На карте Островетчины. Спонды - деревенька с "понтом"

08:36 / 20.11.2012
1
Вёска мае даўнюю гісторыю. У гістарычных дакументах Спонды згадваюцца як гістарычнае сяло ўжо ў 1532 годзе, якое ўспамінаецца пры апісанні баярскіх зямель на рацэ Страча. Тагачасныя Спонды – гаспадарскія людзі ў Немежскай воласці, уласнасць караля польскага і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І Старога. У 1561 годзе віленскі ваявода Мікалай Радзівіл даў Яну Свірскаму, свайму служэбніку, “да волі караля” два сялы Быстрыцкай воласці – Спонды і Якубавічы (Якубавічы – цяперашнія Косцевічы, якія знаходзяцца па суседству са Спондамі).

У 19 ст. – у Свянцянскім павеце Віленскай губерніі ў складзе казённага маёнтка Жэлядзь.
У 1905 г. –
у Жукойніцкай гміне Свянцянскага павета.
Пасля ўстанаўлення савецкай улады – Свірскі, затым Смаргонскі раён Маладзечанскай вобласці.
1940 г. – Касцевіцкі сельсавет Свірскага раёна на Вілейскай вобласці.
1954 г. –
Спондаўскі сельсавет Астравецкага раёна.
З 1960 г. –
у Гродзенскай вобласці, з 1962 года – Смаргонскі раён.
1965 г. –
Астравецкі раён Гродзенскай вобласці.



Адкуль назва?

Цікавая і незвычайная назва вёскі – Спонды, на першы погляд як нібыта нічога не выражае. На самой жа справе ёсць тры версіі яе паходжання.


Версія першая. У тапанімічным слоўніку Жучкевіча напісана так: “Название балтийское, сопоставимо с литовским Spanda – стойка, рассоха для колодезного журавля”. Гэту версію пацвярджае той факт, што ў вёсцы было чатыры калодзежы-жураўлі – у адрозненне ад іншых, дзе звычайна на ўсю вёску стаялі 2 калодзежы. Апошні такі калодзеж існаваў у Спондах да 1975 года і знаходзіўся каля клуба.
Версія другая. Старажылы расказваюць, што некалі даўно, пакуль яшчэ не было вёскі, людзі жылі на хутарах па нізінах. Потым сталі перасяляцца ў вёску. Адсюль і назва – перасяліліся са споду. Калі ехаць або ісці па дарозе Страчанка – Спонды, то, пад’язджаючы да Жукойняў-Жалядскіх, добра бачна, што вёска Спонды размешчана на доўгім пагорку. Так што і гэта версія мае права на існаванне.
Версія трэцяя. Падобную версію, толькі ў іншай інтэрпрэтацыі расказала мне Ганна Мураўская, якая цікавілася гісторыяй роднай вёскі з маленства і запомніла шмат чаго каштоўнага з таго, што ёй расказвала бабуля, а потым маці. Ганна сабрала гісторыю свайго роду да пятага калена. Сама з вялікай павагай адносіцца да мінулага, і ў дзяцей сваіх выхавала павагу да зямлі, дзе нарадзіліся і да сваіх продкаў. Дык вось, яе бабуля сцвярджала, што назва Спондаў паходзіць ад польскага spеdzony, гэта значыць, сагнаны з хутароў у вёску.



