"Звёздный дождь". Интрига нарастает

Дзяўчаты працягваюць здзіўляць – кампазіцыямі, пераўвасабленнем на сцэне, голасам, пастаноўкай нумароў... Трэці тур, у якім і вызначаліся фіналісткі, атрымаўся, як мне здаецца, асабліва “смачным”, я б нават сказала “з надрывам”, з “ізюмінкамі” або “пярчынкамі” – каму як падабаецца.
Нагадаю, што месца дзеяння і склад журы на “фінішнай прамой” засталіся тымі ж: нязменная кінаканцэртная зала “Астравец” і нязменная пяцёрка суддзяў. Крытэрыі, па якіх ацэньваліся выступленні канкурсантак, не падвяргаліся праўцы ні арганізатарамі конкурсу, ні журы, ні астатнімі зацікаўленымі асобамі. Кожная характарыстыка выступлення: касцюм, рэпертуар, вакал, артыстызм – па-ранейшаму ацэньвалася па пяцібальнай шкале.
За некалькі дзён да паўфінальнага тура праект пакінула Сняжана Безляповіч. У мінулым туры некаторыя члены журы літаральна “біліся” за тое, каб дзяўчына засталася ў праекце, – аднак кропкі над “і” расставіла сама Сняжана.
Фармат трэцяга “вакальнага дажджу” па традыцыі складаўся з дзвюх частак: сольнае выступленне канкурсантак з кампазіцыяй у стылі “рэтра” і дуэт з фіналістамі мінулых “зорных дажджоў”. Праўда, паўфінальны тур яшчэ дапоўніўся відэавыступленнем адной з канкурсантак: Юліяна Масейка павінна была абараняць гонар Беларусі ў складзе маладзечанскага хору на фестывалі ў Бельгіі (забягаючы наперад, паведамлю радасную навіну: хор вярнуўся з першым месцам). Юліяна за тыдзень да вызначанай даты трэцяга тура выступіла перад членамі журы амаль у пустой зале. І спявала не адзін раз, а два – таму што выступленне яшчэ трэба было запісаць на відэа для гледачоў. Дзяўчына бездакорна справілася з кампазіцыяй “Шукаю цябе”. На жаль, відэазапіс выступлення канкурсанткі не змог перадацьгэта ў поўнай меры.
Юлія Івашка змяніла амплуа лірычнай, з тонкім філасофскім налётам гераіні на ролю запальнай і вясёлай дзяўчыны з дапамогай песні з кінастужкі “Мэры Попінс, да пабачэння!”. І новая Юля ў ідэальна падабраным сцэнічным касцюме нагадвала яркі, саграваючы аганёк.
Аматары джазавай музыкі таксама засталіся ў захапленні: Даша Крывіцкая паказала ва ўсю моц не толькі свой голас, але і саму сябе. У чорнай сукенцы і з прычоскай у стылі 60-х дзяўчына быццам выйшла з чорна-белага фільма і, нібыта Коко Шанэль, “разрэзала” голасам на аскепкі паветра. І ці адно паветра?
Сусветнавядомая ліверпульская чацвёрка “бітлоў” адрадзілася на астравецкай сцэне ў песні “Halleluya”. Святло згасла. Толькі ажурныя падсвечнікі з дзясяткам жывых агеньчыкаў асвятлялі Ангеліну Мельгуй, голас якой цалкам запаўняў прастору і душы людзей. Па скуры беглі “мурашкі”…
Святлана Хамякова, якую вядучыя жартам назвалі “прынцэсай-несмяянай”, прапанавала гледачам песню з рэпертуару Прымадонны. І кампазіцыя “Так же, как все” ў выканні дзяўчыны ўспрымалася натуральна і лёгка. Верылася, што светлавалосая прыгажуня менавіта і адметная сваёй верай у падобнасць да астатніх.
Вікторыя Рудая прэзентавала на сцэне “Прыгожае жыццё” (даслоўны пераклад з англійскай мовы) групы “Ase of Base”. Моладзевая кампазіцыя, жывое выкананне, адпаведны вобраз паказалі канкурсантку “тут і зараз”: у сваім часе, марах і спадзяваннях.
А вось даведацца пра другую частку – дуэтнае выкананне разам з фіналістамі двух мінулых “Зорных дажджоў” – я вам прапаную са слоў “выпускнікоў” гэтага конкурсу. Яны ўжо адчулі на сабе ўвесь смак конкурсаў, поспехаў і расчараванняў, выраслі ў гадах і вопыце, пагэтаму могуць са сваёй “вышыні” сказаць, чаго не хапае сённяшнім канкурсанткам.
Анастасія Пілецкая – 2 месца ў “Зорным дажджы-2006”, метадыст Астравецкага раённага Цэнтра народнай творчасці.
– Уражанні ад сумеснага выступлення з Дашай Крывіцкай мне складана апісаць словамі. Каб іх адчуць, трэба было апынуцца на маім месцы. Ад многіх знаёмых я чула, што наша песня стала “бомбай”. І з гэтым параўнаннем цалкам пагаджаюся – для мяне гэта быў сапраўдны эмацыйны выбух!
Звычайна я вельмі крытычна адношуся да ўласных выступленняў на сцэне, але ў гэтым выпадку, мне здаецца, усё атрымалася: былі эмоцыі, драйв і зваротная сувязь з залай.
Дзяўчатам, як некалі і нам, часам не хапае сілы перамагчы хваляванне або, наадварот, яны адчуваюць разняволенасць, празмерную самаўпэўненасць і нежаданне прыслухоўвацца да парад педагогаў.
Гэты конкурс дае цудоўную магчымасць для маладых творчых людзей раскрыць свой патэнцыял і атрымаць непараўнальны вопыт.
