Пра АЭС, Астравец і Чарнобыль
Інфармацыйны цэнтр АЭС наведала вялікая група выкладчыкаў і студэнтаў Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя А.Д. Сахарава. Сустрэча сапраўдных і будучых эколагаў з атамшчыкамі – а ў іх ролі выступілі спецыялісты са шматгадовым вопытам практычнай работы на АЭС У.Д. Горын, намеснік галоўнага інжынера Дырэкцыі будаўніцтва АЭС, і А.М. Талмасаў, начальнік аддзела кіравання праектам – першапачаткова была разлічана на дзве гадзіны. Аднак у выніку расцягнулася на чатыры. Пасля сустрэчы сваімі ўражаннямі ад яе, меркаваннем адносна развіцця ў Беларусі атамнай энергетыкі з намі падзяліўся дацэнт кафедры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, кандыдат тэхнічных навук Яўген Міхайлавіч Хаджынаў. Але наша размова пачалася зусім не з “мірнага атама”…
—Выдатна захаваўся ваш Астравец! Такі ўтульны, прыгожы горад! Па ўсім відаць, вы яго вельмі любіце!
—Дзякуй за добрыя словы! Але, шчыра кажучы, такі прывабны выгляд наш горад займеў два гады назад, калі рыхтаваўся да свайго юбілею…
—Я ж пра гэта і кажу! Два гады прайшло, а здаецца, нібы добраўпарадкаванне адбылося літаральна ўчора! Значыць, жыхары горад любяць, шануюць і зберагаюць!
—І ўсё ж прыехалі вы сюды не толькі нашымі адметнасцямі любавацца. Скажыце, якую мэту мелі на ўвазе, калі везлі сюды сваіх студэнтаў?
—Па-першае, тут, у інфармацыйным цэнтры, папярэдне пабываў я сам. Пазнаёміўся з Уладзімірам Дзмітрыевічам Горыным, некалькі гадзін з ім пагутарыў і зразумеў, што тут абавязкова павінны пабываць мае студэнты. Ваш цэнтр – выдатная магчымасць атрымаць інфармацыю з “першых рук”! Тую, якую не знойдзеш ні ў адным падручніку! Прабачце, але калі б у Астраўцы адкрылася, напрыклад, школа па рашэнню лагарыфмічных ураўненняў, ехаць сюды за тры-дзевяць зямель не мела б сэнсу. Таму што аб гэтым напісана сотні, калі не тысячы тамоў манаграфій! А пагутарыць са спецыялістамі, якія працавалі на АЭС – такую магчымасць атрымаеш не ўсюды.
—І ці спраўдзіліся вашы спадзяванні?
—Часткова. Перад паездкай і па дарозе ў Астравец я даводзіў студэнтам, што некаму з іх абавязкова выпадзе працаваць на першай беларускай АЭС. Канешне, не ўсім. Столькі спецыялістаў нашага профілю на атамнай электрастанцыі не патрэбна. Але 3-4 чалавекі з сённяшняй групы, перакананы, на будучай АЭС абавязкова знойдуць месца і сабе, і сваім здольнасцям. Таму сёння ў іх была выдатная магчымасць паразмаўляць з людзьмі, якія стаяць ля вытокаў гэтага грандыёзнага праекта. Лічу, што выкарысталі яны яе не ў поўнай меры. Мажліва, ад таго, што з-за сваёй маладосці не ўсведамляюць да канца значэння гэтай паездкі.
—А можа, справа ў тым, што размова аб тэхнічных аспектах АЭС не вельмі лёгка ўспрымалася аўдыторыяй, большасць якой складалі дзяўчаты? Дарэчы, падобны “гендэрны” расклад традыцыйны для вашай кафедры?
—Я б не сказаў, што мова, на якой размаўлялі спецыялісты Дырэкцыі будаўніцтва АЭС, была складанай для ўспрымання. Зусім не! Больш таго: аб досыць складаных рэчах ім удалося расказаць у простай і даступнай форме. Што датычыць “гендэрнага раскладу”, то тут год на год не прыходзіцца. Так, сёння, як вы маглі заўважыць, у групе было толькі тры хлопцы. А, да прыкладу, калі наш універсітэт заканчваў я, было толькі тры дзяўчыны. Увогуле, гэтая сітуацыя мне не зусім зразумелая. Па вялікаму рахунку, ядзерная і радыяцыйная бяспека – мужчынская справа! Таму, карыстаючыся выпадкам, праз вашу газету хацеў бы заклікаць юнакоў Астравецкага раёна паступаць на наш факультэт. Тым больш, што менавіта ваш раён абраны месцам для будаўніцтва АЭС. Значыць, і працу атрымаць ёсць магчымасць непадалёк ад дома.
—Пры ўсёй лагоднасці, даверы і ўзаемаразуменні, у атмасферы якіх праходзіла сённяшняя сустрэча, не мог не заўважыць, што “цень Чарнобыля” прысутнічаў у зале амаль пастаянна…
—Ну, а чаго ж вы хацелі?! Калі з 1986 года людзям даводзілі, што атам, нават “мірны”, прыносіць з сабой толькі зло – чаго іншага можна было чакаць? Якой іншай рэакцыі людзей?! Мы ўсе – прынамсі, большасць з нас – знаходзімся ў палоне стэрэатыпаў. Карыстаемся выпадковай, неправеранай інфармацыяй… Многае з таго, аб чым сёння гаварылася, было адкрыццём нават для нас, выкладчыкаў. Напрыклад, падрабязнасці аб прычынах і наступствах аварыіі на амерыканскай АЭС у Тры-Мэйл Айлендзе альбо высновы спецыялістаў аб ступені надзейнасці французскіх ядзерных рэактараў, якія ў нашым грамадстве лічацца больш дасканалымі за расійскія.
Шмат увагі нашы субяседнікі сёння ўдзялілі пытанню падрыхтоўкі персаналу для работы на атамных электрастанцыях. І такі сур’ёзны, адказны падыход таксама быў для нас нечаканым. Не ўпэўнены, што ўсе нашы студэнты акажуцца гатовымі да падобных іспытаў, калі пажадаюць атрымаць месца працы на АЭС.
—Не магу вам не задаць і такое пытанне. Як правіла, эколагі – прынамсі, частка з іх – выказваюцца супраць атамнай энергетыкі ўвогуле і будаўніцтва АЭС у Беларусі ў прыватнасці. Вы таксама прафесійны эколаг, аднак атамная электрастанцыя не выклікае ў вас катэгарычнага адмаўлення. Дык на чыім баку праўда?
—Я не ведаю! Асабіста я лічу за лепшае не гаварыць, а дзейнічаць. Атамная электрастанцыя Беларусі патрэбна! Пастаянна сядзець на газавай “іголцы” і дорага, і небяспечна. Што ж да экалагічных аспектаў, то трэба працаваць, каб забяспечыць адпаведны маніторынг і “чысціню” будучай станцыі. Для гэтага мы і рыхтуем сваіх спецыялістаў.
Эдуард СВІРЫД.