Мінулае і сучаснасць

Вёска Спонды не мае ніякіх адметнасцей – хіба што могілкі, якія знаходзяцца амаль што ў цэнтры вёскі, на высокім пагорку, побач з сельскім клубам. Суседства, канешне, дзіўнае – але, калі ўспомніць часы атэізму, калі будаваўся клуб, то ўсё стане зразумелым. А моладзь не вельмі “замарочвалася” над тым, дзе растуць тыя кусты бэзу, схаваўшыся пад якімі, хлопцы любілі прапусціць чарачку “для смеласці” і з дзяўчынай памілавацца.
Доўгажыхар Міхаіл Валуевіч расказваў, што тут было пахаванне загінуўшых французскіх салдат, а зямлю на той пагорак нанеслі шапкамі іх уцалелыя сябры. Больш пацвярджэнняў гэтай версіі не знойдзена – але сапраўды, гэты пагорак на прыродны не надта падобны – узнікае як бы зніадкуль і больш падобны на рукатворны.
Хавалі на Спондаўскіх могілках людзей з усяго наваколля. У хуткім часе месца стала не хапаць, і спондаўцы забаранілі карыстацца могілкамі жыхарам іншых вёсак. Так у Жукойнях-Жалядскіх з’явілася сваё месца пахавання, пра якое памятаюць нямногія – але гэта месца і зараз так называецца “Магілкі”. А калі ў 1914 годзе вернікам вярнулі Жалядскі касцёл, вакол якога сталі хаваць людзей з усёй парафіі.
Падымаючыся па крутой сцежцы на могілкі, адразу заўважаеш грунтоўны каменны помнік, які датуецца 1887 годам. Доўгі час не магла высветліць, каму ён мог належаць. І толькі ў гэтым годзе тая ж неабыякавая да свайго радаводу Ганна Мураўская расказала, што там пахаваны іх родзіч Ізыдор Лаўрыновіч. Прычым гэта пахаванне таксама сімвалічнае (добра ведаем пра сімвалічную магілу Янкі Быліны на Клюшчанскіх могілках).


Яркі і трагічны лёс быў у гэтага хлопца. Неяк завіталі ў Спонды цыганы і зладзілі прадстаўленне. Пяцігадовае дзіця, напэўна, спрабавала нешта паўтараць за артыстамі і, відаць, не без поспеху, бо заўважыўшы перспектыўнага хлопчыка, цыганы зманілі яго паехаць з імі. А можа, проста ўкралі і аддалі ў цырк. Праз некалькі гадоў ён уцёк і вярнуўся ў Спонды. Па святах часта даваў прадстаўленні: як пойдзе па платах вясковых на руках хадзіць – бабы толькі жагналіся, гледзячы на гэтыя цуды.
Слухаючы Ганну Мураўскую, я прыгадала, як аднойчы на навогоднім ранішніку ў Спондаўскім клубе з-за сцэны выскачыў у залу “чорт” і пайшоў калясом па клубе круціцца — толькі хвост мільгацеў у паветры. У масцы не ўсе адразу яго пазналі, а я па вачах Монікі Міхновіч, якія свяціліся гонарам і радасцю, здагадалася, што гэта яе дачка, тады яшчэ школьніца Марына Казлоўская. Відаць, акрабатычныя здольнасці перадаліся ёй у спадчыну ад таго артыста.
А хлопец той зноў вымушаны быў пакінуць радзіму – яго забралі ў войска і адправілі на вайну. За доблесць і адвагу нават быў узнагароджаны нейкім ордэнам. Пахаваны ў Крыме. З вялікай тугі бацька вырашыў паставіць помнік на радзіме, каб можна было свечку запаліць і кветкі пакласці, молячыся за яго маладую душу.


