Навагоднія сюрпрызы: прыемныя і не вельмі

08:59 / 06.01.2012
1
Калонка галоўнага рэдактара газеты "Астравецкая праўда"  Ніны Рыбік

З новым годам, дарагія нашы чытачы!
Мы рады вітаць у новым годзе нашых даўніх падпісчыкаў, для якіх “Астравецкая праўда” ўжо даўно стала неад’емнай часткай жыцця, і тых, хто нядаўна стаў выпісваць раённую газету, кожны раз прыкідваючы, ці варта прадоўжыць падпіску на наступны квартал, і тых, у каго сённяшні нумар “Астравецкай праўды” ўпершыню аказаўся ў паштовай скрынцы. Мы рады, што такіх, апошніх, не так і мала — каля двухсот сямей, а значыць, па самых сціплых падліках, каля паўтысячы жыхароў Астравеччыны, пачынаючы з гэтага нумара, стануць вызначаць, ці сапраўды “Астравецкая праўда” – тая газета, якую варта выпісваць і чытаць? Спадзяемся, што адказ на гэтае пытанне праз нейкі час яны сабе дадуць станоўчы, і стануць такімі ж вернымі і адданымі сябрамі газеты, як і тысячы іншых нашых чытачоў, што прызнаюцца ў сваіх пісьмах і тэлефанаваннях, што не ўяўляюць сваё жыццё без “раёнкі”.
Хоць, магчыма, момант для пачатку нашага сяброўства і не самы ўдалы… Ведаем: нашы чытачы чакалі з першым нумарам газеты прыгожы каляровы каляндар, які мы дарылі ім вось ужо некалькі гадоў запар. Менавіта дарылі – цана за яго ў падпісны кошт выдання не ўваходзіла, хоць каляровы друк на высакаякаснай паперы каштуе нямала. А сёння яны атрымалі толькі звычайны, чорна-белы. Шкада…
Паверце: не толькі вам, шаноўныя чытачы, але і нам, газетчыкам. І да апошняга мы шукалі шляхі, аб не здрадзіць традыцыі і выпусціць каляровы каляндар. Не атрымалася… Прычына празаічная, як жыццё: не хапіла грошай.
Некалі, у ліхія 90-я, маленькая дзяўчынка пытала ў бацькоў: “А калі дэфіцыт, то Дзед Мароз усё роўна прынясе тое, што ты папросіш, ці толькі тое, што дастане?” У сённяшніх умовах гэта можна перафразаваць: калі крызіс, то Дзед Мароз усё роўна падорыць тое, што захочаш, ці толькі на тое, на што хопіць грошай? Думаю, што многія з вас, выбіраючы навагоднія падарункі, зыходзячы з рэалій дня і змесціва кашалька, “наступалі на горла” сваім жаданням і дарылі родным і блізкім не тое, што хацелі самі і пра што марылі яны, а тое, што дазваляў сямейны бюджэт і цэннікі ў крамах. Бо пасля Новага года жыццё ж не спыняецца… І адзін падарунак, нават самы прыгожы, чаканы, дарагі, не вырашыць праблемы на цэлы год.
Так атрымалася і ў нас. Па праўдзе кажучы, вельмі не хочацца скардзіцца, асабліва на недахоп сродкаў – асабіста я пры гэтым адчуваю сябе прыніжанай і зняважанай. Куды больш прыемна рабіць сюрпрызы і дарагія падарункі. Але ж ёсць тое, што ёсць. І вымушана сказаць чытачам, што мінулы год, упершыню за дзясяткі апошніх, рэдакцыя заканчвала ў вельмі складаным фінансавым становішчы, са шматлікімі даўгамі. Чаму – думаю, расказваць не варта, усе мы плылі летась у адной лодцы. Магу толькі сказаць, што цана на газетную паперу за мінулы год павялічылася больш чым у тры разы, амаль што ў два разы – паслугі друкарні. І практычна палову падпісной цаны мы аддаём пошце за тое, што “Астравецкая праўда” два разы на тыдзень дастаўляецца з друкарні і даносіцца да кожнага падпісчыка.
І навагодняга цуду не адбылося, грошы на наш рахунак ніадкуль не ўпалі: сёння мы вымушаны эканоміць, на чым толькі можна. У тым ліку – і на традыцыйным навагоднім падарунку для нашых чытачоў – каляровым календары. Прабачце… І дай Бог, каб сёлета нам не давялося прымаць іншых радыкальных і балючых для нас і падпісчыкаў мер для скарачэння расходаў…
І ўсё ж не хочацца заканчваць першую ў гэтым годзе размову з чытачамі на такой сумнай ноце. Усё ж новы год – гэта час добрых надзей і прыемных чаканняў. Будзем спадзявацца, што ўчарашнія цяжкасці нам усім разам удасца пераадолець, што нашы і вашы фінансы перастануць “спяваць рамансы”, мы вернемся да звыклай стабільнасці і эканамічнага росту і яшчэ не раз парадуем нашым чытачоў новымі прыемнымі сюрпрызамі.