Грошы для дапамогі дзецям-інвалідам працягваюць паступаць

12:01 / 05.12.2011

Ніна Рыбік, галоўны рэдактар газеты "Астравецкая праўда"

“Які жорсткі свет! Якія злыя людзі!” Кожнаму з нас неаднойчы даводзілася чуць такое ці падобнае шчырае абурэнне — ад родзічаў, сяброўкі, суседкі, выпадковай знаёмай. І далей ішла раздзіраючая душу гісторыя аб тым, як… Ды што там – у кожнага з нас набярэцца, напэўна, не адзін дзясятак падобных прыкладаў, калі нас незаслужана пакрыўдзілі, падманулі, пазайздросцілі, абгаварылі, “падставілі”. І як пасля гэтага верыць таму, хто сцвярджае, што свет – цудоўны, а людзі – добрыя?! Ды ўжо ж, ведаем мы тых “добрых”!
Мне таксама неаднойчы даводзілася быць ахвярай людской няўдзячнасці, несправядлівасці, паклёпу, падману… І тым не менш я ўпэўнена ў тым, у чым пераконвалася неаднойчы: добрых людзей у свеце нашмат больш, чым злых. Не, нават не так: у кожным чалавеку жыве як добрае, так і злое. І ад многіх акалічнасцей – абставін, канкрэтнай сітуацыі – залежыць, дабро ці зло возьме верх у гэты момант у яго душы. І што ён зробіць – працягне руку дапамогі таму, хто мае ў ёй патрэбу – ці злым словам загоніць цвік у чыюсьці распятую душу.
У апошнія дні мне даводзіцца пераконвацца ў бязмежнасці людской дабрыні і міласэрнасці штодзённа. Пасля таго, як па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і таварыства “Чырвонага Крыжа” была аб’яўлена акцыя па збору сродкаў для цяжка хворых дзяцей-інвалідаў, тэлефон у рэдакцыі не змаўкае. І дзверы не зачыняюцца. Людзі тэлефануюць і прыходзяць, цікавяцца, каму лепш аказаць дапамогу, як гэта зрабіць, каму перадаць сабраныя грошы ці набытыя сродкі гігіены, прапануюць іншую магчымую дапамогу…
…Літаральна на другі дзень, як былі разасланы пісьмы з просьбай аб дапамозе хворым дзецям, патэлефанавалі з фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, каб паведаміць, што пералічылі 500 тысяч рублёў на рахунак сям’і Качкан з Падольцаў, дзе выхоўваецца дзесяцігадовая Кацюша…
…Такую ж суму прапанаваў галава фермерскай гаспадаркі Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі – ён даверыў вызначыць, каму яна больш патрэбна, арганізатарам акцыі. Толькі папрасіў, каб грошы былі аддадзены ў тую сям’ю, дзе бацькі і самі клапоцяцца пра сваё дзіця. Канешне, малое не вінавата, што яму выпала доля нарадзіцца ў бесталковых бацькоў – але жыццёвыя прынцыпы Часлава Станіслававіча не дазваляюць яму дапамагаць лайдакам. Што ж, ён, адвечны шчыры працаўнік, мае права на падобныя перакананні.
…У рэдакцыю завітаў пенсіянер Зянон Іванавіч Мекін – ён вырашыў са сваёй невялікай пенсіі аддаць на дапамогу аднаму з хворых дзяцей 50 тысяч рублёў. “Прабачце, і хацеў бы даць больш, ды не магу”. Астравец памятае асабістае гора Зянона Іванавіча, на руках якога доўгія гады згасала, бы свечка, любімая дачка, і лепш, чым хто іншы, ведае, які гэта боль і пакута… Яго грошы, як і дабрачынны ўзнос Ч.С. Лабачэўскага, мы перадалі Паўлу Мацкевічу, маладому сімпатычнаму хлопцу з цікаўнымі вачыма, які прыкаваны цяжкай хваробай да ложка.
