Па чутках і аўтарытэтна: дом стаіць трывала

14:47 / 27.04.2010
1

Падобна на тое, што Астравец павольна, але ўпэўнена набывае славу радовішча чутак і плётак. З незайздросным пастаянствам, дастойным лепшага выкарыстання, тут рэгулярна кагосьці «здымаюць» з працы і «саджаюць» за краты. Апошнім часам да звыклых тэм дабавілася і новая – АЭС. Але паколькі будаўніцтва станцыі пакуль і не пачыналася, аб’ектам самай пільнай увагі «сарафаннага радыё» стала будуемая ўжо інфраструктура.


«Дом атамшчыкаў па дарозе на Смаргонь нахіліўся і вось-вось паваліцца!» — сцвярджаюць «дасведчаныя» людзі. Гаворка пра жылы дом № 8, што ўзводзіцца ў першым мікрараёне будучага горада атамшчыкаў.
Па нашай просьбе сітуацыю вакол названага дома пракаменціраваў Андрэй Пінчук, в.а. начальніка аддзела капітальнага будаўніцтва «Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі».
— Насамрэч, гэтай інфармацыі можна было б і парадавацца, — усміхнуўся Андрэй Аляксеевіч. -- Раз дом аварыйны, да яго і блізка ніхто не падыдзе, а таму за захаванасць будаўнічых матэрыялаў і іншай маёмасці можна не хвалявацца! А калі сур’ёзна, то дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і не мае пад сабой ніякіх падстаў! Дом стаіць, ніякіх трэшчын у ім няма і падаць ён не збіраецца.
Чутку аб «няўстойлівасці» дома, магчыма, спарадзіла адсутнасць побач з ім будаўнікоў. Прычыну гэтага патлумачыў у газеце «СБ» Віктар Мікалаевіч Аксютчык, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама па капітальнаму будаўніцтву, які сказаў, што ўзвядзенне дома часова замарожана. Аднак не па прычыне аварыйнасці, а зыходзячы з чыста прагматычных меркаванняў. Усе будаўнікі і спецыялісты, якія працуюць на ўзвядзенні вытворчых аб’ектаў беларускай АЭС, жыллём забяспечаны. Як толькі ўзнікне неабходнасць – будаўніцтва дома будзе завершана і яго здадуць у эксплуатацыю.


Эдуард СВІРЫД.