…У канцы вёскі працякае невялічкая рэчка Свірка, якая злучае раку Струну з Каймінскім возерам. Рэчка акружае вёску і мае тры масты. Па напрамках ім былі дадзены назвы: Жалядскі мост, Трашчанскі і Казлоў. Напачатку мінулага стагоддзя на рэчцы стаяў вадзяны млын, якім карысталіся сяляне з навакольных вёсак. Трымаў яго жыхар Спондаў Міхновіч. Тое месца, дзе стаяў млын, і зараз называюць Млынішчам, а сенажаці, якія заліваліся вадой, калі закрывалі плаціну – Паплавамі. Рэчка была вялікім падспор’ем у гаспадарцы спондаўцаў – у ёй паілі жывёлу, карысталіся млыном, лавілі рыбу, якой у тыя часы было так многа, што за лічаныя гадзіны налоўлівалі торбу, хоць і рыбакоў было не менш чым рыбы.
У кожнай вёсцы ёсць свой, так бы мовіць, захавальнік мясцовай гісторыі. У Спондах – гэта Іосіф Аўгусцінавіч Міхновіч.
Ён узгадвае, як у 1939-40 гадах зіма была такой марознай (да 45 градусаў), што сады павымярзалі – на ўсю вёску засталося 5 яблынь у двух гаспадароў. А ў 1941 годзе летам засушыла настолькі, што рэчка перасохла. Жывёлу прыходзілася ганяць на вадапой аж да Каймінскага возера (каля 3 кіламетраў). А было тады на вёску 150 кароў, 100 коней і можа паўтысячы авечак! Мучалася жывёла, і пакутавалі людзі.
У 1945 годзе, наадварот, – заліло. Іосіф Аўгустынавіч памятае як яго, хлапчука, адпраўлялі пасвіць жывёлу, адбываць калейку, асобна за коней, кароў і авечак – і не толькі сваю, але і за радню. Атрымлівалася, што “працаваў” амаль без “выхадных”. Але самае страшнае было тое, што зямля была настолькі перанасычана вільгаццю, што прысесці было немагчыма, даводзілася стаяць ад рання да вечара. Неяк жа і сенавалі людзі – але многія памятаюць, як стагі сена плавалі ў вадзе.
Вынік усіх гэтых прыродных анамалій – галадоўка ў 1948 годзе. Але нездарма кажуць: “Чалавек можа вынесці ўсё!” Вось і Іосіф Міхновіч успамінае ўсё гэта без наракання на лёс, на час, з лёгкім гумарам.
Хто ехаў праз Спонды, магчыма заўважыў, што хаты ў Спондах стаяць наўскос, не перпендыкулярна дарозе. Той жа Міхновіч патлумачыў, што хаты ставілі суадносна шнурам (надзелам) зямлі.
Перад Вялікай Айчыннай вайной у Спондах налічвалася 65 хат. Як і ў кожнай вёсцы, калодзежы былі агульнага карыстання. У Спондах былі чатыры драўляныя калодзежы-жураўлі. І вады ўсім хапала: і сабе, і жывёлу напаіць, і грады паліць. Хаты былі крытыя саломай, зрэдку ў каго — дранкай. Але ў цэлым людзі жылі нядрэнна, у вёсцы жабракоў не было. Амаль кожны гаспадар меў сваё гумно.


З успамінаў Іосіфа Міхновіча:


“Працавалі на сваім полі спакойна, не спяшаючыся, за работай і песню заспяваць любілі. Але ў асноўным спявалі кабеты, мужчыны ж хіба за чаркай. Але чаркай у тыя часы не надта забаўляліся, толькі па святах або яшчэ якіх важкіх прычынах”.
1875 год – 36 двароў і 285 жыхароў;
1905 – 54 двары і 244 жыхары;
1946 – 233 чалавекі;
1970 – 130 жыхароў;
2004 – 42 двары, 104 жыхары;
2012 – 25 двароў і 52 жыхары.


Колькасць насельніцтва вёскі паступова змяншаецца. Асабліва інтэнсіўным гэты працэс быў у пасляваенныя гады. Тады многія жыхары, напалоханыя новымі парадкамі, у прыватнасці, арганізацыяй калгасаў, уцякалі ў Польшчу цэлымі сем’ямі. Многія выехалі ў Літву, Латвію, Расію.



Гісторыя калгаснага жыцця

Першы калгас быў створаны ў Спондах у 1949 годзе і насіў імя Сталіна. Першым старшынёй быў абраны мясцовы селянін Антон Міхновіч, бухгалтарам – Эдвард Мацясовіч. У першыя гады свайго існавання калгасы былі невялікімі, аб’ядноўвалі адну-дзве вёскі, і ў “адміністрацыі” былі толькі старшыня ды бухгалтар, якіх выбіралі з мясцовага насельніцтва. Старшыні меняліся, некаторыя з іх працавалі ўсяго па два-тры месяцы, але ў народзе дагэтуль памятаюць іх прозвішчы.