…А раённы камітэт БРСМ мэтанакіравана збіраў грошы менавіта для Паўла Мацкевіча – гэты юнак, калі б быў здаровым, мог бы сёння быць членам іх арганізацыі, удзельнічаць у турыстычных злётах, гуляць у футбол і камп’ютарныя гульні, “адрывацца” на дыскатэках. Але лёс распарадзіўся інакш, і сёння Паша на прагулку можа выйсці толькі ў бацькі на руках… Матэрыяльная дапамога, якую сабралі члены БРСМ з СШ №1, Варнянскай, Гудагайскай, Кямелішкаўскай, Рымдзюнскай з беларускай мовай навучання, Гервяцкай сярэдніх, Варонскай, Трокеніцкай базавых школ, з апарату райкама БРСМ – тая невялікая падтрымка, якую яны захацелі аказаць свайму равесніку і яго бацькам. А грошы, якія сабралі вучні гімназіі №1, былі перададзены бацькам Кірыла Фалевіча.
…Патэлефанавалі з праўлення СВК “Варняны”:
—Матэрыяльную дапамогу мы збіраем, кожны член калектыву ўносіць свой пасільны ўзнос, але, можа, нейкай з гэтых сямей патрэбна яшчэ і гародніна на зіму? Кааператыў у выпадку неабходнасці акажа дапамогу.
Гародніна вельмі дарэчы прыйшлася сям’і чатырохгадовага Кірыла Фалевіча…
—Акрамя ўзносаў людзей, мы плануем пералічыць для дапамогі гэтым дзецям два мільёны рублёў з прыбытку арганізацыі – падкажыце, на які рахунак? — з такім пытаннем патэлефанавалі з раённага спажывецкага таварыства.
Раённы аддзел культуры купіў на сабраныя грошы — 1 мільён 140 тысяч рублёў —памперсы і сродкі гігіены для сям’і Буйніцкіх, дзе чатырохгадоваму Мікіту патрэбна чарговая аперацыя па пластыцы мачавога пухіра, і для чатырнаццацігадовай Ані Дамуць. Максіму Буйніцкаму перадалі памперсы таксама калектыў рэдакцыі – тут сабралі для яго 332 тысячы рублёў, і Гудагайская школа – іх купілі на 150 тысяч. 559 тысяч для іх набыцця перадаў калектыў райспажыўтаварыства.
На момант, калі рыхтаваўся гэты артыкул, прадпрыемствы, установы, арганізацыі сабралі для дапамогі хворым дзецям амаль 24 мільёны рублёў. Сотні людзей удзельнічалі ў зборы сродкаў. Людзі выдзялялі са свайго сямейнага бюджэту, які сёння ва ўсіх не вельмі багаты, хто колькі мог: хто – па тысячы рублёў, як вучні школ, хто – па сто тысяч, як Ганна Пашук, Адам Кавалька, Валерый Барташэвіч, Віктар Свіла. Але, у незалежнасці ад сумы, усе аказвалі дапамогу дзецям ад чыстага сэрца, па патрабаванню душы, ад жадання хоць нечым аблегчыць іх жыццё.
Сям’і Кірыла Фалевіча, цяжка хворага хлопчыка, які за свае чатыры гадкі ні разу не ўсміхнуўся маме, перадалі 445 тысяч рублёў калектыў гімназіі, 460 тысяч – раённы вузел электрасувязі, 568 тысяч – цэнтральная раённая бальніца, 430 тысяч – аўтапарк, 500 тысяч – СВК “Варняны”.
Кацюша Качкан – мілая, прыгожая дзяўчынка, падобная на фарфоравую ляльку, усе свае эмоцыі можа выказаць альбо ўсмешкай, альбо плачам. Хочацца спадзявацца, што цяпер дзяўчынка будзе плакаць хоць крышачку менш: бацькі змогуць купіць ёй тое, што яна любіць, што ёй дастаўляе задавальненне. Для Каці Качкан перадалі сродкі, акрамя згаданай вышэй фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, калегі яе мамы, настаўнікі Падольскай школы, педагогі з Міхалішак – 220 тысяч рублёў, са Спондаўскай СШ перададзена 114 тысяч рублёў, з іншых устаноў адукацыі – 900 тысяч, з райвыканкама – 836 рублёў.
