Семья из России приехала в Гудогай, чтобы почтить память своего отца и деда, захороненного в братской могиле
Сёлетні Дзень Перамогі стаў знамянальным для сям'і Бяскроўных з Валгаградскай вобласці Расіі. 8 мая яны завіталі на Астравеччыну, каб ушанаваць памяць свайго бацькі і дзеда Андрэя Пятровіча Бяскроўнага, які знайшоў спачын у брацкай магіле ў пасёлку Гудагай у 1942 і чыё прозвішча з'явілася на помніку толькі ў 2012 годзе.Усё сваё свядомае жыццё сын салдата, Вячаслаў Андрэевіч Бяскроўны, марыў знайсці хоць якія небудзь звесткі пра бацьку. І толькі нядаўна яго жаданне ажыццявілася.
– Бацьку я не памятаю, – расказвае Вячаслаў Андрэевіч. – Я нарадзіўся ў 1938 годзе, бацьку прызвалі за некалькі тыдняў да пачатку вайны на падрыхтоўку – і сувязі з ім згубіліся. У нас нават не захавалася яго фотаздымка. А вось фота яго бацькі Пятра Філіпавіча Бяскроўнага, зробленае ў 1915 годзе, засталося. І па ім можна меркаваць, як выглядаў тата. Маці расказвала, што праз год-паўтара пасля пачатку вайны нам прыйшла «пахавальная», а прыкладна ў 1943 годзе – паведамленне, што бацька прапаў без звестак. Я добра памятаю Парад Перамогітады інфармацыя пра яго, а таксама фотаздымкі прайшлі па ўсіх газетах – на адным я знайшоў чалавека, як мне здавалася, падобнага на майго бацьку. Я абвёў яго твар алоўкам і ўсім расказваў, што гэта мой тата.
Пасляваенныя гады былі складанымі і галоднымі. З дарослых у доме былі толькі маці і сястра – і Вячаславу Андрэевічу рана давялося стаць гаспадаром. Ужо ў дзевяць гадоў ён пайшоў працаваць начным пастухом: пасвіў коней і кароў, потым – перасеў на трактар.
– Мне, на той час 16-гадоваму падлетку, даверылі самы вялікі трактар у нашым калгасе – такіх было толькі пяць на ўвесь раён. Ён часта псаваўся – даводзілася рамантаваць. Выручаў малодшы брат, якому было ўсяго дванаццаць. Я навучыў яго кіраваць гэтай складанай тэхнікай – і на невялікім трактары ён падмяняў мяне, пакуль я займаўся рамонтам. Да канца года мы з братам выйшлі ў перадавікі і сталі лепшымі ў раёне.
Пазней Вячаслаў Андрэевіч закончыў тэхнікум, стаў механікам, потым – інжынерам, галоўным інжынерам, намеснікам старшыні калгаса.
– Старшыні мяняліся, а я – заставаўся. А потым і сам стаў старшынёй. Наша гаспадарка спецыялізавалася на свінагадоўлі, вырошчвалі элітную пшаніцу. Калгас быў лідарам не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Да дробязей, да кожнай лічбы помніць Вячаслаў Андрэевіч свае маладыя працоўныя гады. Памятныя ўспаміны звязаны і з 1956 годам: тады ў іх сяло на дапамогу калгасу прыехала група беларусак.
– Маладыя дзяўчаты, па 17-18 гадоў, кожная працавала за некалькіх чалавек. Цяжка ім даводзілася, – уздыхае Вячаслаў Андрэевіч. – Жыта доўгае, цяжкое – цягнуць яго, складваюць у кучы… Але на лёс яны не наракалі. Многія, дарэчы, у нас і засталіся: замуж павыходзілі, сем'і стварылі. Столькі гадоў пражылі, а мову сваю захавалі.
