Дарога да АЭС давядзе. І не толькі…
16:01 / 19.03.2010
Госці нашай краіны, якія прыязджаюць з Расіі, Украіны, Літвы, адзначаюць цудоўны стан беларускіх дарог. Ды і самі беларусы, калі выязджаюць за межы сваёй сінявокай, міжволі канстатуюць, што па нашых дарогах ездзіць куды больш камфортна, чым, скажам, па тых жа ўкраінскіх… Праўда, звяртаюць на гэта ўвагу, як правіла, толькі пераехаўшы дзяржаўную мяжу. Гэта і не дзіўна: асаблівасць чалавечага менталітэту такая, што да добрага прывыкаеш хутка, яно, як паветра: калі ёсць – не заўважаецца, і толькі калі адчуваеш недахоп, пачынаеш задыхацца. Вось і астраўчане – ці часта звяртаюць увагу на прыдарожныя шыльды “Дарогу абслугоўвае…” – і далей ідзе назва арганізацыі? Ну абслугоўвае і абслугоўвае, нам што за клопат? І ўсё ж аднойчы журналістам “Астравецкай праўды” захацелася даведацца, што ж хаваецца за гэтымі словамі. І пры нагодзе мы сустрэліся з генеральным дырэктарам “Гроднааўтадора” Іванам Іванавічам ЯЦЭВІЧАМ і папрасілі яго адказаць на некаторыя пытанні.
Замест візітнай карткіІван Іванавіч Яцэвіч нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці “Аўтамабільныя дарогі”, па размеркаванню прыехаў на працу ў Гродна. Працаваў спачатку ў “Гроднаграмадзянпраекце”, затым — на розных пасадах у абласных дарожнабудаўнічых арганізацыях: “Гроднааблдарбудзе”, будаўнічым трэсце №6, “Гроднааўтадоры” — з 2006 года з’яўляецца генеральным дырэктарам гэтай арганізацыі.
— Іван Іванавіч, раскажыце ў некалькіх словах: чым займаецца ваша арганізацыя і чым яе дзейнасць адрозніваецца да “Гроднааблдарбуда”?
— Як запісана ў статуце нашай арганізацыі, асноўная задача “Гроднааўтадора” – забяспечыць круглагадовы кругласутачны бесперабойны бяспечны рух па рэспубліканскіх дарогах Гродзенскай вобласці. Рэспубліканскія дарогі – гэта тыя, што звязваюць Гродна са сталіцай краіны, а таксама – абласны цэнтр з раённымі. А таксама – выхады да дзяржаўнай мяжы і пад’езды да аэрапортаў. Такіх дарог на ўтрыманні нашай арганізацыі – 2125 кіламетраў.
Не буду перагружаць наш гутарку лічбамі, але паверце на слова: дарогі – гэта вельмі складаная сістэма, я б сказаў – своеасаблівы арганізм. Нездарма іх называюць крывяноснай сістэмай усёй эканомікі – ад стану дарог яе жыццядзейнасць залежыць напрамую.
Наша задача – будаўніцтва новых дарог, а таксама рэканструкцыя, рамонт і абслугоўванне існуючых. Калі для выканання першых трох задач мы звычайна прыцягваем падрадчыкаў, часцей за ўсё – Гродзенскі дарожнабудаўнічы трэст №6, то абслугоўванне ажыццяўляюць шэсць нашых філіялаў, якія размешчаны па ўсёй вобласці. У тым ліку і Ашмянскае ДЭУ-57, у задачу якога ўваходзіць зімой – ачыстка дарожнай паласы ад снегу, летам – абкошванне абочын, ямачныя рамонты, утрыманне ў парадку прыдарожнай паласы і г.д.
Другая абласная дарожнабудаўнічая арганізацыя – “Гроднадааблдарбуд” – выконвае прыкладна тыя ж задачы, толькі на дарогах мясцовага значэння: тых, што звязваюць райцэнтры з цэнтральнымі сядзібамі гаспадарак, ажыццяўляюць сувязь паміж вёскамі раёна і г.д.
— Сфера дзейнасці вашай арганізацыі ў Астравецкім раёне – гэта…
—…Гэта – аўтадарога “Вільнюс — Полацк – Глыбокае” ад мяжы з Літоўскай Рэспублікай да граніцы з Мінскай вобласцю, дарога “Варона – Астравец – Ашмяны”, а таксама пад’езд да пункту пропуску “Лоша”. Абслугоўваннем іх займаецца наш Ашмянскі філіял – ДЭУ-57. Для больш зручнай работы ў мінулым годзе ў Вароне быў створаны невялікі ўчастак гэтага філіяла, у далейшым плануем яго пашыраць. У якасці партнёраў працуем і з Астравецкім ДРБУ-159: прыцягваем іх да выканання сваіх задач у якасці падрадчыка.
