В Засвире отметили 125-летие Казимира Сваяка
16:00 / 05.07.2015

Напрыканцы чэрвеня на Мядзельшчыне адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння Канстанціна Стэповіча і 95-годдзю з пачатку яго дзейнасці ў Засвірскай парафіі.

Пераследы, нервовае напружанне, непаразуменне з боку вышэйшага духавенства, урэшце тоўстыя вільготныя муры, якія ўзмацнялі хваробу, не маглі зламаць моцны дух Казіміра Сваяка. Ён быў адданы толькі Богу і людзям і годна служыў у сваёй маленькай парафіі – па-беларуску прамаўляў казанні ў касцёле Святой Тройцы…

Нягледзячы на тое што зараз у парафіі няма свайго пастаяннага пробашча – кожную нядзелю ў Засвір з Канстанцінава прыязджае ксёндз Алег Мурзіч, – людзі з розных канцоў вёскі ішлі да святыні. У гэты дзень да іх далучыліся госці з Астравеччыны і Мядзельшчыны. Што як ні супольная шчырая малітва можа быць лепшым падарункам для Казіміра Сваяка?
Святую імшу адпраўлялі супольна ксёндз-дэкан Багуслаў Маджэеўскі са Свіры, пробашч парафіі ў Канстанцінаве Алег Мурзіч і айцец Анатоль Захарэўскі з Міхалішак.
У казанні ксёндз Алег распавёў вернікам аб асабістым адкрыцці творцы і святара Канстанціна Стэповіча:
– Падчас вучобы ў семінарыі мне падарылі малітоўнік на беларускай мове, укладальнікам якога якраз і быў Казімір Сваяк. Гэтым малітоўнікам я карыстаўся доўгі час. Я зразумеў, што людзі могуць маліцца не толькі па-польску але і па-беларуску. І Казімір Сваяк у першую чаргу клапаціўся пра простых людзей, каб імша была зразумелай і адпраўлялася не толькі на лацінцы або па-польску, каб людзі звярталіся да Бога на сваёй мове... І сёння чалавеку не хапае менавіта такой малітвы, якой вучыў людзей Казімір Сваяк.
Пасля імшы пачалася імпрэза, якую адкрыла краязнаўца, сваячка паэта Іаланта Валуевіч. Яна распавяла пра засвірскі перыяд у творчасці і жыцці Канстанціна Стэповіча. Менавіта тут падчас душпастырства ў касцёле Святой Тройцы на долю Казіміра Сваяка выпала найбольш выпрабаванняў. Менавіта ў гэты перыяд Казімір Сваяк выдаў адзіны прыжыццёвы зборнік “Мая ліра”.

Шчырыя словы і песні ў гэты дзень гучалі ад таленавітай паэтэсы Людмілы Кухарэвіч і самадзейнага кампазітара Аляксандра Якіменкі. А аўтар карціны “Партрэт Казіміра Сваяка” мастак Алесь Цыркуноў прызнаўся, што не мог у сваёй творчасці абмінуць асобу Канстанціна Стэповіча.
На заканчэнне імпрэзы ксёндз Алег адзначыў, што важна, каб справа ўсяго жыцця Казіміра Сваяка жыла і сёння, каб людзі прыходзілі ў касцёл маліцца і памяталі аб сваім мінулым – толькі так чалавек не паўторыць памылак сваіх папярэднікаў. І некалі Казімір Сваяк стане благаславёным…

Памяць аб святары-беларусе жыве і зараз не толькі ў Клюшчанскай, Камайскай і Засвірскай парафіях, дзе Казімір Сваяк вёў душпастырскую дзейнасць, але і па ўсёй Беларусі, і далёка за яе межамі ў сэрцах многіх людзей.
------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота аўтара і Дзмітрыя ДАМАРАДА.