З успамінаў Іосіфа Міхновіча:


“У 1949 годзе яшчэ аднаасобна, але ўжо для калгаса, пасеялі азімыя, а ўжо вясной 1950 года яравыя сеялі ўсім калгасам. Першым старшынёй калгаса быў абраны мой цесць Антон Міхновіч. У ягоным доме і кантора калгасная была абарудавана. Толькі двое іх і было ў той канторы – старшыня і бухгалтар. Памятаю, як бухгалтар рабіў рахункі: браў дошчачку, каб не мараць паперу, рахаваў, закрэсліваў, а калі ўжо ўсё добра атрымлівалася, толькі тады пераносіў на паперу. Потым дошчачку гэблікам згаблюе – і зноў на ёй піша (вось ужо сапраўды — “Галыцьба на выдумкі хітрая”– аўт.)”.
У 1949-1954 гадах калгас насіў імя Сталіна;
у 1955 – 1957 – імя Андрэева;
у 1957 – 1960 – імя Кашавога ;
у 1961 – 1971 – “Дружба”.
У Спондах цэнтр калгаса існаваў да 1971 года.
У 1971 годзе
Спонды ўвайшлі ў склад калгаса “Савецкая Беларусь”.
У жніўні 2002 годзе да калгаса “Савецкая Беларусь” быў далучаны суседні калгас імя 50-годдзя УЛКСМ, і створаны СВК “Страча”.
Такім чынам, тэрыторыю Спондаўскага сельсавета займала адна гаспадарка.
У 2010 годзе СВК “Страча”


далучаны да СВК “Міхалішкі”.
Неспакойны быў тады час, і не толькі з-за аб’яднання ў калгасы. Людзі былі збітыя з толку. Некаторым здавалася, што наступіў час уседазволенасці. І “закладвалі” адзін аднаго НКВДыстам, і стралялі, і… палілі.
Жыхар Спондаў Налівайка, які да перасялення ў Спонды працаваў у Свіры пажарным, расказваў, як толькі званіў тэлефон, яны адразу ж здагадваліся: “Гараць Спонды”.


Спонды гарэлі часта і густа. Адзін раз за дзень згарэла 6 хат – увесь канец вёскі. Паліць за крыўду, а можа, і дзеля жарту ў Спондах тады было “ў модзе”. Расказваў адзін жыхар, як мужчыны гулялі ў карты, а падлетка, які ўвесь час круціўся каля карцёжнікаў, чакаючы сваёй чаргі, да “дарослай гульні” не дапусцілі. Ён, не доўга думаючы, пайшоў і запаліў гумно – адпомсціў…

Расказваючы цікавыя факты з вясковага жыцця, Іосіф Аўгусцінавіч Міхновіч сціпла маўчыць пра свае асабістыя заслугі. 44 гады ён адпрацаваў у калгасе, з іх 20 – трактарыстам. Узнагароджаны шматлікімі Ганаровымі граматамі і двума медалямі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” – у 1975 і 1979 гадах.
Сярод жанчын перадавікамі калгаснай вытворчасці былі звеннявая Апалонія Віктараўна Буйніцкая, Гэлена Антонаўна Заянчкоўская, жывёлавод Ядвіга Адольфаўна Буйніцкая.



Вёсачка з «понтам»


У маладосці да мяне часта тэлефанавала сяброўка з Вільні Рэгіна Тумкевіч. Прыгожая, з фігурай мадэлі, адна з нямногіх на той час, хто не маскіраваўся пад “рюского”, але ганарыўся сваім вясковым паходжаннем і беларускасцю. У той час яшчэ трэба было набіраць праславутае “07” і называць горад альбо вёску (пункт злучэння). Сяброўка з задавальненнем заказвала вёску Спонды, карыстаючыся працоўным тэлефонам, яе слухалі ўсе, хто знаходзіўся ў памяшканні, а потым даймалі: “І што там за вёска такая – “з понтам?”
Можна сказаць, што ў той час Спонды і сапраўды былі “з понтам”: сельскі Савет, цэнтр калгаса, сярэдняя школа, у якой навучаліся 240 вучняў(!) ,пошта, ФАП, дзе працавалі доктар, фельчар, санітарка і нават стаматолаг(!), комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, дзе працавалі швачкі, абутнік, цырульнік! А таксама – аддзяленне ашчаднага банка,сельскі клуб, бібліятэка, АТС. Тады ж была пабудавана гравійная дарога ад Полацкага тракту да мяжы з Літвой. Хадзілі два аўтобусы – у любы зручны час можна было даехаць у райцэнтр, у Свір, Швянчоніс.
Многіх, думаю, цікавіла пытанне, чаму ў Спондах школа і сельскі Савет павернуты “да лесу перадам”, а да вёскі – тылам. Мне пашчасціла бачыць план развіцця Спондаў на нейкую пяцігодку. Планавалася будаваць новую вуліцу, на якой размесціцца сельсавет, школа і жылыя дамы. А старая павінна была застацца для праезду сельскагаспадарчай тэхнікі і прагону жывёлы. Але з запланаванага паспелі пабудаваць толькі школу і сельсавет. Затым адбылося аб’яднанне двух калгасаў – “Ясная Паляна” і калгаса імя Янкі Купалы з цэнтрам у Страчы, і Спонды сталі паціху і беспаваротна марнець.



