О деятельности Островецкого лесхоза рассказал накануне профессионального праздника Григорий Долгий
16:00 / 20.09.2014

– Падчас наведвання Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даручыў з 2015 года вывесці ўзровень айчыннага лесакарыстання на стандарты перадавых краін, у прыватнасці, Фінляндыі. А ў чым адрозненне вядзення лясной гаспадаркі ў нашай краіне і той жа Фінляндыі? І якім чынам гэтае даручэнне адаб’ецца на дзейнасці Астравецкага лясгаса?
– Пытанне, якое ўзняў кіраўнік дзяржавы, тычыцца не рэфармавання, а далейшага развіцця лясной сферы нашай краіны. Да прыкладу, гадоў дзесяць назад нас здзіўляла, як працуюць у Швецыі вальшчыкі лесу. На лесасеку яны ехалі на асабістым аўтамабілі, з адпаведнай экіпіроўкай і бензапіламі. Сёння ўжо і мы прыйшлі да такога ўзроўню: у Спондаўскім лясніцтве зараз прыватнік якасна і прафесійна займаецца распрацоўкай лесасекі, а мы прымаем яго работу. У скандынаўскіх краінах – Фінляндыі, Швецыі – даўно наладжаны выпуск лесанарыхтоўчай тэхнікі. У Беларусі “Амкадор” наладзіў вытворчасць такіх машын. Нядаўна мы набылі рубільную машыну беларускага вытворцы, а тэхналагічныя навінкі, як вядома, дазваляюць павысіць якасць і аб’ёмы работ.
Зараз разглядаецца пытанне аб стварэнні лесапунктаў пры кожным лясгасе. Гэта дазволіць дыферынцыраваць працу: ляснічыя і леснікі будуць цалкам займацца аховай лесу, яго пасадкай і перадачай лесасек, а нарыхтоўка драўніны застанецца за брыгадай лесапункта. Хочацца заўважыць, што Гродзенскі, Ваўкавыскі і Скідзельскі лясгасы апрабіравалі гэты метад. Калі лесапункты апраўдаюць сябе, то праз некаторы час такія структурныя ўтварэнні з’явяцца на базе кожнага лясгаса. Стварэнне такіх лесапунктаў і прыцягненне прыватных лесанарыхтоўчых структур дазволіць захаваць магутнасці прадпрыемства і паспрыяе далейшаму развіццю лясной гаспадаркі.
– Сёлета ваша лесагаспадарчая ўстанова зноў атрымала міжнародны сертыфікат FSC. Скажыце, якім чынам гэта адбіваецца на лесакіраванні і эканамічнай дзейнасці лясгаса?
– Па-першае, гэта дазваляе наблізіць узровень вядзення лясной гаспадаркі да еўрапейскага, а падругое – адкрывае для нас больш шырокае кола пакупнікоў.
– Па-ранейшаму асноўным накірункам дзейнасці лясных гаспадарак Беларусі застаецца лесааднаўленне?
– Так, мы сваімі сіламі займаемся пасадкамі. Да прыкладу, у скандынаўскіх краінах фірма, якая займаецца нарытоўкай драўніны, вядзе і лесааднаўленне. Дзякуючы лясному гадавальніку, які быў закладзены некалькі гадоў назад, сёлета наш лясгас цалкам забяспечаны ўласным пасадачным матэрыялам. Акрамя таго, мы атрымалі 670 мільёнаў прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі гадавальніка.
– Якія змены адбыліся ў лесапаляўнічай гаспадарцы ў сувязі з барацьбой з афрыканскай чумой свіней?
– Лесапаляўнічая гаспадарка працягвае развівацца, у тым ліку і за кошт вальернай гаспадаркі. Мы пастаянна пашыраем відавы склад жывёл, якія знаходзяцца на вальерным утрыманні, пагэтаму ёсць стабільны прыбытак ад продажу жывёл. Па-ранейшаму ёсць побыт на паляўнічыя туры. У сувязі з рэзкім змяншэннем колкасці дзікіх кабаноў – а гэта быў дастаткова папулярны паляўнічы від – прапануем паляванне на іншыя віды жывёл: аленя, лася.