Жыццё Вячаслаў Андрэевіч пражыў дастойна: сям'я, дзеці, добрая праца… Толькі мара знайсці бацьку не давала спакою – не верыў, што ён мог прапасці без звестак ці здрадзіць роднай краіне.
У дзіцячай памяці Вячаслава Андрэевіча трывала замацаваўся выпадак са школьнага жыцця. Тады ўсім дзецям выдавалі невялікую булачку, выпечаную з жытнёвай мукі – яго ж чамусьці абміналі.
– Я бег за хлевушок і плакаў. Не разумеў: чаму так? Не маглі мне гэта растлумачыць і дарослыя. Ды і не пытаўся я. Толькі дарослым зразумеў, што прычына таму – мой прапаўшы без звестак бацька. І я ўвесь час марыў знайсці яго магілу.
– Бабуля расказвала, што пасля вайны да іх прыйшоў чалавек, які паведаміў, што быў у лагеры разам з дзедам, – працягвае ўнук Андрэя Пятровіча Бяскроўнага, Анатоль. – Толькі хто ён і адкуль узяўся, сёння высветліць немагчыма.
Дапамагчы бацьку ажыццявіць мару дзяцінства вырашыліяго сыны Анатоль і Андрэй. Але спачатку і яны нічога не змаглі адшукаць. А потым за пошукі ўзяўся ўжо сын Анатоля – і яму ў архівах «ОБД Мемарыял» удалося знайсці сляды прадзеда: уліковая картка ваеннапалоннага Андрэя Пятровіча Бяскроўнага пад лагерным нумарам 8723 вяла ў Гудагай. Заставалася толькі высветліць, дзе знаходзіцца гэтае месца. І хутка былі знойдзены адказы на ўсе пытанні.– Мы знайшлі відэа з урачыстага адкрыцця памятных пліт з імёнамі загінуўшых воінаў, пахаваных у брацкай магіле ў Гудагаі на сайце «Астравецкай праўды». Адшукалі адрас школы і напісалі пісьмо. Так пазнаёміліся з Марыяй Карлаўнай Васілёнак – цікавым, неабыякавым чалавекам, – працягвае Анатоль Вячаслававіч.
А 9 мая гэтую сям'ю, якая пераадолела 2 тысячы кіламетраў, сустракалі ў Гудагайскай школе, дзе прайшла вечарына памяці ў гонар не толькі Андрэя Пятровіча Бяскроўнага, але і ўсіх землякоў-ветэранаў, памяць пра якіх захоўваецца ў школьным музеі.
– У нашай гісторыі шмат блытаніны, – расказвае Анатоль Вячаслававіч Бяскроўны. – А ўсё таму, што ў розных дакументах даюцца розныя звесткі. Так, ва ўліковай картцы ваеннапалоннага Андрэя Пятровіча Бяскроўнага з с. Калініна стаіць дата смерці – 05.02.1942 і месца пахавання – Гудагай. А ў сакрэтным спісе незваротных страт асабістага саставу па Гмелінскаму райваенкамату насупраць прозвішча Андрэй Пятровіч Бяскроўны з сяла Кано стаіць – «прапаў без звестак 11.1943 года».
– Бацька паходзіў з сяла Калініна , значыць , згодна з уліковай карткай, ён памёр 5 лютага 1942 года, – са слязамі на вачах расказвае Вячаслаў Андрэевіч. – А ў лютым гэтага ж года нарадзіўся я – яго сын, пра якога ён не ведаў. Выходзіць, аднаго Бог забраў, а другога даў.