Новая вёска – новыя людзі

За гады, што прайшлі пасля вайны, насельніцтва ў Спондах істотна змянілася. Многія выехалі ў Польшчу, некаторыя – у Літву, Латвію, Эстонію, Расію.
Але быў і прыток насельніцтва: выходзілі замуж і жаніліся прысланыя сюды на працу спецыялісты (фельчары, настаўнікі, спецыялісты сельскай гаспадаркі і г.д.). Некаторыя карэнныя прозвішчы зніклі з гісторыі вёскі і з’явіліся новыя.
Найбольш папулярнымі засталіся прозвішчы, якія і былі спрадвеку – Лаўрыновічы, Міхновічы, Шурпіцкія, Буйніцкія, Саковічы. Па адной-дзве сям’і мелі такія прозвішчы: Бубнэль, Заянчкоўская, Зыбайла, Ліпніцкія, Стамкоўскі.
Былі ў вёсцы свае майстры. Кавалёў, да прыкладу, было чацвёра. Каятан Паўловіч славіўся адвагай і небывалай сілай. Аднойчы пільнаваў ваўка, убачыў, выстраліў – воўк паваліўся, Каятан падбег, ускінуў яго на плечы і прынёс дахаты. А калі дома скінуў з плеч ношу – усе разбегліся па вуглах: воўк аказаўся жывы!
Ігнацій Міхновіч – майстар на ўсе рукі: і шавец, і кравец, і стольмах (калёсы рабіў), і сталяр, і калаўротнік, і каваль.
Жанчыны ж усе добра ткалі – палотны, абрусы, дываны, рушнікі, вышывалі ўпрыгожанні для дома, вязалі карункі (у добрых гаспадынь нават на кожны дзень ложак павінен быць засланы пасцілкай з карункамі, ручнік таксама ўпрыгожвалі карункамі і вышыўкай), а таксама адзенне – камізэлькі, світэры і г.д. Сярод слынных ткачых: Браніслава Буйніцкая, Ядвіга Буйніцкая, Гэлена Заянчкоўская.
Як адпачывалі?


Моладзі было многа. Бывала, што танцавалі ў розных канцах вёскі. Танцы ладзілі ў хатах, дзе жылі дзеўкі. Калі ў сям’і мелася некалькі незамужніх дзяўчат, то і танцавалі ў іх хаце некалькі субот запар.


Часта танцы суправаджаліся бойкамі. І такімі, што потым успаміналі праз пакаленні. Іосіф Аўгустынавіч успамінаў, як аднойчы на танцы прыехалі бравыя хлопцы з Нарэйшаў (Мядзельскі раён) і хацелі гаспадароў (спондаўскіх хлопцаў) выгнаць з хаты. Справа была зімой, а яны сталі камянямі шпурляць у вокны. Раз’юшаныя спондаўскія хлопцы, не маючы нічога іншага пад рукамі, вырывалі з гаспадарскай печы цагліны і кідалі назад. Перамога была за нашымі! Адстаялі вёску і сваіх дзевак! Назаўтра ж і вокны зашклілі, і печку замуравалі – як нічога і не было.