Юрый Інаровіч – 3 месца ў “Зорным дажджы-2007”, мастацкі кіраўнік Кямелішкаўскага СДК, удзельнік народнага ансамблю народнай песні “Кемяліна”
– Песню “Таксі” нам са Святланай Хамяковай прапанавалі педагогі, і мы згадзіліся. Света прыязджала некалькі разоў на рэпетыцыі. У нас не ўсё атрымлівалася, мы не адразу змаглі прыйсці да кансэнсусу ў спрэчных пытаннях, таму што ўсе нюансы складана ўлічыць.
Дарэчы, на сцэне я практычна заўсёды адчуваю сябе як дома – утульна і камфортна. Напэўна, гэтыя адчуванні перадаліся і Свеце – на сцэне падчас выступлення яна ўнутрана ззяла і ўсмешка не сыходзіла з яе твару. Словам, Святлана перастала быць “несмяянай”.
Руслан Юргелянец – прыз глядацкіх сімпатый “Зорнага дажджу-2007”, інжынер Прадстаўніцтва “НІАЭП” у РБ і нязменны вядучы культурных мерапрыемстваў
– Разам з Юліянай Масейка мы выканалі песню “Ты меня на рассвете разбудишь” з рок-оперы “Юнона и Авось” – для членаў журы і для запісу на відэакамеру. У Юліяны было менш часу на падрыхтоўку, чым у астатніх канкурсантах, і ад пустой залы не прыходзілася чакаць падтрымкі… Але яна справілася з эмоцыямі – а вось я моцна хваляваўся.
Да гэтай кампазіцыі трэба дарасці. І хоць у нас было мала часу на падрыхтоўку, мы ўсё ж змаглі настроіцца на адну хвалю – і стаць дуэтам.
Кацярына Шылько – удзельніца “Зорнага дажджу-2007”, метадыст-выкладчык Інстытута культуры Беларусі
– Прыемна, што пра нас успомнілі і запрасілі падтрымаць дзяўчат. Мне было цікава паглядзець на сённяшніх канкурсантак і зноў выйсці на астравецкую сцэну.
Я не хвалявалася, таму што мая праца звязана з творчасцю і я была ўпэўнена ў сабе. Перажывала толькі за Вікторыю Рудую, разам з якой мы выканалі “Хутаранку”. Мне здаецца, што ў нас атрымалася перадаць каларыт і атмасферу гэтай, толькі на першы погляд лёгкай песні.
Віка – вялікая малайчынка! Я бачыла, як яна старалася і як гарэлі ў яе вочы.
Вікторыя Сыч – пераможца “Зорнага дажджу-2006”, індывідуальны прадпрымальнік
– Падчас майго ўдзелу ў гэтым конкурсе з намі займаліся моцныя педагогі. І такога прафесіянала, як Сяргей Дзям’янчык, я больш не сустракала ў жыцці. Мы шмат працавалі, таму складанасцяў не ўзнікала. Хоць некаторыя выступленні былі “шарахаватымі” і з памылкамі.
У адрозненні ад сёлетніх канкурсантак, якія трымаюцца адасоблена, мы сябравалі, таму “закуліснае жыццё” дарыла нам шмат пазітыву.
Падтрымаць канкурсантах я згадзілася без ваганняў. Мы з Юляй Івашка спачатку планавалі спецыяльна пад песню зняць ролік, але ў выніку часу не хапіла, і ўвогуле – песня змянілася… Аднак кампазіцыя “Душа”, мне здаецца, змагла раскрыць Юлю на сцэне. Вельмі хвалюючым стаў той момант, калі дзяўчына павіншавала тату з днём нараджэння са сцэны кінаканцэртнай залы.
У кожнага свая дарога, і мне цяжка сказаць, чаго не хапае дзяўчатам. Сваё выступленне варта параўноўваць толькі са сваім учарашнім выхадам на сцэну – і працаваць, працаваць, працаваць…
Наталля Алізар – 3 месца ў “Зорным дажджы-2006”
– Я рада, што мне выпала выступаць разам з Ангелінай Мельгуй – гэтая дзяўчына мне спадабалася яшчэ на рэпетыцыях першага тура. Прызнаюся шчыра: моцна перажывала і хвалявалася за Ангеліну падчас яе сольнага выступлення. Я стаяла за кулісамі – а на вочы наварочваліся слёзы. Голас пранікаў у самае сэрца. І сумеснае выкананне песні “Вішня”, мне здаецца, у нас атрымалася на “дзясятку”.
Я часта ўспамінаю свой удзел у конкурсе. Тады было столькі жадаючых паглядзець нашы выступленні! Усе білеты былі раскуплены яшчэ да конкурсу, а ў дзень выступлення ў зале людзі сядзелі на дадатковых месцах. Вельмі шкада, што зараз няшмат гледачоў збіраецца на “Зорны дождж”.
Мне здаецца, што канкурсанткам хапае ўсяго: вакальных і знешніх дадзеных, харызмы… Не дастае толькі ўвагі гледачоў, іх падтрымкі – аншлагу.
…Адчуванні, калі ты ў кроку ад фіналу стаіш на сцэне пад прыцэлам дзясяткаў вачэй, “абліты” яркім святлом, і чакаеш прысуду журы, вядомы толькі самім канкурсанткам. І чатыры з іх – Юліяна Масейка, Дар’я Крывіцкая, Юлія Івашка і Ангеліна Мельгуй – уздыхнулі з палёгкай, пачуўшы сваё прозвішча ў ліку фіналістак.
Але квартэту вакалістак ізноў трэба набіраць паветра на ўсе лёгкія для апошняга і самага складанага рыўка. Бо толькі яны змогуць разблытаць гэтую “дажджавую” інтрыгу. А мы? Рыхтуем далоні – і чакаем на фіналу.
-----------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.