“Пускач” набірае абароты

01:29 / 12.02.2010
Аб’яднаная піянерная вытворчая база будаўніцтва АЭС, якую дырэктар “Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі” М.В. Філімонаў у колішнім інтэрв’ю нашай газеце вобразна параўнаў з пускавым механізмам трактара – “пускачом”, падкрэсліўшы тым самым яе значэнне ва ўзвядзенні як самой станцыі, так і горада энергетыкаў, паступова набывае рысы буйнога прамысловага аб’екта.
Яшчэ ў пачатку мінулагодняга лета пляц ля былой базы “Сельгасхіміі” быў малапрывабнай, неўпарадкаванай пусткай. Наўкол – толькі падтопленыя вадой хмызнякі ды пустазелле. Каб надаць гэтай тэрыторыі неабходны для будаўніцтва стан, аднаго толькі пяску прыйшлося завезці больш за трыста тысяч кубаметраў. Сёння ж тут вялікая будаўнічая пляцоўка, на якой у хуткім часе з’явіцца сучасны высокатэхналагічны і так патрэбны Астравеччыне вытворчы аб’ект.
Аб ходзе работ, умовах, у якіх прыходзіцца жыць, працаваць і адпачываць будаўнікам і, канешне, надвор’і мы гутарым з прарабам генеральнага падрадчыка будаўніцтва будаўнічага ўпраўлення №188 акцыянернага таварыства “Гроднапрамбуд” Мікалаем Мікалаевічам Гарэнкам.
—Якія аб’екты ўзводзяцца зараз на аб’яднанай піянернай вытворчай базе?
— Прыярытэтным, першачарговым аб’ектам з’яўляецца растворна-бетонны вузел. На сёняшні дзень у Астраўцы няма прадпрыемства, якое б вырабляла бетон у вялікіх аб’ёмах. Таму яго прыходзіцца завозіць альбо з Ашмян, альбо са Смаргоні. Гэта – дадатковыя выдаткі і час. Пуск РБУ ў дастатковай ступені задаволіць патрэбнасці і дадзенага будаўніцтва, і работ на ўзвядзенні жылля ў гарадскім пасёлку.
Акрамя гэтага аб’екта, завяршаецца будаўніцтва адміністрацыйна-бытавога корпуса, будынка прыгатавання хімічных дабавак і лабараторыі. Узводзяцца склады для шчэбеню і пяску. Уцепленыя і халодныя склады для матэрыялаў і абсталявання. Падрыхтаваны фундамент дрэваапрацоўчага цэха. Забіваюцца сваі для арматурнага цэха і майстэрні. Будуецца стаянка аўтатранспарту, кампрэсарная станцыя. Работнікі будаўніча-мантажнага поезда з Баранавіч пракладваюць чыгуначныя пад’язныя шляхі. Дарэчы, адзін з іх будзе павышаным – каб выгрузку сыпучых будаўнічых матэрыялаў ажыццяўляць з вагонаў проста на зямлю ў засекі.
— Як адбілася на вашай рабоце неспадзявана халодная зіма?
— Няма для будаўніка горшай бяды, чым мароз. Але адразу заўважу, што з графіку ён нас не выбіў, хоць цяжкасцяў, зразумела, дадаў. Узніклі складанасці з прыгатаваннем бетону. Там, дзе гэта дазваляе тэхналогія, выкарыстоўваем электрападагрэў. На больш важных, адказных аб’ектах бетонныя работы прыпынілі ўвогуле. Тым больш, што сядзець на месцы не прыходзіцца. На трох будынках накрываем дах. Пакуль завяршым, глядзіш, і маразы адступяць.
Зусім не проста ў гэтай сітуацыі і людзям. Летам і восенню працавалі ў дзве змены з сямі раніцы да сямі вечара. А ў такіх жорсткіх умовах надвор’я гэта ўжо немагчыма. Таму пакуль пачынаем работу ў палове восьмай раніцы і заканчваем працоўны дзень у пяць гадзін вечара.
— Людзі тут працуюць у асноўным прыезджыя. Дзе вы размясціліся, у якіх умовах адпачываеце?
— Для нас выдзелены два былыя дзіцячыя садкі – у Гудагаі і Лошы. Умовы, лічу, вельмі прыстойныя. Вельмі добра, што ў абодвух будынках цэнтральнае ацяпленне. Не мерзнем і пра паліва не клапоцімся. Дарэчы, шмат каго можа зацікавіць паслуга доставка топлива. Каля 30 мільёнаў рублёў выдаткавалі на рамонт санітарных вузлоў, падключэнне гарачай вады. У кожным пакоі – халадзільнік, тэлевізар. Адна нязручнасць – далекавата ездзіць да месца працы.
А вось наконт таго, што працуюць у нас людзі прыезджыя, вы маеце рацыю толькі часткова. У 188-м будаўнічым упраўленні працуюць 20 гродзенцаў і 28 жыхароў Астравеччыны. У 210-м упраўленні, калі не памыляюся, 15 з Гродна і 18 з вашага раёна.
— Лічыце, што працоўныя рэсурсы Астравеччыны будуць запатрабаваны і надалей ?
— Безумоўна! Не трэба забываць, што тут узводзіцца даволі буйны прамысловы аб’ект, па сутнасці – завод, і людзей для яго спатрэбіцца вельмі многа: бетоншчыкаў, арматуршчыкаў, сталяроў, слесараў, вадзіцеляў... Калі ж адпаведнай спецыяльнасці няма – ніколі не позна перавучыцца.
Застаецца дадаць, што першая чарга вытворчай базы павінна быць здадзена ў эксплуатацыю ўжо ў чэрвені бягучага года. Таму пажадаем будаўнікам кароткай зімы і хуткай вясны, каб паспяхова справіцца з ускладзенымі на іх вялікімі задачамі.


Эдуард Свірыд.