Саша Шулюк, нягледзячы на свой чатырохгадовы ўзрост, вельмі рослы хлопчык. І яго маме, тоненькай і далікатнай Алене Эдвардаўне, калі тата адпраўляецца на работу, даводзіцца нялёгка: даглядаць хворага сына і выхоўваць малодшую дачку. Хоць, зрэшты, слова “лёгка” ўвогуле не дапасуецца да слоў “дзіця-інвалід” – у такіх сем’ях лёгка не бывае… Для Сашы Шулюка сабралі грошы калектывы камбіната бытавога абслугоўвання – 420500 рублёў, упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва – 450 тысяч, раённага вузла паштовай сувязі – 295 тысяч, СШ №1 – 450 тысяч, райспажыўтаварыства – 1 мільён 15 тысяч рублёў.
Двухгадовая Паліна Віткевіч – сонечная, усмешлівая, вельмі пяшчотная дзяўчынка з разумнымі вочкамі. Для яе перадалі грошы настаўнікі Кямелішкаўскай школы, дзе працавала мама дзяўчынкі Ганна Аляксандраўна – 375 тысяч рублёў. МПМК-158 паабяцала дапамагчы сям’і, выдзеліўшы матэрыяльную дапамогу бацьку Аляксандру Мар’янавічу, які працуе ў гэтай арганізацыі, на суму 525 тысяч рублёў. 590 тысяч рублёў для паляпшэння ўмоў жыцця Палінкі перадаў калектыў сельгастэхнікі, 900 тысяч – установы адукацыі раёна і 500 тысяч – СВК “Варняны”.
Паўлу Мацкевічу, акрамя ўжо згаданай дапамогі ад членаў БРСМ, фермера Ч.С. Лабачэўскага і Зянона Іванавіча Мекіна, дапамогу аказаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – 290 тысяч рублёў.
Сям’я Віталія Капусты жыве ў Падольцах. Хвораму хлопчыку самую істотную матэрыяльную падтрымку аказаў калектыў СВК “Варняны” – 2 мільёны рублёў. Да яе далучыліся ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання – 210 тысяч рублёў, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі – 287 тысяч, калектыў завода “Радыёдэталь” – 314 тысяч.
Сям’і Ані Дамуць, акрамя работнікаў культуры, дапамогу аказалі яшчэ і медыкі, якія сабралі 1 мільён 570 тысяч рублёў.
Акрамя таго, работнікі ўстаноў адукацыі раёна вырашылі аказаць дапамогу маладому інваліду Эдгарысу Петрыку з вёскі Рымдзюны – яму перададзена 484500 рублёў. Натуральная дапамога сродкамі гігіены на суму 1 мільён рублёў была аказана Вераніцы Камковай.
Як паказвае практыка, заразлівы не толькі дрэнны прыклад, але і добры: грошы для дапамогі дзецям-інвалідам працягваюць паступаць. Збор сродкаў працягваецца. І кожны, хто не ачарсцвеў душой, можа далучыцца да гэтай высакароднай акцыі. Любым магчымым і зручным для сябе спосабам: пералічыць сродкі на рахунак “Чырвонага Крыжа”, перадаць іх непасрэдна хворым дзецям ці ў раённае аддзяленне Беларускага жанчын, старшыня і сакратар якога працуюць у рэдакцыі “Астравецкай праўды”.
І пераканацца самім і пераканаць сваім прыкладам іншых, што не ўсё так дрэнна і безнадзейна ў нашым свеце. Што дабрыні, спагады, міласэрнасці ў ім нашмат больш, чым чэрствасці, бяздушнасці, зайздрасці.
І што ніколі не збяднее рука таго, хто раздае дапамогу… Бо, як сказана ў Пісанні: “Блажэнны міласцівыя – бо яны памілаваныя будуць…”


Ніна РЫБІК.