– Якімі навінкамі можа пахваліцца Астравецкі лясгас?
– Інтэнсіўнымі тэмпамі развіваем экалагічны турызм. Жыхарам і гасцям нашага раёна мы можам прапанаваць, акрамя збору грыбоў, рыбалкі, актыўныя віды адпачынку. У ціры ля дома паляўнічага ў Задворніках можна пастраляць з лука. Там жа, дарэчы, праходзіць экалагічная сцяжынка “У Альбекаў”.
У гэтым годзе турыстам прапануем новую паслугу – сплаў па Віліі на байдарках. Пакуль можам прыняць невялікую колькасць “водных” аматараў, аднак, калі гэты адпачынак будзе карыстацца попытам, плануем яе пашырэнне. Таксама турысты могуць даведацца аб гістарычных мясцінах Астравеччыны, падарожнічаючы па распрацаваных вела- і аўтамаршрутах.
– Вы цесна супрацоўнічаеце са школьнікамі: ва ўстановах адукацыі плённа працуюць школьныя лясніцтвы, якія займаюцца добраўпарадкаваннем лесу, прымаюць удзел у конкурсах і акцыях. Узнікае заканамернае пытанне: ці звязваюць выпускнікі сваё жыццё з лясной гаспадаркай?
– Штогод на лесагаспадарчы факультэт БНТУ і ў Полацкі дзяржаўны лясны каледж паступаюць выпускнікі нашых школ. Многія з іх затым вяртаюцца працаваць у Астравецкі раён – напрыклад, сёлета лясная гаспадарка раёна папоўнілася трыма спецыялістамі.
– Рыгор Мечыслававіч, на каго б вы раілі раўняцца маладым лесаводам?
– Напярэдадні прафесійнага свята Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі ўзнагароджаны начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч.
За бездакорную працу знакі адзнакі “10 гадоў” атрымалі ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва Яўген Волкаў і ляснічы Спондаўскага лясніцтва Войцех Лукашэвіч, “20гадоў” – майстар лесу Катлоўскага лясніцтва Сяргей Місевіч. На Дошку гонару Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання занесены партрэты інжынера аўтаматызаванай сістэмы кіравання Генадзя Кавалеўскага і трактарыста Міхалішкаўскага лясніцтва Міхаіла Бабіча, лесніка Катлоўскага лясніцтва Мечыслава Масевіча. Першы класс прысвоены ляснічаму Палушскага лясніцтва Сяргею Гуртаеву, другі клас – памочніку ляснічага Кямелішкаўскага лясніцтва Святлане Буланавай. Званне “Майстар лесу І класа” атрымалі майстар лесу Гервяцкага лясніцтва Вольга Кабернік, майстар лесу Палушскага лясніцтва Іна Адамковіч, майстар лесу Катлоўскага лясніцтва Мікалай Уласень. “Майстрамі лесу ІІ класа” прызнаны Іван Шылька з Падольцаў, кямелішкаўскі майстар лесу Адам Едка і майстар лесу з Міхалішкаўскага лясніцтва Уладзімір Лукашэвіч.
За добрую і прадукцыйную працу ў лясной гаспадарцы і дасягненне высокіх паказчыкаў па выкарыстанні, ахове ляснога фонду і ўзнаўленні лясоў Ганаровыя граматы ад Гродзенскага ДВЛГА атрымалі аператар “Харвэстара” Аляксандр Кавяза і майстар лесу Варнянскага лясніцтва Мечыслаў Плаўскі.
– Што пажадаеце сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Мне хочацца павіншаваць ветэранаў і работнікаў Астравецкай лясной гаспадаркі з гэтым святам і пажадаць ім здароўя, плёну і дабрабыту. Ведаю, што захаванне “зялёнага” багацця нашай краіны ў надзейных руках!
– Дзякуй за гутарку, і з надыходзячым святам!
---------------------------------------
Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ.