Островеччину посетил Михаил Позняков

15:59 / 22.05.2012

Жыхарам Астравеччыны пашанцавала сустрэцца з выдатным майстрам мастацкага слова – паэтам, празаікам, мовазнаўцам, перакладчыкам, публіцыстам  Міхаілам Паўлавічам Пазняковым.


Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі вялікую выстаўку твораў Міхася Пазнякова. Прысутныя мелі магчымасць набыць кнігі і атрымаць аўтограф пісьменніка.


Сапраўдным музычным упрыгожаннем вечарыны сталі выступленні   мясцовага кампазітара  Аляксандра Якіменкі, у выкананні якога прагучалі песні на словы М.Пазнякова “Матчына хата”, ”Апошні  званок”, ”Тварыце, людзі, дабро”, ”Заброддзе”, ”Заўжды вярнуся”, ”Роднаму Быхаву”.


Прысутныя з задавальненнем паслухалі выступленні юных выхаванцаў Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў – у іх выкананні  прагучалі песні “Ёлка”, “Пад Новы год”. Юныя артысты групы “Калейдаскоп”  Цэнтра  творчасці дзяцей і моладзі выканалі дзіцячыя песенкі “Артысты”, “Каму вадзіць”. Салістка Саша Юрэвіч, навучэнка гімназіі №1, выканала песні “Хітрая ліска” і “Каму шукаць”. Усе гэтыя творы на словы  паэта Міхася Пазнякова і музыку кампазітара Аляксандра Якіменкі ўвайшлі ў дзіцячы мюзікл  “Арэлі дзяцінства”.


Чытачы дзіцячай бібліятэкі, удзельнікі аматарскага аб’яднання “Вясёлка” прачыталі вершы, дражнілкі, скорагаворкі, загадалі прысутным загадкі ад Міхася Пазнякова. Вядучая імпрэзы Вольга Турубарава кранула сэрцы ўсіх, хто знаходзіўся ў зале, калі знаёміла з жыццёвай дарогай творцы, яе вытокамі, з самымі блізкімі людзьмі, хто адкрыў яму дарогу ў свет. Калі трымаў слова  Міхась Пазнякоў, аўдыторыя была зачаравана  манерай выканання асабістых твораў. Удзельнікаў сустрэчы цікавіла многае: як пачалася творчая дзейнасць, хто з пісьменнікаў аказаў уплыў на фарміраванне светапогляду, якія ў яго любімыя кнігі і літаратурныя героі, як нараджаюцца вершы, як праводзіць  вольны час, чым захапляецца, акрамя літаратуры, як яму ўдаецца спалучаць паэтычную творчасць з літаратурна-крытычнай і навуковай дзейнасцю, пісаць для дарослых і для дзяцей, выступаць у самых розных жанрах. На ўсе пытанні прысутныя атрымалі кароткія,але змястоўныя і цікавыя адказы.


Прыемным сюрпрызам вечарыны  былі падарункі  новых кніг для бібліятэк  Астравеччыны. Дырэктар Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Н.У. Ачарэтава ад імя ўсіх чытачоў і бібліятэкараў падзякавала аўтару,пажадала далейшага плёну ў творчасці і падарыла  кветкі і кнігі мясцовых аўтараў .



В. Пінчук, намеснік дырэктара Астравецкай ЦБС.