Ігнацова і яго жыхары
Даехаць да гэтай вёскі не так і проста. Асабліва вясной ці ўвосень, калі лужыны разліваюцца ў добрыя сажалкі, а глыбіня каляін на дарозе адпуджвае і ліхача. Зрэшты, і ў бездараж дабрацца да Ігнацова можна – дастаткова пакінуць машыну на абочыне і паўтара-два кіламетры пратэпаць пяшэчкам. Пайшлі-пайшлі, паважаны чытач! Заляжаліся за зіму на цёплай печы (як варыянт – ля гарачага радыятара цэнтральнага ацяплення) – самы час ногі распрастаць, кроў хутчэй бегчы прымусіць.Хто б спрачаўся: пагоркаў на Астравечынне – як тралейбусаў у Мінску. Толькі Ігнацоўскія – асаблівыя. Перапады вышынь тут – ого-го! Але ў кожнай горкі акруглы мяккі абрыс. Утульнасць такая, што, здаецца, як у той песні – “а я лягу-прылягу …галавой на пагорак…, а нагамі ў даліну – хай накрые туман”. Туманы тут, калі верыць мясцовым жыхарам, “заводныя”: па гушчыні – што калядны кісель, а ўжо па таямнічасці... Выплываюць яны з глыбінь бяздоннага горла самай высокай у раёне гары Замкоўкі. Той самай, унутр якой (яшчэ за царом Гарохам) праваліўся замак – разам з людзьмі, жывёлай, дамамі і ўсім дабром. Стагоддзі праімчалі з тых сівізной пакрытых часоў, а ў ціхія бязветраныя ночы, калі наваколле залівае нежывое святло бледнатварай поўні, у нетрах Замкоўкі – дастаткова прыкласці да зямлі вуха – можна пачуць гудзенне касцельных званоў. Гэта жыхары замка спраўляюць самі па сабе памінкі.
Што ж дзівіцца, што туман у ваколіцах Ігнацова поўны прывідаў!
– Канешне, можаце нам не верыць, – у адказ на маю іронію паціскаюць плячыма жыхары Ігнацова. – Толькі леха (бяздонная дзіра) сапраўды ў Замкоўцы была. Яшчэ нашы бацькі яе памяталі. Расказвалі: камень кінеш, а гуку ад удару аб дно не дачакаешся – глыбіня… Спрабавалі спускаць туды на лейцах ката – нежывога выцягнулі назад. Відаць, паветра ў глыбінях няма. Потым дзіра зарасла дзірваном ды лесам. Але бацькі забаранялі нам на Замкоўку лазіць – баяліся, каб не трапілі на леху ды не праваліліся пад зямлю.
– А яшчэ казалі старэйшыя людзі, што ў балота Тубіса (ля Замкоўкі) напалеонаўскае войска закінула бочкі з нарабаваным золатам, – уступае ў размову Станіслаў Курыла. – Французы адступалі – галодныя, стомленыя, замярзаючыя ад амаль 40-градусных маразоў. Ім ў спіны дыхалі праследавацелі-рускія. Не да золата стала – вось і пакідалі бочкі ў багну. Даўней жа тут балоты былі непраходныя – каровы, бывала, правальваліся, і следу ад іх не заставалася. І людзі часам гінулі. Пасля меліярацыі балоты змяльчэлі, трыснягом параслі – паспрабуй знайдзі, дзе яно, тое золата.
Гэлена Антонаўна МІЦКЕВІЧ, 1914 года нараджэння:
– Вось незадача! А я нічога пра гэта не чула. Каб ведаўшы, была б пяляскаўшыся ў багне. Усё лепш, чым гора-бяду лыжкай есці.
