АЭС: паразважаем без істэрык
Аўтарскі ракурс Эдуарда Свірыда
Пры ўсіх адрозненнях перакананых праціўнікаў развіцця ядзернай энергетыкі ўсіх іх аб’ядноўваюць, робяць падобнымі адзін на аднаго, некалькі асаблівасцей.
Сярод іх — катэгарычнае непрыняцце процілеглага пункту погляду, нават у асобнай яго частцы, у дэталях; вольная інтэрпрэтацыя, адмаўленне аб’ектыўных фактаў; апеліраванне найперш да пачуццёвай, эмацыянальнай складаемай чалавечай асобы, якая, як вядома, найменш падуладна логіцы і здароваму сэнсу. Думка апанента звычайна не ўспрымаецца, жаданне спасцігнуць глыбіню пытання адсутнічае. Чысціня свядомасці і яснасць мыслення саступаюць месца паралізуючаму страху, які грунтуецца на догмах і забабонах, падмацаваных тэндынцыйнай, некампетэнтнай, а падчас і лжывай інфармацыяй.
Адзін з самых распаўсюджаных, любімых, “убойных” аргументаў праціўнікаў АЭС: гібель навакольнага асяроддзя. У апакаліптычных эпітэтах і фарбах, як правіла, недахопу няма. Іх глыбіня залежыць толькі ад творчых здольнасцей аўтара. Вось і наведвальнік інтэрнэт-сайта “Астравецкай праўды” Марына пераканана, што толькі ў нездаровай галаве магла ўзнікнуць ідэя пабудаваць АЭС у такім маляўнічым рэгіёне, як наш.
Калі зыходзіць з падобнай логікі, то не ўсё добра з галавой не толькі ў нас, а і ва ўсіх краінах, дзе развіваецца ядзерная энергетыка. У іх ліку ЗША, Францыя, Расія і яшчэ 26 дзяржаў. Да гэтага пераліку можна дадаць і тыя краіны, дзе будуецца 65 новых рэактараў. А таксама амаль 30 дзяржаў, якія заявілі аб намеры развіваць атамную энергетыку.
Літаральна акружана ядзернымі энергаблокамі Беларусь. Аб сваім намеры ў бліжэйшы час пабудаваць АЭС заявіла Польшча. Шукае падрадчыка на будаўніцтва атамнай электрастанцыі Літва. Таму вывад, што “ўвесь свет задумваецца аб закрыцці АЭС” абсалютна няправільны.
Звяртаю ўвагу: пералічаныя вышэй дзяржавы – не краіны трэцяга свету, а эканамічна развітыя. Чаму ж, насуперак такому відавочнаму здароваму сэнсу, усе яны так легкадумна “адчынілі дзверы” перад мірным атамам?
Паспрабуем разабрацца без істэрык, абапіраючыся толькі на лічбы.
За апошнія 300 гадоў насельніцтва зямлі павялічылася больш чым у 10 разоў. Насельніцтва Еўропы вырасла сямікратна. Разам з тым традыцыйныя крыніцы энергіі засталіся ранейшымі – вугаль, прыродны газ, водныя рэсурсы буйных рэк. На жаль, за гэты час іх запасы не толькі не павялічыліся, а значна скараціліся.
Па самых прыблізных прагнозах аналітыкаў, попыт на электраэнергію будзе павялічвацца ў сярэднім на 1,6% у год і да 2030 года дасягне 325 млн. барэляў нафтавага эквіваленту ў суткі! Гэта на 60% больш, чым патрабавалася ў 2000 годзе.
Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, канешне, таксама маюць права на існаванне і развіваць іх неабходна, асабліва там, дзе для гэтага існуюць неабходныя ўмовы. Аднак размовы аб тым, што энергія ветру і сонца мае магчымасць цалкам задаволіць патрэбы чалавецтва ў электраэнергіі – не больш чым спекуляцыі з нейкіх карыслівых, кан’юнктурных меркаванняў. Згодна з высновамі экспертаў, за кошт ветру, сонца, геатэрмальных крыніц удасца задаволіць не больш за 1 працэнт агульнасусветнай патрэбы ў энергіі.
Таму, пры ўсім багацці выбару, іншай альтэрнатывы, акрамя атамнай энергетыкі, у нас проста няма. Калі не лічыць вяртання да “выгод” пячорнага побыту.
Зрэшты, “заломваць рукі” і прымаць атамную энергетыку як нейкае наканаванне, як найменшае зло, таксама не варта. Мірнае суіснаванне атама і чалавека цалкам магчыма. Сведчанне гэтаму – шматгадовы вопыт безаварыйнай эксплуатацыі 442-х энергетычных ядзерных рэактараў ва ўсім свеце.
Пяць з іх знаходзяцца ў невялікай Швейцарыі. Аднак гэта не перашкаджае нам захапляцца маляўнічымі краявідамі гэтай дзяржавы, ласавацца шакаладам, вырабленым, як сцвярджае рэклама, з выкарыстаннем малака ад кароў, што пасвіліся на альпійскіх лугах.
Як не адпужваюць сотні тысяч турыстаў, што адпачываюць на курортах Лазурнага берага і Куршавеля 58 французскіх рэактараў.
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, першыя прыступкі сярод фактараў рызыкі, якія ўплываюць на смяротнасць людзей, займаюць не АЭС і нават не радыяцыя. З 24-х фактараў сумнае лідэрства належыць курэнню, алкаголю і дрэннаму харчаванню.
Фактарамі, якія правакуюць анкалагічныя захворванні, з’яўляюцца зноў жа курэнне і алкаголь. А таксама генетычна абумоўленая схільнасць, псіхаэмацыянальныя стрэсы і вытворчыя канцэрагенныя ўздзеянні, звязаныя з работай на прадпрыемствах хімічнай вытворчасці.
Радыяцыя, як фактар рызыкі, медыкамі нават не разглядваецца.
Так, тое што адбылося ў Японіі, безумоўна, спародзіць новую хвалю антыатамных хваляванняў у грамадстве. Аднак варта заўважыць, што пасля разбуральнага землятрусу, пятага па сіле, за ўсю гісторыю назіранняў, пасля палаючых заводаў, змытых з паверхні зямлі гарадоў і паселішчаў кантроль над аварыйнай АЭС у Фукусіме – спраектаванай, дарэчы, амаль пяць дзесядзігоддзяў таму – быў захаваны і захоўваецца да гэтага часу.
І ў любым выпадку, перш чым “ставіць крыж” на атамнай энергетыцы, трэба дачакацца вывадаў спецыялістаў.
Уяўленні большасці людзей аб АЭС сфарміраваны пасля і пад уплывам аварыі ў Чарнобылі. Таму і разважанні аб атамнай энергетыцы грунтуюцца звычайна на катэгорыях ядзернай, экалагічнай катастрофы. Усё, што выходзіць за межы аднойчы складзенага меркавання, выклікае недавер і раздражненне. І пафас часоў партыйных з’ездаў тут ні пры чым.
Аднак жыць, абапіраючыся на веды, набытыя раз і назаўсёды – няправільна і небяспечна. Гэта – самы просты і кароткі шлях да цемрашальства і невуцтва.