Своечасовасць правядзення восеньскай сяўбы ў многім вызначае канчатковы вынік

08:53 / 19.09.2011

Жыццё селяніна – спрадвечная чарада работ: пасей, прапалі, падкармі, накасі, высушы, звязі, абмалаці і… зноў пасей. І кожны раз крок у крок за земляробам ідзе па ягонай не асабліва ўрадлівай ніве поўнае зайздрасці надвор’е – сочыць, каб, барані Бог, не было селяніну занадта лёгка. І як толькі той, гледзячы на дружныя ўсходы, парадуецца патаемнай (каб не сурочыць!) радасцю – яму па галаве засухай або залевай, а можна і лютым марозцам…


Сёлета надвор’е паздзеквалася над сельскай гаспадаркай асабліва адчувальна – не было яшчэ ў практыцы раёна гадоў, калі вясной даводзілася перасейваць пад 60 працэнтаў азімых збожжавых культур. З падобным сутыкнуліся ўпершыню. І жніво-2011 праходзіла нярвова – ад дажджу да дажджу. Шчасце, што машына-трактарныя паркі гаспадарак укамплектаваны сучаснымі ўборачнымі агрэгатамі з высокай прадукцыйнасцю, тэхнічныя магчымасці якіх дазваляюць падняць нават суцэльную палегліцу. Так што ўбраць змаглі ў час і страты па магчымасці звялі да мінімуму.
І пакуль камбайны сваімі жаткамі пацвярджалі права жніўня на назву, услед за імі рушылі на поле плугі – і яшчэ нядаўна колкае іржышча зноў стала мяккім улоннем, гатовым да апладнення.
Мінулагодняя няўдача з перазімоўкай азімых культур, вядома, не дадала энтузіязму тэхнолагам палёў, але сяўба – справа святая і неадкладная.
–Своечасовасць правядзення восеньскай сяўбы ў многім вызначае канчатковы вынік, – лічыць галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Мечыслававіч Шлыковіч. – Сёлетні год у гэтым сэнсе быў вельмі паказальным – участкі запозненых тэрмінаў сяўбы аказаліся самымі няўстойлівымі да маразоў. Таму на бягучай пасяўной тэрмінам надаецца вельмі важнае значэнне. Патрабаванне: адсеяцца да 20 верасня.
Па стану на 14 верасня гаспадаркі раёна засеялі 4753 гектары азімага збожжавага кліна, што складае 59 працэнтаў агульнага плана. СВК імя Гашкевіча і саўгас “Падольскі” выканалі планавае заданне на 74 і 73 працэнты адпаведна. З апярэджаннем сярэднераённага графіка працуюць і сеяльшчыкі СВК “Гудагай” (64 працэнты) і СВК “Міхалішкі” (63 працэнты). Адстаюць па тэмпах сяўбы дзве гаспадаркі: СВК “Варняны” (44 працэнты) і СВК “Гервяты” (51 працэнт). І паколькі агульная плошча азімых у гэтых гаспадарках складае палову азімага кліна Астравеччыны, іх адставанне аказвае істотны ўплыў на тэмпы сяўбы ў раёне.
На асенняй пасяўной задзейнічана дванаццаць пасяўных агрэгатаў і дзве сеялкі СПУ-6 – усе разам яны ў стане засяваць штодня каля 500 гектараў, але пастаянныя дажджы ўносяць свае карэктывы. Пасля залевы, якая абрынулася на раён днямі, на многіх палях наогул стаяць гіганцкія лужыны.
–Па большасці нават пераўвільготненых участкаў сучасная пасяўная тэхніка, абсталяваная калёсамі павышанай шырыні, можа прайсці, – кажа Міхаіл Мечыслававіч. – Але клейкая ад вады глеба забівае сашнікі, насенне трапляе ў радкі праз пень-калоду, задзелваецца ў глебу нераўнамерна. Сейбіты вымушаны чакаць, пакуль поле падсохне. Вядома, стараемся быць мабільнымі – пры першай жа магчымасці пераходзім з пераўвільготненага поля на тое, дзе можна працаваць, але гэта таксама не дадае тэмпаў. Тым не менш у аптымальныя для нашай кліматычнай зоны тэрміны мы павінны ўлажыцца – гэта стане адным з гарантаў, што няўдача мінулагодняй зімоўкі не паўторыцца.


НА ЗДЫМКАХ:


Малады механізатар плюс новы трактар – атрымліваецца па паўтары дзённыя нормы за дзень. Прынамсі, у аратага з СВК “Варняны” Андрэя Бразевіча, які сеў за штурвал трактара “Беларус 30-22” толькі тры дні таму і адразу ж стаў перавыконваць дзённае заданне.
Не адзін год хлопец працаваў на К-700 – займаўся галоўным чынам трамбаваннем сіласу.
–Падымаць зябліва непараўнальна цікавей, – гаворыць юнак. – Пасля цэментных сцен сіласных ям свабодныя гарызонты неабсяжных палёў падаюцца ледзь не раем.


“Малады, ды вопытны”, – так гавораць у СВК “Гудагай” пра механізатара Уладзіміра Валэйку. Гэта таму, што да якасці сяўбы, праведзенай ім, нараканняў не бывае – радкі атрымліваюцца роўныя, як пад лінеечку. Пасяўны агрэгат, сканструяваны на базе трактара “Беларус 30-22”, на думку Валодзі, ні ў чым не саступае імпартнаму “Джон Дзіру” – працаваць на такой тэхніцы – адно задавальненне.

А дапамагаюць яму Зыгмунд Міхайлавіч Врублеўскі, які падвозіць насенне, і Генадзь Станіслававіч Кандратовіч, задача якога ўручную засеяць недасягальную для трактара зону – вакол электрычных слупоў.