В стихах и прозе рассказли юные островчане о своём родном крае

На працягу сямі месяцаў вучні гімназіі, СШ №1 і вясковых школ, навучальна-педагагічных комплексаў разам са сваімі настаўнікамі рыхтаваліся да гэтага конкурсу: пісалі вершы, сачыненні, эсэ, казкі…
Прадставіць свае творчыя работы на суд журы адважыліся 32 вучні. Хлопчыкі і дзяўчынкі змагаліся ў трох узроставых катэгорыях. А ў пачатку снежня былі падведзены вынікі.
У намінацыі “Вядомыя землякі” перамагла вучаніца 7 “А” класа СШ №1 г. Астравец Паліна Жук, якая “ўпляла” ў строфы і радкі імёны вядомых на Астравеччыне і за яе межамі Адама Мальдзіса, Мар’яна Богуша-Шышкі, Іосіфа Гашкевіча…
Альхоўская сярэдняя школа выпусціла да конкурсу паэтычны зборнік “З любоўю да Радзімы”, на старонках якога юныя паэты прызнаюцца ў любові роднаму краю, апавяюць яго прыгажосць і заклікаюць усіх людзей берагчы прыроду. Гэты альманах быў асабліва адзначаны журы.
Верш “Раніца ў лесе” вучаніцы 1 класа Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы Эміліі Мізула і сачыненне Ульяны Карповіч, якая займаецца ў 5 “В” класе СШ №1 г. Астравец, перамаглі ў намінацыі “Прырода роднага краю”.
У намінацыі “Старонкі ваеннай гісторыі” адной з пераможцаў стала Ірына Пятроўская, вучаніца 9 класа Дайлідскай БШ з вершам “Думаю я снова о войне”.
Найбольшую колькасць работ вучні даслалі на конкурс у намінацыі “Гэта мой горад”, таму пераможцаў тут было значна больш, чым у другіх намінацыях. Глеб Алітойць, Аляксандра Гродзь, Яна Урбановіч, Лізавета Клімчэне, якія вучацца ў СШ №1 г. Астравец, пакарылі журы сваімі вершамі пра родны горад. А вучні з Маляў Таіса Багдановіч і Марыя Дзярачыц падзіцячы непасрэдна і шчыра ў вершаванай форме напісалі пра любімую вёску. Васіліса Сяргей з Міхалішкаўскай СШ з дапамогай яркіх вобразаў зрабіла невялікі экскурс у гісторыю свайго роднага мястэчка. А эсэ аб абласным цэнтры, горадзе Гродна, Ксеніі Рабкоўскай з Рытанскага НПК здзівіў членаў журы сваёй глыбінёй і філасофскімі паралелямі паміж паняццямі “чалавек” і “час”.
Вядома, што на адной старонцы “Астравецкай праўды” не могуць змясціцца работы ўсіх фіналістаў раённага конкурсу “Я і мой горад”, пагэтаму мы друкуем лепшыя на наш погляд літаратурныя работы. І заклікаем юных паэтаў і празаікаў не абмяжоўвацца сачыненнямі ў школе, а дасылаць у раённую газету свае пробы пяра на беларускай і рускай мовах…
Мацвей Сідарэвіч, 3 клас Альхоўскай СШ
У роднай вёсачцы Альхоўка
Я ўжо восьмы год жыву.
Тут з сябрамі я гуляю,
Тут у школу я хаджу.
Прыгажосць прастораў родных
Бачу зноўку, кожны раз!
Спадзяюся – не забуду,
Калі пройдзе доўгі час
Шум сасонак, што ля хаты,
І Страчанкі хваляў пляск,
Сонца позірк у аконцы
І вачэй матулі бляск.
Надзея Нікалайкава, 2 клас Мальскага НПК
Родная вёсачка
Як тут прыгожа, утульна, дзівосна!
Вёскі такой не сустрэнеш нідзе.
Гэтая вёска названа проста,
І слава пра Малі далёка ідзе.
У цэнтры вёскі – прыгожая школа,
Побач са школай знаходзіцца клуб.
Дзетак прыходзіць сюды нямала,
Кожны занятак для іх тут люб.
Ёсць у гэтым клубе куточак утульны,
У ім пануе ціш і спакой.
Як толькі зайшоў туды – назаўсёды
Да кніг адкрываецца ваша любоў.
Пра нашу любімую вёсачку Малі
Вершаў ствару яшчэ я нямала.
Кирилл Малышко, 3 «Б» класс Сш №1 г. Островец
Милый край
Шепчет ячмень и овес:
– Край мой родной, любимый до слёз.
Милый мой край, тобой я горжусь.
Где бы я ни был, домой я вернусь.
Шепчут ромашки и васильки:
– Краше полей наших вам не найти.
– А как щедры и прекрасны леса! –
Громко кричит золотая листва.
Это наш край, любимый, родной,
Мы дорожим крепко тобой!
Паліна Ярмак, 2 клас Міхалішкаўскай СШ
“Кляновы ліст” (казка)
Вясной, калі прырода абуджаецца ад зімовага сну, а дрэвы апранаюцца зялёныя строі, на самай верхавіне клёна нарадзіўся Ён. Спачатку гэта была маленькая покаўка, потым – “спалоханая ружа”, якую пазней змяніла “пяцікрылая зорачка” – ЁН, кляновы Лісток.
Пяшчотнае сонейка кожны дзень цалавала яго. Ласкавы ветрык-задзіра гуляў з ім, а птушкі дарылі яму свае непаўторныя песні. Лісток з захапленнем глядзеў на свет і цешыўся жыццём, якое здавалася яму вечным.
Неўпрыкмет вясна змянілася летам. Адагрэтая зямля набралася сіл, і ўсё навокал перашэптвалася і гаманіла жыло. Наш герой таксама ўвабраўся ў сілу: змяніў дзіцячыя фарбы на густыя і сакавітыя.
З часам сонейка перастала быць пяшчотным, а ветрык ласкавым і сяброўскім. Ён ужо не запрашае да гульні, прымушае ляцець з ім птушкай… Наступіла восень. Усё навокал гарыць фарбамі згасаючага сонца – якімі колерамі жыцця і змагання. Наш Лісток змяніў колер – стаў залатым.
“Кляновік” з жахам глядзеў, як яго суродзічы ападаюць долу і знікаюць дзесьці ўнізе. А Лістку так яшчэ хацелася жыць! Ён з апошніх сіл трымаўся за галінку. Але аднойчы абдымкі аслабелі, і Кляновы Ліст заблішчэў у паветры зоркай іншага Сусвету і апусціўся на зямлю.
Прырода рыхтавалася да адпачынку. Лісток разам з сябрамі ўтвараў цёплую коўдру.
Так бы жыццё нашага героя і скончылася, каб не Паліна. Яна ішла па сцяжынцы, усыпанай жоўтымі лістамі. Дзяўчынка ніяк не магла прыдумаць, як перадаць на паперы прыгажосць роднай краіны.
Яе ўвагу прыцягнуў кляновы лісток.
– Дык вось яна, мая Беларусь! – дзяўчынку здзівіла падабенства абрысаў лісточка да выявы краіны на карце.
Так наш Лісток атрымаў другое жыццё і радаваў сваёй прыгажосцю не толькі Паліну, але і іншых людзей.
Надзея Петушкова, 6 “Б” клас СШ №1 г. Астравец
Звычайны гераізм
Пачуўся скрып дзвярэй. “Ну, вось і ўсё”, – падумала дзяўчынка, моцна сціскаючы ў руцэ чэрствую скарынку хлеба.
***
Вайна ішла ўжо чацвёрты год. Мікалай і Таццяна моўчкі вячэралі. Кожны думаў пра сваё, як ім здавалася. Іх думкі сыходзіліся ў адным: не дачакаюцца яны вестачкі з фронту ад сыночка. Немцы, здаецца, нібы адчуваюць, што нядоўга ім засталося гаспадарыць на савецкай зямлі, і яшчэ больш зверствуюць.
Вось і цяпер муж і жонка чакаюць вячэрняга абходу мясцовага паліцая, былога кулака Фёдара Карлавіча. У торбе ля печы ляжыць апошні кавалачак сала, некалькі бульбін, гуркі і яшчэ цёплы, духмяны хлеб, які яны самі даўно не трымалі ў роце. Але і такая шыкоўная вячэра зноў не задаволіць мясцовую “ўладу”, і халоднае ружжо будзе абпальваць твар. Можа, дасць Бог, у апошні раз.
Змрок пачаў ахутваць зямлю. За
акном мільгануў цень.
– Нешта наш “немец” сёння адзін, – здзівіўся Мікалай.
– А якая розніца, усё роўна з’есць за двух, – стомлена адгукнулася жонка.
Дзверы адчыніліся, але, на здзіўленне гаспадароў, замест высокага тоўстага паліцая паказалася чорненькая галоўка, а потым высунулася сіняя парваная сукенка. Дзяўчынка не магла аддыхацца на парозе, яна нешта імкнулася растлумачыць гаспадарам хаты рукамі.
У сенцах пачуўся знаёмы грукат паліцайскіх ботаў. Мікалай хуценька ўскінуў малую на печ і накрыў коўдрай, а зверху яшчэ накідаў старое адзенне.
– У вас усё ў парадку? Што за мітусня тут такая? – спытаў Фёдар Карлавіч.