– Згодна са звесткамі, якія сёння занесены ў афіцыйныя дакументы воінскага пахавання, у брацкай магіле пахаваны 200 чалавек, – расказвае кіраўнік школьнага музея Марыя Карлаўна Васілёнак. – Аднак у інтэрнэце можна знайсці запісы, якія сцвярджаюць, што тут пахавана больш за трыста ваеннапалонных. Так гэта ці не, – высветліць складана. Актыў музея ўжо некалькі гадоў займаецца пошукам новых імён. І кропка ў нашым даследаванні яшчэ не пастаўлена. Сёння ў нас захоўваюцца 33 карткі ваеннапалонных так званага гудагайскага філіяла «Шталаг 342». Мы спрабавалі знайсці іх родзічаў, накіроўвалі па адрасах, якія захаваліся ў картках, пісьмы – аднак ніхто не адгукнуўся. 2016 год стаў пераломным у пошуках родзічаў былых вязняў, якія знайшлі спачын у брацкай магіле ў Гудагаі, калі з намі звязаўся ўнук Андрэя Пятровіча Бяскроўнага. Гудагайскія школьнікі падрыхтавалі не толькі цудоўную прэзентацыю, але і невялікі канцэрт, падчас якога выконваліся песні пра вайну і мірную Беларусь.
Прагучала падчас выступленняў школьнікаў і любімая песня Андрэя Пятровіча Бяскроўнага «Эх, тачанка-растаўчанка!», якую яго родныя слухалі са слязамі на вачах.
Прысутнічаў на ўрачыстай вечарыне памяці і былы дырэктар Гудагайскай школы Віталь Іванавіч Лянкевіч. Менавіта ён, тады яшчэ малады настаўнік працоўнага навучання, разам з настаўнікам-энтузіястам Пятром Раманавічам Блізнікам і адным з жыхароў Гудагая Чаславам Вікенцьевічам Шашкевічам у 1975 годзе ўзводзілі сённяшні помнік на брацкай магіле на ўскрайку Гудагая замест невялічкага помніка, устаноўленага ў 1954 годзе.
З таго часу добраўпарадкаваннем тэрыторыі і помніка, а таксама актыўнымі захавальнікамі гістарычнай спадчыны займаюцца гудагайскія школьнікі і педагогі.
– Вайна – гэта гора. Гэта мільёны загінуўшых. Гэта голад і разруха, – расказвае Марыя Карлаўна. – На нашай зямлі не грымелі вялікія баі. Аднак, што такое вайна, нашы землякі даведаліся ў першыя яе дні. З успамінаў мясцовых старажылаў, што захоўваюцца ў нашым музеі, мы ведаем пра лагер ваеннапалонных. Яны расказвалі, як раніцай памерлых са школы выносілі самі вязні і выкідвалі іх праз дарогу ў роў, прысыпаючы пяском. Часам мясцовыя жыхары спрабавалі перадаць вязням кавалачак хлеба ці місачку бульбы, каб дапамагчы галодным людзям, рызыкуючы ўласным жыццём.
Самым запамінальным момантам таго дня стала наведванне месца спачыну Андрэя Пятровіча Бяскроўнага – да помніка брацкай магілы яго сын і ўнукі ўсклалі кветкі і жменьку роднай зямлі, прывезенай з-пад яблыні, якая пасля вайны вырасла каля іх хаты.
– Нам важна было ўбачыць гэтае месца, сустрэцца з жыхарамі пасёлка і сказаць ім «дзякуй» за захаванне памяці і добраўпарадкаванне месцаў пахаванняў воінаў Вялікай Айчыннай вайны, – з удзячнасцю гаворыць унук Андрэя Пятровіча Бяскроўнага.
…Больш за 70 гадоў кожны беларус, ад самага маленькага да самага сталага жыхара, помніць пра вайну. Аднак за паўсядзённымі справамі мы часта забываем пра тое, якой цаной былі заваяваны мір і спакойнае неба над нашай галавой. Але і ёсць сем'і, якія да сённяшняга дня шукаюць магілы сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў.
Бяскроўным пашанцавала – яны са спакойнай душой вярнуліся на радзіму, бо ведаюць, што памяць пра іх бацьку і дзеда жыве не толькі на надмагільнай пліце, але і ў людскіх сэрцах.
Алена ЯРАШЭВІЧ