Напрацаваўшыся за дзень, моладзь на танцах тым не менш адпачывала актыўна. Такіх танцаў як зараз, “медлякоў”, калі можна ўвесь танец прастаяць на адным пятачку, не было. Танцы былі заліхвацкія, як кажуць, да ўпаду: полька, факстрот, кракавяк, васадулі (напэўна, пад песню “Во саду ли в огороде”), падыспан. Ад такіх танцаў кроў хутчэй бегала і жыць весялей.
Музыкантаў таксама было некалькі. Самыя вядомыя – дзед Ганны Мураўскай Аўгустын Міхновіч, ён нават меў вучняў (мой бацька таксама ў яго вучыўся). Гармонік у яго быў нейкі не зусім звычайны, яшчэ мікалаеўскі. Калі наведвала вёску фальклорная экспедыцыя, то гэты гармонік, на той час ужо сапсаваны, забралі ў музей у Мінск. Іосіф Аўгусцінавіч расказваў, што бацьку рэдка і бачылі ў доме. Раней вяселлі гулялі хоць не так заможна, і стравы былі не такімі мудрагелістымі, але затое весела і доўга - па чатыры дні: пачыналі ў пятніцу, раз’язджаліся ў панядзелак. Часта бывала, што музыканту перападала толькі тры дні на перадых – і зноў на вяселле.
Кажуць, цяжка працавалі раней – але ж святкавалі па чатыры дні ўсе рочныя святы. Пасля доўгага посту на Вялікдзень танцаваць пачыналі ўжо па абедзе першага дня і працягвалі тры дні. Як расказвала Я. Буйніцкая, бывала, што ногі ад танцаў пухлі.
Другі вядомы музыкант, якога і я добра памятаю – Казімір Буйніцкі, ён жа – адзін з першых бібліятэкараў у Спондах. Нават закончыў Гродзенскае культасветвучылішча (такую назву тады меў сённяшні каледж). Яго жонка, Ядвіга Сальвестраўна, і зараз успамінае, як яе муж насіў па вёсках кнігі ў вялікай сумцы. З часам сям’я папоўнілася, трэба было выхоўваць і вучыць дзетак, а на зарплату бібліятэкара не разгонішся, і Казімір Віктаравіч пайшоў у жывёлаводы. Але як толькі свята ці госці завітаюць, то абавязкова браў у рукі інструмент – і пералівы баяна пад яго ўмелымі рукамі былі чутны на ўсю вёску.
Памятаю яшчэ аднаго каларытнага музыканта і саліста ў адной асобе. Ён хадзіў па вуліцы з гармонікам у руках і проста расцягваў мяхі, падпяваючы сабе ля-ля-ля. Можна было б пра гэта і не ўспамінаць, калі б не яго магутны голас. Чалавек ён быў бедны і наймаўся пасвіць кароў у розныя вёскі. Кожны ранак пачынаўся яго знакамітым ля-ля-ля, дзе б ён не пасвіў – у Спондах ці Белай Вадзе. Белая Вада знаходзіцца ад нас напрасткі кіламетраў за 10. Уявіце сабе сілу яго голасу, калі нават лес не збіваў яго моцы! Падобна, як некалі Шаляпін спяваў на стадыёне для тысяч слухачоў.



А што елі?