Усхвалявана пачала Таццяна:
– То Мікалаю майму зусім дрэнна стала. Страўнік баліць. Мусіць, зноў язва…
– Глядзіце мне, смаўжы паганыя! Калі што, то немцы вам у адзін момант арганізуюць сустрэчу з Усявышнім. Торбу давай!
Мікалай працягнуў “гасцінец”. Як яму хацелася плюнуць у твар, ударыць, збіць на горкі яблык гэтага Федзьку-кулака! Мужчына ледзьве стрымаўся.
– І гэта ўсё? – зморшчыўся пан Карлавіч. – Заўтра тут павінна быць усяго ў пяць разоў больш. А інакш…
Таццяна адчула непрыемны халадок дула пісталета. Дзверы ляснулі з такой моцай, што ледзьве шыбы не павыляталі. “Сённяшні дзень перажылі…”
Таццяна і Мікалай кінуліся да печы. Дзяўчынка крыху акрыяла і папрасіла вады. А пасля расказала, што яна – яўрэйка і з бацькамі ў Беларусь пераехала яшчэ да вайны. Калі прыйшлі немцы, то суседзі, каб выратаваць сваё жыццё, расказалі ім усю праўду пра Даніну сям’ю. На наступны дзень дзяўчынка ехала ў цягніку разам з палоннымі савецкімі салдатамі і малілася за сваіх бацькоў.
На станцыі фашысты сустрэлі іх аўтаматнай чаргой. Малой удалося цудам застацца ў жывых. Яна ўжо з ліку збілася, колькі дзён правяла ў дарозе. І раптам трапілася гэтая маленькая вёсачка. Дзяўчынку адразу прывабіла хата Мікалая і Таццяны. І ад узрушэння, бо яна даўно ўжо не бачыла людзей, спачатку не магла вымавіць ні слова.
Мікалай і Таццяна схавалі Дану ў хляве. Жывёлу даўно забралі немцы, пагэтаму туды ніхто з чужых не хадзіў. Дзяўчынку глядзелі, як сваю: кармілі, а ноччу прыводзілі спаць дахаты.
Але хтосьці расказаў паліцаю, што Таццяна і Мікалай хаваюць дома партызана.
Спакой быў нядоўгім. Вечарам праз некалькі дзён Фёдар Карлавіч уварваўся ў хату з двума немцамі. Яны абшукалі хату, двор, прыбудовы.
Хлеў. Пачуўся скрып дзвярэй… “Ну, вось і ўсё”, – падумала дзяўчынка, сціскаючы ў руцэ кавалак чэрствага хлеба. Але карнікі не заўважылі маленькі камячок за карытам. Пуста. Пачалі “выбіваць” праўду з гаспадароў. Мікалая звязалі, а Таццяна па-ранейшаму стаяла ля печы. Рэзкі ўдар – і ў грудзях жанчыны быццам нешта абарвалася. Яна ўпала, а з носу хлынула кроў.
– Дзе партызаны? Гавары, паскуда савецкая! Дзе? Дзе вы іх хаваеце? Колькі іх?
Пытанні сыпаліся адно за другім, а Таццяна маўчала. Немцы збілі яе да непрытомнасці. Пунсовы ручаёк сачыўся па падлозе. Усё, як у сне. “Сын, рамонкавае поле, яўрэйская дзяўчынка”. Апошні стогн. Стрэл. Мікалай моцна закрычаў. Ён хацеў вырвацца, але вяроўкі змеямі ўпіліся ў цела.
***
Мікалай выжыў. Застаўся без ног. Яго выратавалі партызаны, якія ў 1944 годзе праходзілі праз вёску. Дана пасля вайны доўга блукала па свеце, пакуль не апынулася ў Ізраілі. Кожную ноч ёй снілася, што яна дрыжыць, схаваўшыся за карытам. А пасля на вачах жыхароў вёскі гэтыя нелюдзі чыняць над ёй расправу; і яе дзіравае ад куль цела ляжыць на мокрай і бруднай зямлі.
Дана вырасла і стала хірургам. Доўга яна шукала сям’ю Таццяны Пятроўны і Мікалая Кузьміча Сяргеяў. Знайшла толькі іх унукаў, якім была ўручана грамата за выратаванне жыцця.
***
Мікалай і Таццяна Сяргей – мае прадзядуля і прабабуля. Калі гавораць пра вайну і Дзень Перамогі, то часцей за ўсё ўспамінаюць ветэранаў і герояў. Аднак адвага звычайных людзей падчас вайны, дзясяткі і сотні выратаваных жыццяў – гэта таксама подзвіг і сапраўдны гераізм. І гэта гісторыя вартая таго, каб маё пакаленне, нашы дзеці і ўнукі, памяталі пра жахі вайны.