Я нарадзілася ў Нова-Вільні, куды бацькі выехалі адразу пасля вяселля. Жылі на прыватнай кватэры, тата працаваў на касавой (па вырабу прыстасаванняў для касьбы – Г.Ч.) фабрыцы – з яго зарплаты і трымаліся. Мне было паўгода, калі тату забралі на вайну з тым – яшчэ першым– немцам. Мама расказвала: пагушкаў мяне на развітанне, абняў яе – і пайшоў. А нам куды было падзецца? Мама без працы, і ўладкавацца не выпадае – я на руках. Брук грызці не будзеш. Вось сабрала яна (а што там было збіраць?!) дабро ў вузел – і вярнуліся мы ў Ігнацова. Прытуліла нас татава сястра. А хатка ў яе была без коміна – цеплілася па-курному. Пакуль дровы гараць, дзверы на вуліцу адчынены. Нават зімой, у мароз. А мы са стрыечным братам, маім аднагодкам босыя бегаем. Замерзнем у ногі, шмыгнем на печ, дыхнём два-тры разы дыму – і кулём на вуліцу: адкашляцца. Вэндзіліся не горш за вельканоцныя каўбасы, а раслі ж неяк. І не хварэлі.
Год за годам ішоў, а пра тату – і не пытай. Вайна скончылася, а яго няма. Мы ўжо і чакаць перасталі, калі ён раптам вярнуўся. Аказалася: у першыя ж дні трапіў да германцаў у палон – працаваў у Баварыі ў нямецкага пана.
Прыйшоў тата – павесялела нам. Сталі яны з мамай камлі з лесу на плячах цягаць – сваю хатку ладзіць. Пабудавалі маленькую, затое з комінам. Хатка ёсць, а ў хатцы – няшмат. Затое дзеці пайшлі – адно за другім. А я з маленства – у заробкі. Даўней жа грошы, лічы, не хадзілі – за ўсё адрабіць трэба было. Пусціў карову да суседскага быка – адпрацуй дзень. Пазычыў коніка – таксама адрабі. І ў быстрыцкага ксяндза Лікшы завіхалася, і ў Канчаніна, і ў Савіцкага… Няма ў ваколіцах такога поля, каб я на ім не жала ці з-пад касы не падбірала.
А потым нам пашанцавала. Родная сястра таты была замужам за заможным чалавекам, які ў Майшаголе арандаваў панскія землі. Захварэла ў яго кабылка, ветэрынар паглядзеў і кажа: “Трэба тэрмінова забіваць, каб астатнія коні не заразіліся”. Дарэчы, досыць цікава паслуга ветеринар на дом цена. Ну і сабраліся ўжо кабылку даразаць, а тут тата вазьмі і папрасіся: “Аддай, швагер, яе мне. Дасць Бог – я яе выхаджу”.
Прывёў ён кабылку ў наш двор. Страшная, з носу цураём цячэ – золзы ў яе былі. Памятаю, як тата кабылку лячыў: сухі курыны гной запаліць і прывяжа ёй на шыю. Ад цёплага дыму яна і вылячылася. Вось тут мы ўжо зажылі! Сядзем са стрыечным братам на воз і едзем у лес па дровы – што твае паны. Хопіць на сваім гарбе іх цягаць!
Тата дровы ў вязанкі вязаў і Вільню прадаваць вазіў. Цукру потым купіць, хлеба. А яшчэ наша вёска з гары жыла – унутры вунь той гары вапны было поўна. Усе яе дабывалі і габрэям ў Быстрыцу прадавалі. Вось і мы са стрыечным братам, бывала, цэлы дзень капаем, а тата потым вязе яе прадаваць.
Школа? Якая там школа! Два гады па два месяцы зімой пахадзіла – вось і ўся навука. Працаваць трэба было. І з малымі сядзець – акрамя мяне, у мамы з татам яшчэ шэсць душ нарадзілася. Апошняя – калі я ўжо зусім дзеўкай была, 22-гі год ішоў.
Замуж я позна пайшла – у 32 гады. За суседскага хлопца. Раслі разам. Яго на вайну забралі – ужо з другім немцам. І там моцна паранілі. Вярнуўся дамоў ледзь жывы. Некалькі аперацый яму зрабілі, але тры асколкі так назаўсёды ў назе і засталіся – памёр з імі. Вось з ім мы і пажаніліся. Вяселле? А як жа – было. Зварыла мама кумпяк, тата два літры гарэлкі на стол паставіў – і ўсё вяселле.
Звеннявой у калгасе працавала. Толькі не асабліва мела часу на працу – дзеці сыпанулі адзін за другім. Што два гады – па дзіцяці. Усіх у хаце нарадзіла, без дактароў. Пяцёра ў нас з мужам атрымалася. А гадаваць іх – справа вядомая: пакуль дзеці з пуху – сама з духу. Апошняга сына ў 1958 годзе нарадзіла. А неўзабаве і на пенсію пайшла. Маці-гераіня? Я? Бог з вамі! Мая мама сямёра нарадзіла, вось ёй, казалі, такі медаль далі, але сельсаветчык, пакуль яго вёз, напіўся і медаль страціў.
Ад 21 студзеня мне пайшоў 97 год. Ну і што?! Я яшчэ шмат што магу. І зварыць, і прыбраць, і панадворак падграбіць. Дзеці вось толькі не дазваляюць. А яшчэ і ў ягады… Маліны вось зусім побач растуць – ля самай дарогі. Як не сабраць? Сын сварыцца, каб не хадзіла, маўляў, ад людзей сорамна. Дык я ж прысядаю, калі машына побач праязджае. Маліннік густы – мяне не бачна. А летась пад восень дзеці паз’язджаліся і сабраліся ў журавіны. Пакуль яны боты абулі, я ўжо ў варотах стаю. Раскрычаліся: не возьмем, у балоце патонеш. Ну і не трэба! Яны пайшлі, а я за імі крадком. Чатыры літры з берагу балота нашчыпала. А што яны думалі?!
Станіслаў Антонавіч КУРЫЛА:
– Ігнацова – асаблівая вёска. Прыцягальная, як магніт. Дзе б ты ні быў, а повязь з ёй адчуваеш заўсёды. Я вось больш за 20 гадоў у Санкт-Пецярбургу пражыў. Кватэру там атрымаў на Петраградскай. Працу меў добрую – загадваў складам. Думаў, у Піцеры і пахаваюць. Толькі састарэлі бацькі, стаў да іх часцей прыязджаць, і аднойчы амаль фізічна адчуў, як мне не хочацца пакідаць родную вёску. Нібы трымае хто. Кінуў я тады расійскую паўночную сталіцу і прыехаў у Ігнацова назаўсёды. Піцерскія сябры адгаворвалі: засумуеш у цьмутараканіі, як будзеш абыходзіцца без гарадскіх зручнасцей? На вёсцы ж вада – у калодзежы, туалет – на вуліцы, і цэнтральнага ацяплення няма. Я іх паслухаў і адразу пасля прыезду купіў палову дома ў Варнянах – на плошчы, у панскіх дамках. І што! Варнянскі дом для мяне – як дача, а жыву ўсё роўна ў Ігнацова. Не магу вам растлумачыць, толькі тут зямля іншая – мякчэйшая, і вада ў студні – саладзейшая.
Мы жывём удваіх з братам – абодва халасцякі. Так атрымалася, што не змаглі сабе падабраць нявест. Пераборлівыя? Можа. Не, у мяне былі жанчыны. Жылі нават разам. Любу, апошнюю сваю грамадзянскую жонку, я клікаў з сабой, але горад пакінуць яна пабаялася. Ды і па сямейных абставінах не змагла – з дачкой у яе бяда здарылася. Так вось з братам і жывём. Кабылка ў нас ёсць – агарод заараць ці дроў прывезці – не трэба ні перад кім шапку ламаць. А што кветак у нас у панадворку многа – гэта мая заслуга. Люблю ўсё прыгожае. Мама некалі смяялася, што мне трэба было дзяўчынкай нарадзіцца. А па-мойму, не ў гэтым справа. Проста калі ты хочаш жыць сярод прыгажосці – зрабі яе сам. Вось спілавалі нядаўна на вуліцы стары клён, а пень пакінулі высокі. Я яго расфарбаваў, насыпаў зверху зямлі і пасадзіў расаду кветак. Цяпер прыгожа будзе ўсім.
Калі б кожны чалавек пасадзіў бы хаця б адну кветачку ці дрэва… Эх, якой бы прыгожай была наша планета!
Алёнка ЛУКОЙЦЬ:
– Я хаджу ў пяты клас Трокеніцкай школы. Ці правільней сказаць – езджу, таму што нас туды возіць аўтобус. Нас – гэта пяць дзяцей, чацвёра з якіх ходзяць у школу, а пяты – у садок.
Мы жывём з бабуляй – яна ў нас добрая. Стараемся дапамагаць ёй. Я вось дома прыбіраю. І за каровай, калі трэба, хаджу. І трусоў кармлю. А ўчора на панадворкку выграбла мінулагоднюю траву.
Мне вельмі падабаецца ў Ігнацова. Асабліва летам – такая тут прыгажосць! І паветра асаблівае – усе так кажуць, хто да нас з горада прыязджае. А людзі у нас ведаеце, якія добрыя – адзін аднаму заўсёды дапамагаюць.
Але калі я вырасту, буду жыць у Ашмянах. Пайду вучыцца на повара. Як мая старэйшая сястра Аня. Гэта так цікава – смачна карміць людзей.
Наталля Ананьеўна КУРЫЛЁНАК:
– А я з Калінінградскай вобласці. Пераехала сюды 12 гадоў таму. З горада. Там я працавала арганізатарам у клубе. А тут – хатняя гаспадыня. Падабаецца мне вясковае жыццё. Ціха, спакойна, размерана. Гэта ў горадзе ты цэлы дзень пражываеш на бягу – і ўсё роўна ўсюды спазняешся. А тут – проста жывеш. Заўважаеш, як прачынаюцца пупышкі на дрэвах, як мяняецца колер нябёсаў. Ёсць час падумаць. Ды што там! – ёсць час жыць.
Іван Вацлававіч ЛУКОЙЦЬ
працуе даглядчыкам на жывёлагадоўчай ферме “Ігнацова” – падвозіць жывёле сянаж, сілас, салому. А на ўласным панадворку ягоных старанных рук чакае свая гаспадарка – і накарміць, і пачысціць, і агароджу падправіць. Праца нялёгкая, затое аддача добрая – ніхто не адмовіцца свежанінкі паспытаць, хатняга прыгатавання каўбаскай-паляндвічкай паласавацца.
Сядзіба Маланні Антонаўны (былой звеннявой) і Іосіфа Антонавіча (былога калгаснага будаўніка) ТУМАШАЎ –
апошняя ў вёсцы. А парадак – першы. Бездакорна чысценькі панадворак, і ў непагадзь сонечны ад процьмы ярка-жоўтых нарцысаў.
– А чым нам яшчэ займацца? – усміхаюцца муж і жонка Тумашы. ¬ – Пенсіянерам толькі вакол сябе і застаецца грэбацца. А што кветак шмат, дык адставаць ад прыроды не выпадае. Гэта вы проста рана да нас прыехалі. Вось каб праз пару тыдняў. Як бярозкі распусцяцца. Як сады зацвітуць. Як нашы пагоркі палявымі кветкамі пакрыюцца. А салаўі як заспяваюць – сэрца млее. Няма на свеце вёскі прыгажэйшай, чым наша Ігнацова! Прынамсі, для нас – яе жыхароў.
Матэрыялы старонкі падрыхтавала Ганна ЧАКУР.