Аказваецца, елі смачна. Не маючы інтэрнэту ці часопісаў з рэцэптамі, жанчыны самі прыдумлялі розныя стравы, каб пацешыць дзетвару і накарміць мужчын, якія цяжка працавалі. Слухаючы Ядвігу Сальвестраўну Буйніцкую, мне здавалася, што я чую непаўторны водар таго смажанага сыру, клёцак, крамяных баравічкоў… На жаль, ужо многага мы не зможам паспытаць: дзе тыя дубовыя бочкі? Дзе тыя печы? Ды і дзе тыя баравікі і рыжыкі?
– І чаму думаюць, што раней нясмачна елі? Яшчэ як смачна! І не прыядалася нічога, не тое, што зараз. Толькі і чуеш: “Гэта надакучыла, на тое ўжо і глядзець не хачу!” А чаму? Мусіць, таму, што ўсе стравы былі натуральнымі, здаровымі. У нас сям’я была вялікая, і ўсе абавязкі падзелены паміж жанчынамі. Страву гатавала бабуля, дапамагаў хто-небудзь з маладзейшых. Мелі тры каровы. Малака хапала. Масла і сыр у Міхалішкі на рынак насілі – капейчына таксама была патрэбна. Але і сябе не абдзялялі. Сушылі на сонцы на спецыяльнай паліцы сыр на зіму. Памятаю, як бабуля яго ламала, складала ў жалязнік і ставіла ў печ. Атрымліваўся мяккі-мяккі, пахучы – не перадаць.
Клёцкі бульбяныя з тварагом або сырам – як цэпеліны. Варылі, аблівалі маслам – у жалязнік ды ў печ.
Наляснікі. Таўклі нелупленую бульбу качалкай, мукі трошкі дабаўлялі. Рабілі жгуцікі, або латкі, і тушылі ў печы. Папулярнай была мілта. Таўклі авёс у ступе, і з мукі качалі галачкі.
Як пяклі хлеб – клёцкі рабілі з гэтага цеста. А потым елі з маслам. Бабуля яшчэ пякла бондачкі – і ў сярэдзіну яйка, або арэхі, ці сушаныя грушкі ўкладвала. А нам цікава было, каму што пападзецца…
Бліны розныя: белыя, гарохавыя, грэчневыя, бульбяныя і кіслыя з цеста, як хлеб пячэцца. Бліны бульбяныя бабуля палівала лыжачкай з падсмажанай на алеі цыбуляй, у стажок складала і – у печ. Як прытушацца – смачна невядома як!
На свята – ватрушкі з тварагом, з чарніцамі, яблыкамі – у залежнасці ад пары года. Зверху ўпрыгожвалі: жгуцікамі клетачкі выкладвалі.
Алей свой гналі з лёну і канопляў. У суседняй вёсцы Александрыі жанчына мела спецыяльную ўстаноўку – награвала, а тады на станку ціснула семя. Усё елі на алеі…
Бурачкі квасілі ў цэбры. Залівалі зімной вадой – і стаялі, без нічога. Салатаў з бурачкоў тады ніхто не знаў, а рабілі з іх халаднік, са смятанай і гарачай бульбай – смаката! На расоле крупы кіслыя варылі. Таксама варылі і боршч з грыбамі. Баравікоў тады мяхамі насушвалі. І людзей было многа, а грыбоў усім хапала. Бывала, тата сянную карзіну на плечы – і ў лес. Сем’і былі вялікія, і ўсё з’ядалі. Па два цэбры на сям’ю грыбоў салілі. А баравікі вязлі ў Вільню на рынак, на капейку. Грыбы былі смачныя, цвёрдыя, бо слоікаў тады ніхто не знаў, салілі ў дубовых цэбрах. І вёдры для вады былі дубовыя. Вада з іх якая смачная была!
А што пілі? Квас – мядовы, хлебны, з хмелю! А ў вясёлых справах – самагонку! Але сапраўдную, добрую, са свайго жыта.
Не перавяліся майстравітыя людзі і таленавітыя гаспадыні ў Спондах і сёння. Але ўсё ж, на жаль, відаць прыйдзецца і нашай вёсачцы раздзяліць сумную долю многіх сучасных вёсак…


Гэты верш Славы Ліпеня напісаны нібы і пра нашу вёску.
Вёсачка – маленькая радзіма –

Ты такой шматлюднаю была.
Колькі ты за век свой нарадзіла
І ў шлях апошні правяла.
Сёння і табе, і мне няпроста,
Але ўсё ж пакуль яшчэ жывём.
Мы з табой адным з’яднаны лёсам,
Мы з табой адзіны крыж нясём.
Я цябе ніколі не пакіну,
Толькі ты мяне не праганяй.
Ты мяне калісьці нарадзіла,
Ты і ў шлях апошні выпраўляй.
З любоўю да роднай вёскі –


----------------------
Іаланта ВАЛУЕВІЧ.