Калі гаварыць пра нейкія канкрэтныя справы, то тут на рахунак “Гроднааўтадора” можна занесці перш за ўсё аб’екты аграгарадкоў Астравецкага раёна: мы рабілі добраўпарадкаванне – зразумела, перш за ўсё асноўных праездаў – у аграгарадках Міхалішкі, Варняны, Варона, Малі. Прычым у Малях заасфальтавалі не толькі цэнтральную вуліцу вёскі, але і зрабілі пешаходную дарожку ад Астраўца да гарадскіх могілак – наколькі ведаю, жыхары райцэнтра мелі ў гэтым вялікую патрэбу, ды і бяспека дарожнага руху ад гэтага толькі выйграла. На свой пазітыўны рахунак можам запісаць і мост у вёсцы Міхалішкі – стары ўжо не адпавядаў ніякім патрабаванням бяспекі дарожнага руху, сёння ж гэта шматфункцыянальнае сучаснае інжынерна-тэхнічнае збудаванне, якое зрабіла рух цераз асноўную водную артэрыю “Полацкага тракту” — рэчку Вілію – бяспечным і камфортным. Рэканструкцыя пад’язных шляхоў да пункту пропуску «Катлоўка» – асфальтаванне дарогі, асвятленне яе, абуладкаванне пляцоўкі для адпачынку і іншае – таксама наша справа.
Цяпер адзін з асноўных нашых аб’ектаў на тэрыторыі Астравецкага раёна – будаўніцтва аўтамабільнай дарогі ад вёскі Газа да будучай пляцоўкі атамнай электрастанцыі і далей – да Астраўца і Ашмян.
— Вось аб гэтым, калі можна, больш падрабязна – не кожны дзень і не кожны год у нашым раёне будуюцца новыя камфартабельныя аўтамабільныя дарогі…
— Патрэба ў гэтай аўтадарозе, якая б злучыла Ашмяны, Астравец і далей выходзіла на дарогу “Вільнюс – Полацк – Глыбокае”, наспела даўно. Сённяшняя дарога ўжо не адпавядае неабходным патрабаванням, на яе шляху – мноства населеных пунктаў з усімі выцякаючымі адсюль не самымі спрыяльнымі наступствамі для бяспекі руху. І галоўнае – чыгуначны пераезд на станцыі Гудагай, заўсёды перагружаны, які даўно стаў сапраўдным бічом аўтамабілістаў. Скажу шчыра: мы ўжо не першы год планавалі будаўніцтва на станцыі Гудагай пуцеправода, але, з якога боку б ні падступаліся да гэтай праблемы, усё ўпіралася ў неабходнасць зносу вытворчых будынкаў і жылля, а значыць – вялікія дадатковыя затраты. Рана ці позна будаўніцтва гэтай аўтадарогі ўсё роўна паўстала б на парадку дня. Але цяпер, дзякуючы магчымасці будаўніцтва на тэрыторыі Астравецкага раёна першай беларускай АЭС, працэс гэты паскорыўся.
Цяпер праца на будаўніцтве аўтадарогі “Газа – пляцоўка АЭС – Астравец –Ашмяны” ідзе поўным ходам. Дарэчы сказаць, першыя 4,4 кіламетра асфальтавага пакрыцця ўжо пракладзены. Зараз, у зімовы час, ідуць падрыхтоўчыя работы: выемка грунту, выкарчоўванне кустоў, высечка дрэў. З надыходам цяпла работы зноў разгорнуцца ў поўным аб’еме. У гэтым годзе мы павінны завяршыць першы этап аўтадарогі – увайсці з асфальтам у Астравец. А на наступны год запланавана будаўніцтва дарогі ў бок Ашмян — моста цераз рэчку, пуцеправода цераз чыгунку і пракладка асфальту. Гэтая дарога будзе зручнай і камфортнай для ўсіх аўтамабілістаў, бо злучыць два раённыя цэнтры ў абход населеных пунктаў, са зручным шматузроўневым пераездам чыгункі – словам, гэта будзе сучасная еўрапейская аўтамабільная дарога.
— Што ж, Іван Іванавіч, як я зразумела, вы і “Гроднааўтадор” у Астравецкім раёне – усур’ёз і надоўга. Пажадаем жа вам і вашай арганізацыі поспехаў, а ўсім нам -- зручных паездак па новых і старых добраўпарадкаваных дарогах.
Гутарыла Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.