Найдаражэйшы падарунак

16:01 / 03.04.2012

Падарункі бываюць розныя.
Бываюць – адчэпныя, каб аддаць доўг ветлівасці.
Вельмі часта яны – як вяртанне даўгоў: ага, мяне ж гэты чалавек павіншаваў некалі і падарунак падарыў – трэба і мне не забыцца пра яго дзень нараджэння ці якое іншае свята і прыкладна на такую ж суму нешта купіць… Не ведаю, як хто, але я адчуваю сябе ніякавата, калі мяне стараюцца “аддарыць” – робіцца няёмка, нібы я ў свой час, віншуючы чалавека, на самой справе “рабіла інвестыцыі” ў сваё будучае свята. Разумею, што час ад часу і сама стаўлю людзей у такое ж няёмкае становішча: мы ўсе ў пэўным сэнсе – заложнікі невядома кім, калі і для чаго прыдуманых правілаў гульні.
Бываюць яны абавязковыя: вось гэтаму чалавеку па статусу належыць зрабіць падарунак, і пэўнага кошту, не менш вызначанага няпісанымі правіламі мінімуму прыстойнасці…
А бываюць абсалютна нечаканыя, не абавязкова прымеркаваныя да нейкай пэўнай даты ці падзеі, але добра прадуманыя, у якія ўкладзена душа, творчасць, жаданне даставіць радасць, сказаць ці зрабіць нешта асаблівае. Падарункі, якія нясуць асаблівы сэнс і кошт якіх вымяраецца зусім не цэннікам на ўпакоўцы, а нечым невымерна большым.
Такі нядаўна атрымала рэдакцыя “Астравецкай праўды”.
…Патэлефанавала наш даўні і актыўны пазаштатны аўтар Рэгіна Дрэма:
– Памятаеце, напачатку года я пісала пра жанчыну з вёскі Лазоўка, якая вышывае абразы?
Яшчэ б мы не памяталі! Думаю, тую публікацыю ў “Астравецкай праўдзе” пад назвай “Малітва Веры” памятаюць не толькі супрацоўнікі рэдакцыі, але і многія нашы чытачы. У ёй расказвалася пра Веру Аляксандраўну Гноза. Жанчына стала вышываць абразы, калі моцна захварэла і амаль страціла магчымасць рухацца, па Божаму блаславенню – інакш не назавеш той сон, што прысніўся Веры Аляксандраўне, калі сумнявалася, ці зможа яна, якая ніколі не трымала ў руках пяльцы, вышыць абраз Маці Божай, ці мае права за гэта ўвогуле брацца? І з таго часу вышыванне абразоў – гэта тая рукатворная малітва, якая трымае Веру Аляксандраўну на свеце, дапамагае змагацца з цяжкай пакутлівай хваробай, надае жыццю сэнс. І людзі, якім яна дорыць свае вышытыя іконы – прадаваць Божы дар, які адкрыўся ёй у цяжкі, пераломны момант жыцця, вышывальшчыца лічыць кашчунствам – бязмежна ўдзячны Веры Аляксандраўне за яе малітву, якая зараз бязгучна, але вельмі моцна гучыць у дзясятках дамоў не толькі Беларусі, але многіх краін свету.
– Дык вось, – працягвала Рэгіна Іосіфаўна, – Вера Аляксандраўна вышыла абраз для рэдакцыі “Астравецкай праўды” і хоча яго перадаць вам. Ці змаглі б вы прыехаць у Лазоўку – сама яна, як вы разумееце, прывезці яго не зможа.
Ад такога паведамлення заняло не толькі мову, але і дыханне… Жанчына, якая штодня трывае нясцерпны боль, якой цяжка прайсці па хаце, якая да таго ж дрэнна бачыць, днямі сядзела і вышывала ікону для рэдакцыі, з калектыву якой нікога асабіста не ведае – толькі таму, што газета стала членам яе сям’і, яе дарадцам і суразмоўцам, яе сяброўкай. Пагадзіцеся, такі падарунак – ад душы, ад сэрца – дарагога варты.
…Сёння ўсе сцены рэдакцыі завешаны граматамі і дыпломамі за перамогі ў самых розных творчых конкурсах – абласных і рэспубліканскіх, частка іх ужо не змяшчаецца на нашай “сцяне славы” і захоўваецца ў шафах. За кожнай – наша праца, творчасць, намаганні, радасць ад перамогі і ўдзячнасць за тое, што нас ацанілі, што мы былі прызнаны лепшымі сярод многіх дастойных. Да некаторых з іх прыкладваліся і больш ці менш салідныя матэрыяльныя дадаткі – “канверты” ці каштоўныя падарункі.
І ўсё ж абраз Збавіцеля, па-майстэрску вышыты Верай Аляксандраўнай спецыяльна для рэдакцыі, бадай што – найдаражэйшы з усіх нашых падарункаў. У кожным з соцень маленькіх рознакаляровых крыжыкаў, пакладзеных на канву рукамі гэтай пацалаванай Богам пакутніцы, нібыта схавана сіла ўсеагульнага хрысціянскага крыжа, сімвала веры і збавення. І ў вачах Хрыста, якія – не ведаю, як гэта ўдалося перадаць вышывальшчыцы – глядзяць, як жывыя, праменіцца пакута, любоў і дараванне для кожнага Божага сына і дачкі. Хочацца спадзявацца, што і да нас, грэшных…
Дзякуй вам і нізкі паклон, шаноўная Вера Аляксандраўна! Ад усіх нас, усяго калектыву рэдакцыі – і ад кожнага з нас паасобку! І няхай Гасподзь Бог, Маці Божая і ўсе Святыя, абразы якіх, вышытыя вашымі нястомнымі рукамі, разыходзяцца па свеце і нясуць людзям благадаць і надзею, і вам дадуць тое, чаго вам найбольш не хапае ў сённяшнім жыцці – здароўя.


Ніна РЫБІК.
Фота Рэгіны ДРЭМА.