?..
Ніна АЛЯКСЕЕВА.